ЗАСЕ́ЧНЫЯ МЕ́ЖЫ (засечныя лініі, засекі),

сістэма абарончых умацаванняў на паўд. і паўд.-ўсх. ускраінах Рус. дзяржавы ў 16—17 ст. дзеля аховы ад качэўнікаў. Складаліся з засек, валоў, равоў, частаколаў; выкарыстоўваліся і прыродныя перашкоды (рэкі, яры). Мелі апорныя пункты (астрогі і гарады-крэпасці). Найбольшай была Вялікая З.м. (ад Разані да Тулы). З перамяшчэннем меж Расіі на Пд паступова страцілі сваё значэнне. У 18 ст. вопыт буд-ва З.м. выкарыстоўвалі пры ўзвядзенні пагран. умацаваных ліній.

т. 6, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУШКА́РСКІ ПРЫКА́З,

цэнтральная ваен. ўстанова ў Расіі ў 16—17 ст. Вядомы з 1577. Прыказу былі падначалены служылыя артылерысты («пушкары», адсюль назва прыказа), казённыя кавалі рас. гарадоў (акрамя гарадоў на паўд. засечных межах, паморскіх і сібірскіх). Загадваў вырабам, размеркаваннем і ўлікам артыл. гармат і боепрыпасаў (яму былі падначалены Гарматны двор, Гранатны двор і казённыя парахавыя млыны), кантраляваў стан крапасных умацаванняў большасці гарадоў і назіраў за станам засек. Прыказ узначальвалі баярын (радзей акольнічы) і 2 дзякі; падзяляўся на гарадавы, засечны і грашовы сталы. У 1678—82 часова ўваходзіў у склад Рэйтарскага прыказа. У 1701 на базе П.п. створаны Артыл. прыказ.

т. 13, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)