Западзіны 4/492—493; 10/134

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПА́ДЗІНЫ,

гл. Стэпавыя сподкі.

т. 6, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сподкі (у геагр.), гл. Западзіны

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНО́РЫ (сербскахарвацкае),

натуральныя адтуліны (шчыліна, калодзеж, канал) на паверхні закарставанага масіву (на дне карставай варонкі, западзіны і інш.). Паглынаюць і адводзяць на глыбіню дажджавую, талую снегавую і рачную ваду.

т. 12, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАРЭЛЬЕ́Ф (ад мікра... + рэльеф),

дробныя формы рэльефу, памеры якіх не перавышаюць некалькіх метраў. Утвораны пераважна экзагеннымі працэсамі, часта служаць дэталямі больш буйных форм рэльефу (напр., западзіны, прырэчышчавыя валы, невял. варонкі, стэпавыя сподкі); зрэдку ўзнікаюць у выніку антрапагеннай дзейнасці.

т. 10, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫПЫ І ФОРМЫ РЭЛЬЕФУ.

Рэльеф Беларусі складаны і разнастайны. Паводле марфалагічных, генетычных і ўзроставых асаблівасцей форм рэльефу тэр. Беларусі можна лічыць эталоннай для абласцей развіцця старажытнамацерыковых зледзяненняў. У залежнасці ад асноўнай крыніцы энергіі геамарфалагічных працэсаў вылучаюць 3 класы рэльефу: экзагенны, тэхнагенны і эндагенны. Паводле вядучага генетычнага агента вылучаюць групы, якія ў сваю чаргу падзяляюць на тыпы і падтыпы. Падтыпы складаюцца з форм рэльефу, якім уласцівы адзіны спосаб узнікнення.

З тыпаў і форм рэльефу экзагеннага класа найб. па плошчы пашырэнне атрымалі: ледавікова-седыментацыйны (марэнныя грады, увалы, узгоркі, марэнныя раўніны); ледавікова-экзарацыйны (лагчыны ледавіковага выворвання); ледавікова-экзарацыйна-седыментацыйны (друмліны); ледавіковага націску і выціскання (канцова-марэнныя грады); водна-ледавіковай акумуляцыі (озы, камы, краявыя флювіягляцыяльныя ўзвышшы, грады, увалы, флювіягляцыяльныя тэрасы, лагчыны сцёку талых ледавіковых вод, зандры); азёрна-ледавіковы (камы, звонцы, раўніны і нізіны, тэрасы); пастаянных вадацёкаў (акумулятыўныя і эразійна-акумулятыўныя тэрасы, тэрасы ўрэзвання, рэчышчавыя формы); азёрна-алювіяльны (раўніны, нізіны), азёрны (акумулятыўныя і абразійныя тэрасы, катлавіны), часовых вадацёкаў (яры, лагчыны, прамывіны, лагчыны сцёку); перавеяных эолавых утварэнняў (катлавіны і западзіны, дзюны, эолавыя грады і ўзгоркі, палі перавяваемых пяскоў); фітагенны (паверхні вярховых, пераходных, нізінных балот), тэрмакарставы (катлавіны, западзіны), карставы (варонкі, катлавіны); суфазійны (западзіны).

Формы рэльефу тэхнагеннага класа (тэхнаморфы) узніклі ў выніку гаспадарчай дзейнасці чалавека і атрымалі найбольшае пашырэнне ў апошнія стагоддзі. На Беларусі яны сканцэнтраваны пераважна на плошчах урбанізаваных тэрыторый, здабычы і перапрацоўкі мінеральнай сыравіны, меліярацыі і інш. Адрозніваюць уласна тэхнагенную групу тэхнаморфаў (адвалы, насыпы, дамбы, кар’еры, ямы, каналы, канавы, катлавіны) і тэхнагенна апасродкаваныя формы (асыпкі, апоўзні, прасадкі, прамывіны і інш.).

Эндагенны клас уключае 2 тыпы: актывізаваных прыразломных зон (тэктанічныя тэрасы) і неатэктанічных лакальных структур (брахіантыкліналі, купалы — малаамплітудныя падняцці; брахісінкліналі, мульды — малаамплітудныя паніжэнні). Формы гэтага класа на Беларусі распаўсюджаны параўнальна абмежавана.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭ́ПАВЫЯ СПО́ДКІ, западзіны,

акруглыя, амаль плоскія паніжэнні рэльефу ў стэпавай і лесастэпавай зонах. Дыяметр дзесяткі, радзей сотні метраў, глыб. да некалькіх метраў. Трапляюцца на раўнінных водападзелах і верхніх рачных тэрасах, па адным і групамі. Паводле паходжання вылучаюць С.с. дэфляцыйныя і карстава-суфазійныя. Расліннасць лугавая ці балотная, па краях травяністыя бярозавыя згуртаванні, на дне часам утвараюцца вадаёмы ці балоты.

т. 15, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРМАКА́РСТ (ад тэрма... + карст),

утварэнне прасадачных форм рэльефу і падземных пустот у пластах горных парод у выніку раставання падземнага лёду або адтайвання грунту пры павышэнні сярэднегадавой т-ры паветра. Пры Т. ўтвараюцца катлавіны з тэрмакарставымі азёрамі, аласы, западзіны, сподкі, правалы і падземныя поласці (гроты, нішы, ямы). Пашыраны ў зоне вечнай мерзлаты, зрэдку трапляецца ў раёнах з сезонным прамярзаннем глеб і грунтоў; характэрны пераважна для пераўвільготненых рэгіёнаў, дзе шмат азёр і балот.

т. 16, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАХА́РЫ (Kalahari),

паўпустынная вобласць у цэнтр. частцы Паўд. Афрыкі, на тэр. Анголы, Батсваны, Замбіі, Зімбабве, Намібіі і ПАР; упадзіна, якая супадае з аднайм. сінеклізай Афр. платформы. Даўж. з Пн на Пд каля 2000 км, шыр. больш за 1200 км, пл. каля 630 тыс. км². Пераважныя выш. 900—1000 м. Абмежавана на У і З ступеньчатымі плато і глыбавымі хрыбтамі, на Пн водападзелам рэк Конга—Замбезі, на Пд далінай р. Аранжавая. На раўніннай паверхні чырв. і белыя пяскі, дзюны (выш. да 100 м), западзіны з саланчакамі. Клімат трапічны, на Пн ад р. Замбезі субэкватарыяльны. Ападкаў ад 150 мм за год на Пд да 1000 мм на Пн. Расліннасць на Пн — рэдкалессі, паркавыя саванны з акацыямі, баабабамі, на Пд — паўпустыні і пустыні. Найб. нац. паркі: Калахары-Хемсбак (ПАР), Этоша (Намібія) і інш.

т. 7, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЧНАЯ МЕРЗЛАТА́, шматгадовая мерзлата,

верхні слой зямной кары з устойлівымі адмоўнымі тэмпературамі на працягу тысяч гадоў; частка крыясферы. Пашырана ў арктычным і антарктычным паясах, часткова ва ўмераным поясе, дзе існуе рэзка кантынентальны клімат. Развіта таксама пад покрыўнымі і горнымі ледавікамі. У зоне вечнай мерзлаты горныя пароды сцэментаваны замёрзлай вільгаццю. Магутнасць слоя з адмоўнымі т-рамі дасягае 4 км у Антарктыдзе, 1,5 км у Арктыцы. Пашырана на пл. каля 35 млн. км², у т. л. 11 млн. км² у Сібіры. На тэр. Беларусі існавала ў ледавіковыя эпохі. Слядамі вечнай мерзлаты з’яўляюцца крыягенныя тэкстуры, што захаваліся ў горных пародах, — псеўдамарфозы на месцы ледзяных кліноў і маразабойных шчылін, сляды цячэння і сціскання расталага грунту і інш. З часоў дэградацыі вечнай мерзлаты ў рэльефе захаваліся тэрмакарставыя западзіны і катлавіны азёр, псеўдатэрасы, валы і інш. Вечную мерзлату вывучае крыялогія.

А.​Ф.​Санько.

т. 4, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)