ДЗЕ́СЯЦЬ ЗА́ПАВЕДЗЕЙ,

у іудзейскай і хрысц. рэлігіях — прадпісанні сац. і маральнага характару, якім царква падае божы аўтарытэт (гл. ў арт. Запаведзь).

т. 6, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«Дзесяць запаведзей чырвоных партызанаў Беларусі» 4/198; 8/117, 607

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

НАДЗЕ́Я,

успрыманне будучыні, калі жаданае або неабходнае бачыцца як рэальнасць, якая павінна здзейсніцца. Фарміруецца ў выніку пазнання аб’ектыўных прычын, ад якіх залежаць чаканыя падзеі, або на аснове назапашанага суб’ектыўнага эмацыянальнага вопыту (перажыванне радасці, няпоспеху і да т.п.). У прадказанні магчымага развіцця падзей Н. адыгрывае ролю ўнутр. рэгулятара дзейнасці, які дапамагае чалавеку вызначаць яе вынікі і мэтазгоднасць, адлюстроўвае жыццёвыя спадзяванні асобы і грамадства. У этыцы хрысціянства Н. (асабліва на пасмяротную ўзнагароду) разам з верай і любоўю належыць да гал. дабрачыннасцей, выяўляе Ідэю перакананасці ў справядлівасці і міласэрнасці божай. Гарантам рэліг. Н. лічыцца Хрыстос, а сродкамі яе ажыццяўлення — малітва і прытрымліванне запаведзей аб шчасці.

В.​В.​Краснова.

т. 11, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫСЯ́ГА БЕЛАРУ́СКАГА ПАРТЫЗА́НА,

урачыстая клятва партызан змагацца супраць акупантаў да поўнага іх выгнання з бел. зямлі. У грамадз. вайну 1918—20 у бел. партызан была прысяга «Дзесяць запаведзей чырвоных партызанаў Беларусі». У Вял. Айч. вайну прысягу прымалі з пачатку партыз. руху, тэксты выпрацоўвалі непасрэдна ў атрадах. У пач. жн. 1941 ЦК КП(б)Б і партыз. школа (каля Гомеля) распрацавалі і надрукавалі ў газ. «Звязда» і лістоўках адзіны тэкст прысягі, якія з самалётаў былі скінуты над Беларуссю. 12.5.1942 на сумесным пасяджэнні Прэзідыума Вярх. Савета БССР і Бюро ЦК КП(б)Б зацверджаны тэкст (гл. іл.) і парадак яе прыняцця. З дапамогай авіяцыі Калінінскага і Зах. франтоў, самалётаў, што былі ў распараджэнні ЦК КП(б)Б, лістоўкі з яе тэкстам (100 тыс. экз.) былі распаўсюджаны ў раёнах дыслакацыі партызан. П.б.п. прымалі перад строем атрада пад сцягам.

Прысяга беларускага партызана.

т. 13, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТЭХІ́ЗІС (ад грэч. katēchēsis павучанне, вуснае настаўленне),

1) рэлігійная кніга; выкладанне асноў хрысц. веравучэння ў форме пытанняў і адказаў. Першапачаткова слова «К.» азначала вуснае настаўленне асоб, якія пераходзілі ў хрысціянства, перад прыняццем імі хрышчэння. З 16 ст. К. — кніга, навуч. дапаможнік, мэта якога — агульнае рэліг. навучанне вернікаў. Пачатак такім выданням паклаў М.​Лютэр, які ў 1529 надрукаваў «Малы катэхізіс». У 1566 у Ватыкане выдадзены «Рымскі катэхізіс», у якім выкладзена каталіцкая дактрына: сімвал веры, таінствы, дэкалог (10 запаведзей), гал. малітвы. У сярэдзіне 19 ст. правасл. мітрапаліт Філарэт (Драздоў) склаў «Прасторны катэхізіс», які доўгі час быў падручнікам па закону Божаму. На бел. мове ў 1562 выдадзены «Катэхізіс» С.​Буднага, у 1783 — Л.​Зізанія. Існуе некалькі варыянтаў К. Звычайна яны складаюцца з 3 частак: у 1-й даюцца звесткі пра Бога і царкву, у 2-й — этычныя настаўленні, у 3-й апісаны сродкі атрымання божай міласці.

2) У перан. сэнсе — твор, напісаны ў форме пытанняў і адказаў.

А.​А.​Цітавец.

т. 8, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РМЫ МАРА́ЛЬНЫЯ,

формы маральнай свядомасці, а таксама прынцыпы, правілы маральных адносін і паводзін індывіда ў сферах грамадскай дзейнасці. Гэта спецыфічныя формы ўзгаднення свабоды (волевыяўлення) асобы з грамадскімі патрэбамі, інтарэсамі і воляй пэўных сац. супольнасцей (груп, слаёў, калектываў і інш.). Як форма маральнай свядомасці Н.м. праяўляюцца ў выглядзе маральных патрабаванняў, якія аднолькава датычаць усіх людзей і прадугледжваюць безумоўнае іх выкананне. Бываюць вусныя (не маюць устойлівага моўнага афармлення) і пісьмовыя, напр., «Дзесяць запаведзей» Бібліі («Шануй бацькоў сваіх», «Не забі», «Не ўкрадзі» і інш.), шматлікія «кодэксы гонару» (напр., афіцэрскія) і інш. Як прынцыпы маральных адносін Н.м. ўяўляюць правілы паводзін, якія пастаянна ўзнаўляюцца ў аднатыпных учынках людзей як маральны закон, звычай. Падпарадкаванне Н.м. асобнага чалавека заснавана на ўздзеянні грамадскай думкі, шматлікіх прыкладаў і інш. форм грамадскай волі, якія выяўляюцца ў норавах пэўнага грамадства, дысцыпліне. Н.м. класіфікуюць па аналогіі з нормамі сацыяльнымі.

Літ.:

Предмет и система этики. М.;

София, 1973;

Сорокин П.А. Нормативная ли наука этика и может ли она ею быть? // Этическая мысль, 1990. М., 1990;

Михалон Литвин. О нравах татар, литовцев и москвитян: Пер. с лат. М., 1994;

Зеленкова И.Л. Основы этики. Мн., 1998;

Основы этических знаний. СПб., 1998.

т. 11, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)