КАНСІ́ЛІУМ (ад лац. consilium нарада, абмеркаванне),

нарада ўрачоў адной ці некалькіх спецыяльнасцей для ўдакладнення ці ўстанаўлення дыягназу хваробы і спосабаў лячэння. Неабходны ў выпадках няўпэўненасці ў дыягностыцы або спосабах лячэння, пры цяжкім стане хворага, пры накіраванні яго ў спецыялізаваныя ўстановы аховы здароўя. Найчасцей склікаецца па ініцыятыве ўрача, які лечыць, просьбе хворага і яго блізкіх, а таксама на аснове пастановы суд.-мед. органаў. Праводзіцца ў бальніцы, амбулаторна-паліклінічных і санаторных установах. Заключэнне К. заносіцца ў адпаведны мед. дакумент.

т. 7, с. 592

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЯРЫ́Я (італьян. malaria ад mala aria дрэннае паветра; раней меркавалі, што хвароба выклікаецца дрэнным паветрам),

перамежная трасца, паразітарная хвароба чалавека, якую выклікаюць аднаклетачныя арганізмы — плазмодыі. Пераносчык — самка малярыйнага камара. Пашырана ў краінах Афрыкі, Азіі, Паўд. Амерыкі, існуюць ачагі ў Азербайджане, Дагестане, Таджыкістане. На Беларусі ліквідавана ў 1950-я г. Крыніца хваробы — хворы на М. чалавек ці паразітаносьбіт. Заражэнне адбываецца пры ўкусе камара. Узбуджальнік пранікае ў кроў чалавека і заносіцца ў печань, дзе размнажаецца, потым укараняецца ў эрытрацыты. Разбурэнне эрытрацытаў суправаджаецца прыступамі ліхаманкі, дрыжыкамі, павялічваюцца селязёнка, печань. Ускладненні: малярыйная кома, анемія, нырачная недастатковасць. Адрозніваюць 4 формы М., найб. цяжкая трапічная. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 10, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)