ФТОРАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
рэчывы, малекулы якіх маюць адзін або некалькі атамаў фтору, непасрэдна звязаных з атамам вугляроду. У залежнасці ад колькасці атамаў фтору ў малекуле падзяляюцца на мона-, полі- і перфтарыраваныя (усе атамы вадароду замешчаны на фтор). Агульная ўласцівасць Ф.з. — памяншэнне міжатамнай адлегласці з павелічэннем колькасці атамаў фтору ў малекуле.
Сінтэзаваны ў 19 ст. Сярод Ф.з. ёсць аналагі амаль усіх класаў арган. злучэнняў. Спосабы атрымання Ф.з.: замяшчэнне атама вадароду дзеяннем элементарнага фтору (прамое фтарыраванне) або замяшчэнне атамаў галагену (звычайна хлор) у арган. злучэннях на атам фтору; замяшчэнне OH-групы, напр., у спіртах, на атам фтору і інш. Выкарыстоўваюць Ф.з. для атрымання фтарапластаў, фторвалакна і фторкаўчукоў, фтарыраваных паверхнева-актыўных рэчываў, холадагентаў, таксама як змазачныя і ізаляцыйныя матэрыялы, у медыцыне для наркозу, вырабу пратэзаў і інш.
т. 16, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУРАЛІЗА́ЦЫЯ (франц. naturalisation ад лац. naturalis прыродны, сапраўдны, законны) у біялогіі, поўнае ўжыванне новага для дадзенага біяцэнозу віду; выпрацоўка або замяшчэнне ім экалагічнай нішы ў згуртаванні. Суправаджаецца ўзнікненнем новых адаптацый, абумоўлена мяжой нормы рэакцыі арганізма. Генет. структура папуляцыі або віду пры гэтым не змяняецца. Звязана з акліматызацыяй і інтрадукцыяй.
Р.Г.Заяц.
т. 11, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛЬТРАМЕТАМАРФІ́ЗМ (ад ультра... + метамарфізм),
рэгіянальны метамарфізм са значнымі зменамі саставу зыходных горных парод. Тэрмін прапанаваў швед. геолаг П.Хольмквіст (1909). Адбываецца ў глыбінных зонах зямной кары пры т-ры 650—800 °C і літастатычным ціску 4—10 кбар (0,4—1 Гн/м²) і суправаджаецца выплаўленнем анатэктычнага матэрыялу, звычайна мігматытаў. Да працэсаў У. адносяць анатэксіс, гранітызацыю, мігматызацыю, палігенез, магматычнае замяшчэнне, рэамарфізм. Пры У. з асн. парод выносяцца кальцый, магній, жалеза, намнажаюцца аксіды крэмнію, натрыю, калію і ўзнікаюць іранітоідныя пароды. Ва ўмовах гранулітавай фацыі ўтвараюцца чарнакітоіды і эндэрбітоіды, амфібалітавай — мігматыты і гранітагнейсы.
І.В.Найдзянкоў.
т. 16, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКТАТРАЦІ́ЧНАЯ ФЛО́РА,
існавала ад пач. палеагену да сярэдзіны неагену на сушы ў межах сучасных арктычных ускраін і ўмераных шыротаў Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Вылучана О.Геерам па знаходках у Грэнландыі, на Шпіцбергене і інш. У Еўропе існавала да сярэдзіны міяцэну.
Склалася на аснове трапічнай флоры мелавога перыяду ва ўмовах масавага пашырэння пакрытанасенных, развіцця лістападнай расліннасці. У арктатрацічнай флоры былі пальмы сабаль, хлебнае дрэва, эўкаліпт, фікус, камфарны лаўр, пазней гінкга, магнолія, платан, каштан, грэцкі арэх, бук, дуб, вяз, вярба, таполя, арэшнік і інш. Па меры пахаладання адбывалася замяшчэнне раслін менш цеплалюбнымі, фарміравалася сучасная занальная расліннасць. Арктатрацічная флора паслужыла асновай для фарміравання сучаснай флоры Еўразіі і Паўн. Амерыкі.
т. 1, с. 480
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМЯШЧЭ́ННЕ РЭА́КЦЫІ ЗАМЯШЧЭ́ННЯ РЭА́КЦЫІ, хімічныя рэакцыі, якія адбываюцца з абменам атамаў ці груп атамаў у малекуле на інш. атамы ці групы. Найб. пашыраны ў арган. хіміі.
З.р. наз. звычайна па назве атама ці групы атамаў, якія ўваходзяць у малекулу субстрату: алкіліраванне, ацыліраванне, азаспалучэнне, нітраванне і інш. Да З.р. адносяцца абменныя рэакцыі, у якіх адным з рэагентаў з’яўляецца растваральнік (напр., аманоліз, гідроліз), і кандэнсацыі рэакцыі, калі ў працэсе замяшчэння адымаецца якая-н. простая неарган. (напр., вада) ці арган. (напр., этылавы спірт) малекула. У хіміі неарганічных злучэнняў З.р. — рэакцыі паміж простым і складаным рэчывамі, напр., выцясненне металу з воднага раствору солі пад уздзеяннем інш. металу: Fe + CuSO4 = FeSO4 + Cu.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 6, с. 525
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯВО́ДСТВА,
вытворчасць прадукцыі палявых культур (збожжавых, тэхн., кармавых і інш.); галіна раслінаводства. Адна з найб. механізаваных с.-г. галін. Спалучае вырашэнне нар.-гасп. і навук. задач земляробства, грунтуецца на дасягненнях аграноміі, глебазнаўства, біялогіі і селекцыі с.-г. раслін і інш. Забяспечвае насельніцтва харч. прадуктамі, лёгкую, харч. і інш. прам-сці сыравінай, жывёлагадоўлю кармамі.
Як галіна практычнай дзейнасці чалавека П. бярэ пачатак ад прымітыўных форм земляробства ў эпоху першабытна-абшчыннага ладу. З развіццём грамадскіх вытв. адносін, што суправаджалася ўкараненнем у с.-г. вытворчасць больш дасканалых сістэм земляробства, П. набывала ролю магутнага фактару ўздзеяння на прыроду (ператварэнне прыродных зямель у с.-г. ўгоддзі, замяшчэнне натуральных біягеацэнозаў культурнымі, хімізацыя, меліярацыя і інш.).
У.П.Пярэднеў.
т. 12, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОТАХІМІ́ЧНЫЯ РЭА́КЦЫІ,
хімічныя рэакцыі, што адбываюцца пад уздзеяннем святла. Паглынанне фатона з даўжынёй хвалі 200—1000 нм выклікае квантавы пераход малекулы рэчыва з асн. электроннага стану ва ўзбуджаны ці фотаіанізацыю (адшчапленне электронаў і ўтварэнне радыкалаў, іон-радыкалаў).
Малекулы ва ўзбуджаным стане больш рэакцыяздольныя, актыўна ўступаюць у хім. рэакцыі, першасныя прадукты якіх (іоны. радыкалы, ізамеры) нестабільныя і пераўтвараюцца ў канчатковыя прадукты Ф.р. у выніку звычайных тэрмічных хім. рэакцый. Тыпы Ф.р.: раскладанне (фотадысацыяцыя), замяшчэнне, ізамерызацыя, акісленне, аднаўленне, полімерызацыя, фотасінтэз і інш. Ф.р. адыгрываюць важную ролю ў прыродзе (гл. Фотабіялогія). Выкарыстоўваюцца ў працэсах запісу і апрацоўкі інфармацыі (фатаграфія, фоталітаграфія), сінтэзу арган. і неарган. рэчываў (атрыманне капралактаму, вітамінаў D і інш.), сінтэзу і мадыфікацыі палімераў (фотаполімерызацыя, фотамадыфікацыя і фотадэструкцыя), у квантавай электроніцы (фотахім. лазеры, мадулятары), мікраэлектроніцы (фотарэзістары) і інш.
Т.М.Вараб’ёва.
т. 16, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОЧАПАЛАВА́Я СІСТЭ́МА,
сукупнасць анатамічна, функцыянальна і генетычна звязаных органаў мочавыдзялення (нырак, мачаточнікаў) і палавой сістэмы ў беспазваночных, пазваночных жывёл і чалавека. У земнаводных і большасці рыб мача і палавыя прадукты выводзяцца праз мезанефральныя пратокі. У самцоў паўзуноў, птушак, млекакормячых жывёл і чалавека першасная нырка ператвараецца ў прыдатак семянніка, а яе праток (вольфаў) — у семяправод; у самак палавыя прадукты выводзяцца праз яйцаводы. М.с. мае агульную вывадную трубку (мочаспускальны канал у мужчын) ці адкрываецца ў адзіную агульную прастору (пераддзвер’е похвы ў жанчын). У мочапалавыя каналы ўпадаюць пратокі дадатковых залоз: у самцоў — семянныя пузыркі і прастата, цыбуліна-бульбаурэтральныя залозы; у самак — вял. залозы пераддзвер’я похвы. Рост і фарміраванне органаў М.с. адбываецца найб. інтэнсіўна пры палавым выспяванні. Пры старэнні назіраецца характэрнае для парэнхіматозных органаў (ныркі, палавыя залозы) замяшчэнне парэнхіматозных клетак злучальнай тканкай, змяншэнне іх памераў і зніжэнне функцыі.
А.С.Леанцюк.
т. 10, с. 533
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАГЕНАВЫТВО́РНЫЯ ВУГЛЕВАДАРО́ДАЎ,
клас арганічных злучэнняў, якія маюць атамы галагенаў, звязаныя з вуглевадароднымі радыкаламі.
Большасць галагенавытворных вуглевадародаў бясколерныя вадкасці. У вадзе амаль не раствараюцца, добра раствараюцца ў эфіры, спірце і інш. арган. растваральніках. З вадой і слабымі растворамі шчолачаў утвараюць спірты, з аміякам — аміны, з солямі карбонавых кіслот — складаныя эфіры і г.д. Атам галагену каля вугляроду пры падвойнай сувязі (у т. л. ў араматычных галагенавытворных вуглевадародах) інертны і з цяжкасцю ўступае ў звычайныя для галагенавытворных вуглевадародаў рэакцыі (напр., вінілхларыд, хлорбензол). Пад уздзеяннем канцэнтраваных раствораў шчолачаў галагенавытворныя вуглевадароды утвараюць алкены. Атрымліваюць галагеніраваннем вуглевадародаў, спіртоў (замяшчэнне атамаў вадароду, гідроксігрупы галагенам), ненасычаных арган. злучэнняў (далучэнне галагенаў і галагенавадародаў) і інш. метадамі.
Выкарыстоўваюць як растваральнікі (метыленхларыд, тэтрахлорэтылен, трыхлорэтылен, трыхлорэтаны), холадагенты для халадзільных машын (хладоны), інсектыцыды (гексахлорбутадыен, ДД — сумесь дыхлорпрапанаў і дыхлорпрапенаў, гексахлорцыклагексан), абязбольвальныя сродкі ў медыцыне (хлараформ, этылхларыд, ёдаформ), як антыпірэны, у вытв-сці палімераў (полівінілхларыд, фторапласты) і інш. арган. рэчываў.
К.Л.Майсяйчук.
т. 4, с. 445
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАНСПЛАНТА́ЦЫЯ (позналац. transplantatio ад transplanto перасаджваю),
перасадка органаў і тканак, у жывёл і чалавека замяшчэнне пашкоджаных або адсутных органаў ці тканак уласнымі тканкамі і органамі або атрыманымі ад інш. арганізма. Арганізм, ад якога бяруць органы і тканкі (трансплантат), наз. донарам, арганізм, якому іх перасаджваюць — рэцыпіентам. Участак тканкі або орган, які выкарыстоўваюць для Т., можа быць перасаджаны на месца выдаленага органа (ортатапічная Т.) або ў інш. месца (гетэратапічная Т.).
Адрозніваюць аўта- (перасадка ў межах адной асобіны), іза- (перасадка ад генет. ідэнтычных асобін. напр., аднаяйцавых блізнят. кроўных сваякоў), ала- (перасадка ад арганізма таго ж віду) і ксенатрансплантацыю (донар і рэцыпіент розных відаў). Каб папярэдзіць тканкавую несумяшчальнасць пры Т., выкарыстоўваюць розныя віды імунадэпрэсіўнай тэрапіі. Адзін са шляхоў пераадолення біял. несумяшчальнасці трансплантата і арганізма рэцыпіента — стварэнне штучных органаў (сэрца, падстраўнікавай залозы і інш.). Робяць Т. нырак (больш за 500 тыс. перасадак у свеце). печані, сэрца, лёгкіх, вілачкавай залозы з грудзінай, шчытападобнай залозы, скуры, мышцаў. сухажылляў. касцявой. храстковай, тлушчавай тканак. сасудаў, нерваў, касцявога мозгу, рагавіцы вока і інш. Пашыраецца Т. клетачных элементаў, эмбрыянальных тканак і інш. У эксперым. анкалогіі робяць Т. пухлін жывёлам.
На Беларусі Т. нырак ажыццяўляецца ў Рэсп. цэнтры нефралогіі і трансплантацыі ныркі (больш за 700 аперацый; 2002); Т. касцявога мозгу — у Рэсп. цэнтры гематалогіі і трансплантацыі касцявога мозгу (з 1994). У раслін Т. — перасадка розных частак расліны на інш. расліну ці на іншае месца той жа расліны. Лепш развіваюцца расліны больш блізкіх сістэматычных груп. Т. выкарыстоўваецца ў садоўніцтве (гл. Прышчэпліванне), для даследавання працэсаў зрастання, узаемаадносін прышчэпка і прышчэпы. Бывае таксама натуральная Т. лісця, кветак, пладоў, сцёблаў, каранёў.
Літ.:
Мур Ф. История пересадок органов: Пер. с англ. М., 1973;
Трансплантология: Руководство. М.;
Тула, 1995.
І.М.Семяненя.
т. 15, с. 511
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)