ПАТРЫЦЫЯ́Т,

вышэйшая, найб. багатая ч. насельніцтва сярэдневяковых гарадоў Зах. Еўропы, якая замацавала за сабою асобныя правы і прывілеі ў гар. абшчыне (гандляры, ліхвяры, землеўладальнікі). П. захапіў уладу ў гарадах, якія дамагліся самакіравання, прысвоіў сабе выключнае права выбіраць гар. раду і замяшчаць пасады ў гар. магістратуры, каб уводзіць выгадную для яго сістэму падаткаў, набыцця прыбытковых водкупаў, размеркавання гар. сродкаў. З уключэннем гарадоў у агульнадзярж. адм. сістэму П. страціў значэнне.

т. 12, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫГАРМО́НЫ (ад анты... + гармоны),

прыродныя ці штучна сінтэзаваныя рэчывы, здольныя замяшчаць і блакіраваць актыўнасць сапраўдных гармонаў у іх рэакцыях з рэцэптарамі жывых клетак. Структурна блізкія да адпаведных ім гармонаў і належаць да розных груп злучэнняў (пептыды, бялкі, стэроіды і інш.), але ў дачыненні да кожнага канкрэтнага гармону пераважае пэўны іх клас (напр., большасць антыгармонаў для антыандрагенаў з’яўляюцца стэроідамі, для бялковых гармонаў — бялкамі). Валодаюць высокай спецыфічнасцю: напр., антыэстрагены блакіруюць у матцы дзяленне толькі эстрагенаў і не змяняюць уплыў андрагенаў. Пры гэтым уласная гарманальная актыўнасць у антыгармонах адсутнічае або нязначная. Выкарыстоўваюцца ў эксперым. і клінічнай эндакрыналогіі для вывучэння функцый эндакрынных залоз у эмбрыягенезе, выключэння іх дзейнасці без хірург. выдалення адпаведнай залозы, блакіравання гарманальных эфектаў пры развіцці гарманальназалежных пухлін, паталагічных зменах палавых паводзін і інш.

т. 1, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)