КЛЕЙСТАТЭ́ЦЫЙ (ад грэч. kleistos замкнёны + thekion скрыначка),
клейстакарпій (... + karpos плод), замкнёнае шарападобнае ці круглаватае пладовае цела некат. сумчатых грыбоў (плектаміцэты, эўроцыевыя і мучністарасяныя грыбы) з абалонкай без адтуліны. Сумкі і споры вызваляюцца пасля разбурэння абалонкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАДАЛІ́СЦІК,
рэпрадуктыўная частка кветкі пакрытанасенных, што ўзнаўляе семязавязі (семязародкі). Адзін або некалькі П. складаюць жаночую ч. кветкі — гінецэй. Лічыцца, што П. ліставога паходжання, але гамалагічны не вегетатыўнаму, а відазмененаму лісту, які нясе мегаспарангіі з мегаспорамі (мегаспарафілу). Замкнёны П. або некалькі зрослых паміж сабой П. наз.песцікам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАР (ням. Kar),
цырк, чашападобная выемка ў верхняй ч. схілаў гор у вобласці сучаснага або стараж. зледзянення. Утвараецца ад дзейнасці ледавікоў, снежнікаў, марознага выветрывання. Вызначаецца плоскім днішчам, якое з бакоў і ззаду абкружана стромкімі сценкамі, з пярэдняга боку адкрыты ці замкнёны невысокім парогам. На дне К. могуць быць каравыя ледавікі, намнажэнні фірну або снегу. У К., якія знаходзяцца ніжэй сучаснай снегавой лініі, часта размешчаны ка́равыя азёры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЛЮ́ЗІЯ (ад лац. occlusus замкнёны, схаваны),
1) захоп крышталямі часткі рэчыва асяроддзя пры крышталізацыі. Прыводзіць да забруджвання крышталёў прымесямі, якія ўплываюць на іх фіз. ўласцівасці.
2) Паглынанне газаў цвёрдымі металамі ці расплавамі з утварэннем цвёрдых і вадкіх раствораў або хім. злучэнняў (напр., нітрыды, гідрыды).
3) Аклюзія цыклону — стадыя развіцця цыклону, пры якой цёплыя масы паветра пры сустрэчы з халодным фронтам выцясняюцца ў верхнія слаі трапасферы і страчваюць сувязь з зямной паверхняй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАБАКО́ВАЯ ПАВЕ́РХНЯ,
паверхня, якая не мае двух розных бакоў, чым і адрозніваецца, напр., ад сферы, куба ці квадрата. Размешчаная ў прасторы аднабаковая паверхня з зафіксаваным на ёй пунктам неперарыўнай дэфармацыяй абарачальна ператвараецца ў такую, на якой праз гэты пункт будзе праходзіць некаторы замкнёны шлях (абход), уздоўж якога можна пабудаваць нармаль, што неперарыўна мяняе свой кірунак да паверхні; праходзячы гэты шлях, нармаль вяртаецца ў зыходны пункт з напрамкам, процілеглым першапачатковаму. Характарыстыка аднабаковай паверхні — яе неарыентаванасць (гл.Арыентацыя). Для трохмернай прасторы сапраўдна і адваротнае: кожная неарыентаваная паверхня будзе аднабаковай паверхняй. Прыклады аднабаковай паверхні: Мёбіуса ліст, Клейна паверхня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЕ́Н, Папін (Papin) Дэні (22.8.1647, Шытнэ, каля г. Блуа, Францыя — 1714, паводле інш. звестак 1712), французскі фізік і інжынер, адзін з вынаходнікаў цеплавога рухавіка. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1680) і Парыжскай АН. Скончыў Анжэрскі ун-т (1669). З 1675 у Лондане, у 1688—1707 у Германіі. Вынайшаў паравы кацёл з засцерагальным клапанам (1680), выкарыстаў вадзяную пару для падняцця поршня і апісаў замкнёны тэрмадынамічны цыкл паравога рухавіка (1690). Вынайшаў некалькі машын для падняцця вады, прапанаваў канструкцыю цэнтрабежнай помпы, сканструяваў печ для плаўкі шкла і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСВІ́РСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры пач. 18 ст. Пабудаваны ў 1713—14 у в. Засвір (Мядзельскі р-н Мінскай вобл.) у стылі барока. Касцёл — мураваны 1-нефавы храм з 2-вежавым гал. фасадам і паўкруглай алтарнай апсідай, накрыты высокім 2-схільным дахам. Дэкар. аздоба сканцэнтравана на гал. фасадзе: плоскія прамавугольныя і паўцыркульныя нішы, трохвугольны атыкавы франтон і фігурныя завяршэнні вежаў. З Пн да касцёла прылягае мураваны П-падобны ў плане 1-павярховы будынак кляштара, які ўтварае замкнёны ўнутраны двор. У баку ад касцёла стаіць невял. мураваная брама і вежа-званіца. У 1865—1920 касцёл быў перабудаваны пад царкву. У 1994 касцёл і частка кляштара адноўлены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЁМНАБЛО́ЧНАЕ ДОМАБУДАВА́ННЕ,
узвядзенне будынкаў з аб’ёмных блокаў поўнай заводскай гатоўнасці; адзін са спосабаў індустрыялізацыі будаўніцтва. Асн. тыпы будынкаў: бескаркасныя буйнапанэльныя з аб’ёмнымі блокамі санітарных вузлоў, абсталяваных на заводзе; бескаркасныя з ужываннем аб’ёмных блокаў у спалучэнні з панэлямі (сотапанэльныя і аб’ёмнапанэльныя дамы); бескаркасныя з суцэльнай расстаноўкай аб’ёмных блокаў (памерам на пакой); каркасныя з запаўненнем каркаса саманоснымі аб’ёмнымі блокамі, якія ўстанаўліваюць на рыгелі ці стойкі каркаса (блокі з аблегчаных матэрыялаў).
Аб’ёмнаблочнае домабудаванне на Беларусі вядзецца з 1960. Блокі вырабляліся э керамзітабетону, пазней пачалі ўжывацца састаўныя аб’ёмныя блокі. Ін-т «Белдзяржпраект» распрацаваў канструкцыі бескаркасных аб’ёмнаблочных будынкаў. Выкарыстоўваюцца прасторавыя каробкі тыпу «каўпак», «стакан» і інш. У параўнанні з буйнаблочным і буйнапанэльным буд-вам аб’ёмнаблочнае домабудаванне зніжае расход матэрыялаў, працаёмкасць, кошт будоўлі, скарачае тэрмін выканання работ.
Аб’ёмнаблочнае домабудаванне. Віды аб’ёмных блокаў: 1 — з прыстаўнымі тарцовымі сценамі; 2 — з панэлямі столі і вонкавай сцяны; 3 — з панэллю вонкавай сцяны; 4 — з панэллю столі тыпу «шклянка»; 5 — з панэллю падлогі тыпу «каўпак»; 6 — замкнёны маналітны блок; 7 — чатырохпавярховы блок з прыстаўнымі бакавымі сценкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ГАСЦІ́НЫ ДВОР,
помнік архітэктуры 18—20 ст. у Мінску. У пач. 18 ст. існаваў як комплекс мураваных 2- і 3-павярховых будынкаў у цэнтры Высокага рынку (цяпер пл. Свабоды) насупраць ратушы; С-падобны ў плане. У канцы 18 ст. рэканструяваны ў стылі класіцызму (арх. Ф.Крамер): паўн.-ўсх. крылы комплексу былі злучаны сім. па кампазіцыі 2-павярховым аб’ёмам з 4-калонным порцікам у цэнтры і ўтварылі замкнёны двор. У 1909 Г-падобная ў плане паўн.-зах. частка перабудавана пад Азова-Данскі камерцыйны банк і купецкі клуб з вял. канцэртна-тэатр. залай (разбурана пасля пажару ў 1946), зменена планіроўка, надбудаваны 3-і паверх, фасады апрацаваны ў стылі мадэрн, накрыты вальмавым дахам. На сім. па кампазіцыі гал.паўд.-зах. фасадзе вылучаліся цэнтральная і бакавыя часткі; цэнтральная акцэнтавана кілепадобным франтонам з 3 вузкімі паўцыркульна завершанымі аконнымі праёмамі, тымпан франтона завершаны расл. арнаментам. Бакавыя ч. завершаны купаламі са шпілямі (не захаваліся). Рытм фасадаў утвараюць прамавугольныя аконныя праёмы і лапаткі; пластыку ўзбагачаюць ляпныя элементы, балконы. У інтэр’еры каваная лесвічная агароджа, кафляныя печы. Пасля 1920 у будынках знаходзіліся Мінскі акруговы выканком, у 1930-я г. — Дом селяніна, у 1944—50 — Мін-вадзярж. бяспекі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯ́ШТАР (ад лац. claustrum замак, закрытае месца),
каталіцкі манастыр. Належыць да пэўных ордэнаў манаскіх. На тэр. Беларусі адзінкавыя К. вядомы з сярэдзіны 13 ст., сістэматычнае будаўніцтва пачалося пасля хрышчэння Літвы (1387). Найб.стараж. К.: францысканцаў у Пінску (1396) і Ашмянах (1505), аўгусцінцаў у в. Быстрыца (цяпер Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.), Брэсце і Гродне (засн. Вітаўтам), бернардзінцаў у Вільні (1471), Гродне і Полацку (1498). У канцы 18 ст. на бел. землях ВКЛ (без Вільні) дзейнічалі больш за 160 мужчынскіх і жаночых К. Пры многіх К. працавалі невял. шпіталі, школы. Большасць К. закрыта ў сярэдзіне 19 ст. ў сувязі з абвінавачваннем у нелаяльнасці манахаў уладам.
Класічны тып К. выпрацаваны ордэнам бенедыкцінцаў. Гэта быў замкнёны ансамбль будынкаў або памяшканняў для жыцця манаскай суполкі. Цэнтрам ансамбля быў касцёл. Каля яго рабілі абкружаны крытай галерэяй (клуатрам) чатырохвугольны двор, сад. З усходу да клуатра прымыкала зала капітула, з захаду — келлі, або дарміторый. Насупраць касцёла будавалі трапезную залу (рэфекторый). Астатнія будынкі (дом абата, шпіталь, школа, гасп. пабудовы) размяшчаліся на тэрыторыі ў межах кляштарных муроў. Бенедыкцінскі тып К. быў запазычаны большасцю каталіцкіх ордэнаў і прыстасаваны адпаведна характару іх дзейнасці.