КАКІ́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,

машына, у якой робіцца заліўка какіля вадкім металам, цвярдзенне адліўкі і яе выбіванне, ачыстка і афарбоўка раскрытага какіля, устаноўка ліцейных стрыжняў (у т. л. разавых пясчаных). Бываюць адна- і шматпазіцыйныя (карусельныя, канвеерныя). На аднапазіцыйных універсальных К.м., мяняючы какілі, атрымліваюць адліўкі рознай канфігурацыі і масы. У шматпазіцыйных К.м. на вярчальным стале або транспартавальным прыстасаванні (канвееры) перамяшчаюцца аднапазіцыйныя машыны або какілі.

Аднапазіцыйная універсальная какільная машына.

т. 7, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЛАРО́ДНА-КАНВЕ́РТАРНЫ ПРАЦЭ́С,

разнавіднасць канвертарнага працэсу, пры якой атрымліваюць сталь прадзіманнем вадкага (звычайна пераробнага) чыгуну тэхнічна чыстым (больш за 95,5%) кіслародам. Ажыццяўляецца пераважна ў глухадонных канвертарах з асн. футэроўкай.

Кісларод падаюць зверху праз фурму, якая ахаладжаецца вадой. Пад уздзеяннем выдзімання дамешкі чыгуну (Si, Mn, C і інш.) акісляюцца з вылучэннем значнай колькасці цяпла. Пасля прадзімання метал раскісляюць (выдаляюць лішні кісларод). Выкарыстанне кіслароднага выдзімання замест паветранага дазваляе атрымаць сталь з нізкай (0,002—0,006%) колькасцю азоту. У параўнанні з мартэнаўскім працэсам К.-к.п. больш прадукцыйны, яго роля ў сусв. выплаўцы сталі пастаянна расце.

Да арт. Кіслародна-канвертарны працэс. Схема атрымання сталі ў кіслародным канвертары: 1 — загрузка металалому; 2 — заліўка чыгуну; 3 — прадзіманне кіслародам; 4 — выпуск сталі; 5 — зліў шлаку.

т. 8, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЦЦЁ,

працэс атрымання вырабаў (адлівак) з расплаўленых матэрыялаў (металаў, горных парод, керамічных матэрыялаў, пластмас і інш.), залітых у ліцейную форму і пасля зацвердзявання апрацаваных. Адзін з найб. эканам. спосабаў вырабу дэталей і загатовак складанай формы і розных памераў. У ліцейнай вытворчасці выкарыстоўваюць больш за 50 разнавіднасцей Л., у т. л. бесперапыннае ліццё, вакуумнае ліццё, каменнае ліццё.

Л. у какіль атрымліваюць фасонныя шчыльныя адліўкі з дакладнымі памерамі, меншымі прыпускамі на мех. апрацоўку (з чыгуну, сталі, алюмінію, магніевых і інш. сплаваў). Л. ў абалонкавыя формы (разавыя, зробленыя з сумесі кварцавага пяску і фенола-фармальдэгіднай смалы) дае адліўкі з шчыльнай аднароднай дробназярністай структурай і высокімі мех. якасцямі, з гладкай паверхняй. Эфектыўнае ў буйнасерыйнай вытв-сці пры вырабе адлівак масай да 100 кг. Л. па выплаўляльных мадэлях робіцца ў нераздымных абалонках з дробназярністага вогнетрывалага матэрыялу. Рабочая поласць утвараецца пасля выплаўлення з абалонкі патрэбнай мадэлі (з парафіну, стэарыну і інш.) Дае складаныя адліўкі з высокай (прэцызійнай) дакладнасцю. Л. пад ціскам вядуць у прэс-формы, якія запаўняюць металам або пластмасай (тэрмапластам, рэактапластам) і гумавымі сумесямі з вял. скорасцю пад высокім ціскам. Пасля астывання, зацвердзявання або вулканізацыі матэрыял набывае канфігурацыю ўнутр. поласці. Дае складаныя вырабы з высокай дакладнасцю. Спосаб высокапрадукцыйны.

На Беларусі даследаванні ў галіне Л. металаў вядуцца з 1950-х г. у Фіз.-тэхн. ін-це Нац. АН, БПА, ліцейнай вытворчасці Беларускім навукова-даследчым канструктарска-тэхналагічным інстытуце, Гомельскім тэхн. ун-це і інш. Распрацаваны новыя спосабы Л. (намарожваннем, Л. у какіль з штучным паветраным зазорам, Л. на вярчальныя валкі-крышталізатары, бесперапыннае цэнтрабежнае Л. і інш.), адпаведныя машыны, абсталяванне, сродкі аўтаматызацыі вытв. працэсаў і інш.

Д.​М.​Кукуй.

Схема ліцця бесперапынным намарожваннем: 1 — літніковая сістэма; 2 — водаахаладжальны крышталізатар; 3 — гатовая адліўка, якая няспынна выцягваецца з астываючага і цвярдзеючага металу.
Да арт. Ліццё. А — ліццё ў какіль: 1 — какіль; 2 — стрыжань; 3 — метал; 4 — адліўка. Б — дакладнае ліццё па выплаўляльных мадэлях: 1 — васковая мадэль; 2 — нанясенне на мадэль слоя керамічнага парашку; 3 — зафармоўванне мадэлі ў апоку; 4 — заліўка металу, які расплаўляе воск і займае яго месца; 5 — ачыстка гатовай адліўкі.

т. 9, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)