Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛО́ЗНІЦА (Scrophularia),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 310 відаў. Пашыраны пераважна ў нетрапічнай ч.Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца З. вузлаватая (S. nodosa) і ценявая (S. umbrosa). Растуць па берагах рэк, вадаёмаў, у цяністых месцах, лясах, каля дарог і на пустках.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны і паўкусты з прамастойным або ўзыходным сцяблом. Лісце супраціўнае, рэдка кальчаковае, цэласнае, перыстараздзельнае або перыстарассечанае. Кветкі дробныя, малапрыкметныя, звычайна зеленавата-бурыя ці жоўтыя, двухполыя, двухгубыя, сабраны па 2—10 у паўпарасонікі, што ўтвараюць канцавыя агульныя мяцёлчатыя або гронкападобныя суквецці. Плод — 2-гнездавая каробачка. Лек. і меданосныя расліны. Ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛО́ЗНІЦА ВУГРАВА́Я (Demodex folliculorum),
клешч сям. валасяных кляшчоў. Пашыраны ўсюды. Паразітуе ў скурных залозах і валасяных мяшэчках чалавека і млекакормячых.
Цела падоўжанае (0,3—0,4 мм), чэрвепадобнае, светла-шэрае з нерасчлянёнымі галавагрудзьмі і вузкім брушкам з папярочнымі рыскамі, укрыта празрыстай кутыкулай. Ротавыя органы колючыя. 4 пары ног. Цыкл развіцця 20—25 сут са зменай 3 лічыначных стадый у целе аднаго гаспадара. Выклікае інвазійную хваробу ў чалавека і жывёл — залознічную каросту (дэмадэкоз).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМАДЭКО́З, залозніца,
інвазійная хвароба чалавека і жывёлы з генералізаваным ці мясц. пашкоджаннем скуры. Выклікаецца кляшчом залозніца, які паразітуе ў валасяных фалікулах, сальных і потавых залозах. Лакалізацыя — найчасцей скура твару. Прыкметы: дробныя вузельчыкі і гнайнічкі на пачырванелым фоне, іншы раз лушчэнне. Цячэнне хваробы хранічнае, абвастрэнні ў вяснова-летні перыяд. Д. мае цяжкую форму ў буйн. раг. жывёлы, свіней, сабак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛОЗНІЦАКВЕ́ТНЫЯ (Scrophulariales),
парадак двухдольных кветкавых раслін. 12 сям., больш за 1 тыс. родаў і 12 тыс. відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, асабліва ва ўмераных, субтрапічных і трапічных абласцях. На Беларусі 5 сям.: залознікавыя, заразіхавыя, паслёнавыя, плывунцовыя, трыпутнікавыя, 32 роды. Сярод іх больш за 100 дзікарослых і 30 інтрадукаваных відаў, у т. л. важныя харч. (бульба, памідоры), тэхн. (тытунь, махорка), лек. (аўран, залозніца, красаўка, трыпутнік), дэкар. (будлея, ільвіны зеў, петунія), меданосныя расліны; ёсць насякомаедныя (тлушчанка), ядавітыя і пустазелле.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны, паўкусты, радзей кусты і дрэвы. Лісце чаргаванае або супраціўнае, іншы раз кальчаковае, без прылісткаў. Кветкі двух-, радзей аднаполыя, пераважна няправільныя, 5-членныя, са зрослапялёсткавым вяночкам. Тычынак 5—4 (іншы раз 2). Гінецэй звычайна з 2 (радзей 5) зрослых пладалісцікаў. Завязь двух- ці аднагнездавая, з многімі семязародкамі. Плод — каробачка, іншы раз ягада. Насенне з эндаспермам. Г.У.Вынаеў.