КАМЕ́ДЗІ, гумі,

высокамалекулярныя вугляводы, галоўны кампанент сокаў, выпатаў, якія выдзяляюць расліны пры мех. пашкоджаннях кары ці пры хваробах; поліцукрыды мікраарганізмаў. Утвараюцца ў шматклетачных сакраторных сістэмах (слізевыя хады, залозкі). Выкарыстоўваюцца (агар-агар, гуаран, гуміарабік, дэкстраны і інш.) ў харч., папяровай і інш. прам-сці ў якасці клею, стабілізатараў эмульсій і суспензій; у медыцыне як слізі.

т. 7, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛО́ЗІСТЫЯ ТКА́НКІ раслін,

утварэнні, якія служаць для назапашвання і выдзялення з расліны кропельна-вадкай вады і розных рэчываў. Вылучаюць З.т.: гідатоды, нектарнікі, алейныя, камедзевыя, слізевыя, смаляныя і стрававальныя. Стрававальныя З.т. ў насякомаедных раслін выдзяляюць стрававальныя сокі, здольныя ператраўляць арган. рэчывы. Алейныя, смаляныя, слізевыя і камедзевыя залозкі (органы выдзялення або сховішча выдзяленняў) выдзяляюць бальзам, камедзь, смолы, эфірны алей, слізь і інш.

т. 6, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАРЛІНГТО́НІЯ (Darlingtonia californica),

кветкавая насякомаедная расліна сям. сарацэніевых. Пашырана ў Паўн. Амерыцы (ад паўн. Каліфорніі да паўд. Арэгона). Расце на балоцістых глебах.

Шматгадовая травяністая расліна з карэнішчам і разеткай своеасаблівых гарлачыкападобных лістоў-пастак даўж. да 1 м. Кветкі адзіночныя, пялёсткі жаўтаватыя з чырванаватымі жылкамі. Плод — каробачка. Па краі ліста — цёмна-чырв. раздвоены лістападобны прыдатак. На ўнутр. паверхні ліст мае залозкі, якія выдзяляюць нектар, што прываблівае насякомых. Сценкі лістоў-пастак укрыты валаскамі, якія дазваляюць насякомым рухацца толькі ўнутр ліста, дзе яны гінуць у вадкасці, што выдзяляе расліна.

Г.​У.​Вынаеў.

Дарлінгтонія каліфарнійская.

т. 6, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХПАРНАНО́ГІЯ (Diplopoda),

клас мнаганожак. 13 атр., у т. л. кіўсякі (3 атр.). Каля 50 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Наземныя жывёлы, жывуць у месцах з павышанай вільготнасцю: лясным подсціле, глебе, пад камянямі або бярвёнамі і інш. На Беларусі найб. пашыраны прадстаўнікі атр. касцянак і гроначнікаў. У Белавежскай пушчы 15 відаў, з якіх дамінуюць странгілазома чорная (Strongylosoma pallipcs) і гламеры конекса (Glomeris connexa).

Цела выцягнутае, цыліндрычнае, падзелена на галаву і сегментаванае тулава, большасць членікаў якога мае 2 пары ног (адсюль назва). У большасці 1—2 ядавітыя залозкі. Развіццё з анамарфозам. Кормяцца гніючымі расліннымі рэшткамі. Удзельнічаюць у глебаўтварэнні, спрыяюць гуміфікацыі і мінералізацыі адмерлых ч. раслін. Некат. пашкоджваюць карэнні с.-г. раслін.

т. 6, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)