падатрад (або надсямейства) рыб атр. камбалападобных, 2 сям.: касаротыя, або правабаковыя (Soleidae) і левабаковыя (Cynoglossidae); каля 40 родаў, некалькі дзесяткаў відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных морах (у Азоўскім і Чорным м. трапляюцца касарот — Solea laskaris і салея насатая — S. nasuta), некат. віды — у прэсных водах. Жывуць у прыбярэжнай зоне.
Даўж. да 60 см, маса да 4 кг. Цела падоўжанае, языкападобнае (адсюль назва). Пярэдні край галавы закруглены і выдаецца над рылам. Рот маленькі, косы. Кормяцца беспазваночнымі, дробнай рыбай. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЮКІ́, сарычы (Buteo),
род драпежных птушак сям. ястрабіных атр. сокалападобных. 25 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыкі. На Беларусі 2 віды: К. звычайны (Buteo buteo) і К. касматаногі, або зімняк (B. lagopus).
Пералётныя птушкі. Селяцца ў месцах, дзе лес чаргуецца з адкрытай прасторай (лугі, балоты, высечкі).
Даўж. да 66 см, маса да 1,3 кг. Крылы шырокія, дазваляюць лунаць у палёце. Хвост кароткі, закруглены. Афарбоўка зменлівая; спіна аднатонная, бурая, рыжая ці шэрая, ніз цела паласаты ці плямісты. Гняздуюцца на дрэвах, абрывах берагоў рэк. Нясуць 2—5 яец. Кормяцца грызунамі, насякомымі, паўзунамі, птушкамі. 2 віды і 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМАНЦІ́НЫ (Trichechus),
род водных млекакормячых атр. сірэн. Вядомыя з плейстацэну Паўн. і міяцэну Паўд. Амерыкі. 3 віды, 2 падвіды. Пашыраны каля берагоў Цэнтр. Амерыкі, у р. Амазонка і яе эстуарыі, каля атл. берагоў трапічнай Афрыкі і бас.р. Нігер. Жывуць на марскіх мелкаводдзях, у вусцях і нізоўях рэк. Трымаюцца групамі. Усе віды і падвіды ў Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 5 м, маса да 400 кг. Афарбоўка ад шэрай да чорна-шэрай. У адрозненне ад большасці млекакормячых маюць 6 шыйных пазванкоў. Верхняя губа раздвоеная. Замест разцоў рагавыя пласціны. На ластах 3 сярэднія пальцы з пазногцепадобнымі капыткамі Хваставы плаўнік закруглены. Расліннаедныя. Нараджаюць 1 дзіцяня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРЭ́НАВЫЯ, мурэны (Muraenidae),
сямейства рыб атр. вугрападобных. Каля 18 родаў, больш за 120 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных морах. Жывуць каля берагоў у расколінах камянёў, падводных гротах і пячорах. Найб. вядомыя М. родаў гімнаторакс (Gymnothorax), лікадонтыс (Lycodontis), мурэна (Muraena).
Даўж. ад 10 см да 3 м. Цела змеепадобнае, скура голая. Афарбоўка яркая, разнастайная, з плямамі і палосамі. Грудныя плаўнікі адсутнічаюць. Зубы шматлікія, доўгія, вострыя. Драпежнікі, кормяцца рыбамі, галаваногімі малюскамі, ракападобнымі. У развіцці праходзяць стадыю лептацэфала (кароткае тупое рыла, закруглены хваставы плаўнік, слабая пігментацыя). Аб’ект промыслу. У некаторых відаў М. мяса ядавітае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́РА (грэч. lyra),
назва струнных муз. інструментаў, струны якіх нацягнуты паралельна паверхні рэзанансавага корпуса і прымацаваны зверху да перакладзіны, т.зв. ярма. 1) Стараж.-грэч. струнны шчыпковы муз. інструмент. Мела плоскі закруглены корпус са скураной мембранай, 3—11 струн. У суправаджэнні Л. выконвалі творы эпічнай і лірычнай паэзіі (адсюль лірыка). Сярод шматлікіх разнавіднасцей — удасканаленая кіфара. Падобны тып інструмента быў пашыраны ў многіх стараж. цывілізацыях.
2) Струнныя смычковыя інструменты тыпу лютні, віёлы, фібулы, скрыпкі ў Зах. Еўропе 15—18 ст. 3) Струнны фрыкцыйны муз. інструмент — Л. колавая, вядомы ў Зах. і Усх. Еўропе з 11 ст. Мае драўляны корпус віёльнай, скрыпічнай, гітарнай формы, да верхняй часткі якога прымацавана скрынка (ці галоўка) з калкамі. 1—3 меладычныя струны нацягнуты ўнутры прадаўгаватай скрынкі, размешчанай на верхняй дэцы. Даўжыня іх гучальнай часткі і вышыня тону змяняецца пры націсканні выступаў на другім канцы клавіш. 1—4 бурдонныя струны размешчаны па-за скрынкай. Гук узнікае пры трэнні аб струны кола, якое прыводзіцца ў рух з дапамогай ручкі. Колавая Л. выкарыстоўвалася ў манастырах, пры двары (менестрэлі), у нар. побыце. Творы для колавай Л. пісалі В.А.Моцарт, І.Гайдн, Г.Даніцэці і інш.
На Беларусі вядома з канца 16 — пач. 17 ст.Мясц. назвы лера, рэля, рыля, на бел.-ўкр. памежжы — кобза, бандура, на Чэрвеньшчыне — старэцкая скрыпка. Была звязана пераважна з побытам жабракоў (лірнікаў). Выйшла з нар. ўжытку ў 1930—40-я г. У наш час удасканаленая Л. з дыяпазонам у 2 актавы і храматычным гукарадам выкарыстоўваецца ў Дзярж.акад.нар. аркестры, інстр. групе Дзярж.акад.нар. хору Беларусі, у шматлікіх прафес. («Песняры», «Харошкі», «Свята») і самадз. («Крупіцкія музыкі») ансамблях.
Літ.:
Назина И.Д. Белорусские народные музыкальные инструменты: Струнные. Мн., 1982.