І́СТРУ ((Istru) Багдан) (сапр. Бадароў Іван Спірыдонавіч; 13.4.1914, в. Піструены Лазоўскага р-на, Малдова — 25.3.1993),

малдаўскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Малдовы (1982). Чл.-кар. АН Малдовы (1984). Скончыў Вышэйшае пед. вучылішча ў г. Ясы (1931). Друкаваўся з 1936. У кнігах вершаў і паэм «Заклінанне» (1937), «Голас Радзімы» (1946), «Ад берага да берага» (1958), «Боль ценяў» (1968), «Тысячы галасоў» (1971), «Татарбунар» (1974), апавяданняў «Шлях да святла» (1947) і інш. адлюстраваў найб. важныя гіст. вехі жыцця малд. народа. Аўтар нарысаў, публіцыстычных і крытычных артыкулаў. На бел. мову асобныя творы І. пераклаў А.​Лойка.

Тв.:

Рус. пер. — Избр.: Стихотворения и поэмы. М., 1976.

т. 7, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛАКО́ЎСКІ Аляксей Елісеевіч [16.3.1877, 4-ы Жэхсагонскі наслег Аляксееўскага р-на, Рэспубліка Саха (Якуція) —6.6.1926), якуцкі паэт, вучоны-асветнік; класік якуцкай л-ры. Аўтар песні «Заклінанне Баяная» (1900) — першага літ. твора на як. мове. У паэмах «Партрэты якутак» (1904), «Скупы багач» (1907), «Пракляты да нараджэння» (1913), «Надыход лета» (1924) адлюстраваў побыт і поравы дарэв. Якуціі, выступаў з асуджэннем самадзяржаўя, заклікаў да культ. абуджэння народа. Адзін з першых даследчыкаў мовы, фальклору, гісторыі і этнаграфіі Якуціі. Аўтар навук. прац «Матэрыялы да вывучэння вераванняў якутаў» (1923), «Якуцкія прыказкі і прымаўкі» (1925) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Песня якута. М., 1977.

т. 8, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКО́ННІКАЎ (Сяргей Іванавіч) (н. 16.9.1946, в. Слабада Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1969). Настаўнічаў, працаваў у прэсе, з 1978 у апараце ЦК КПБ, з 1986 гал. рэдактар час. «Полымя». Друкуецца з 1963. Паэзіі ўласцівы грамадз. пафас, публіцыстычнасць, любоў да роднай зямлі, адстойванне сапраўдных духоўных каштоўнасцей, увага да перажыванняў лірычнага героя ў спалучэнні з непрыняццем мяшчанства, спажывецкай маралі. У паэме «Чорная быль» (1990) успрыманне чарнобыльскай трагедыі як драмы народа, знаку катастрофы, болю ў яе сусв. апакаліпсічным вызначэнні. Аўтар зб-каў паэзіі «Бяседа» (1973), «Устань да сонца» (1976), «Пакуль жыве мая бяроза» (1981, Літ. прэмія імя А.​Куляшова 1982), «Вера, Надзея, Любоў» (1983), «Прысак часу» (1986), «Сутнасць», «Вечная далеч» (абодва 1987), «Заклінанне» (1991, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Купалы 1992), кніг эсэістычна-публіцыстычнай прозы «Беларускае сэрца» (1993), «Вячэра пад райскім дрэвам» (1996).

Тв.:

Святая воля: Выбр. лірыка. Мн., 1993.

А.​І.​Сямёнава.

С.І.Законнікаў.

т. 6, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ЙНІК (Барыс Ільіч) (н. 22.10.1935, с. Зачапілаўка Новасанжарскага р-на Палтаўскай вобл.),

украінскі паэт. Акад. АН Украіны (з 1990). Скончыў Кіеўскі ун-т (1958). Паэтызуе стваральную працу, прыгажосць прыроды, героіку сучаснасці і гіст. мінулага Украіны. Аўтар зб-каў паэзіі «Сталь загартоўваюць кавалі» (1962), «Кола» (1968), «На лініі цішыні» (1972), «Ісціна» (1976), «Мера» (1984), кн. літ.-крытычных артыкулаў «Планета паэзіі» (1983), публіцыст. кн. «Князь цемры: Два гады ў Крамлі» (1993) і інш. За зб. «Стаю на зямлі» (1973) Дзярж. прэмія СССР 1975, за зб-кі «Сівая ластаўка» (1979), «У люстры слова» (1981), «Дума аб горадзе» (1982). Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1983, за публіцыст. творы і цыкл вершаў «Скаварада і свет» (1994) Міжнар. прэмія імя Г.​Скаварады 1994. Перакладаў на ўкр. мову творы Г.​Бураўкіна, Н.​Гілевіча, А.​Куляшова. Кнігу выбр. вершаў і паэм Алейніка на бел. мову пераклаў Бураўкін.

Тв.:

Вибр. твори. Т. 1—2. Київ, 1985;

Бел. пер.Заклінанне агню. Мн., 1979.

В.​А.​Чабаненка.

Б.І.Алейнік.

т. 1, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРА́ЎКІН (Генадзь Мікалаевіч) (н. 28.8.1936, в. Тродавічы Расонскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт, дзярж. дзеяч. Скончыў БДУ (1959). Працаваў у прэсе, на радыё. З 1968 карэспандэнт газ. «Правда» па БССР, з 1972 гал. рэдактар час. «Маладосць», з 1978 старшыня Дзярж. к-та БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні. У 1990—94 пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН. Мае ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла. У 1994—95 нам. міністра культуры і друку Беларусі. З 1995 у час. «Вожык». Друкуецца з 1952. У зб-ках «Майская просінь» (1960), «З любоўю і нянавісцю зямною» (1963), «Дыханне» (1966), «Жніво» (1971), «Выток» (1974), «Варта вернасці» (1978, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Купалы 1980), «Пяшчота» (1985), «Гняздо для птушкі радасці» (1986), «Узмах крыла» (1995) і інш. раскрыў біяграфію пакалення, якое прайшло праз пакуты вайны, аднаўляла разбураны край, змагалася за справядлівасць, кахала. Паэзіі Бураўкіна характэрна арганічная сувязь з роднай зямлёй і гісторыяй, любоў да чалавека, роздум над жыццём, грамадз. тэмперамент, высокая духоўнасць, публіцыстычнасць, усведамленне адказнасці за слова. Лірыка яго задушэўная, адкрытая, споведная. Аўтар са з’едлівай іроніяй выступае супраць мяшчанства, бездухоўнасці, раўнадушша. Творы Бураўкіна вылучаюцца маштабнасцю вобразаў, дакладнасцю, прасветленасцю радка, гнуткасцю і мілагучнасцю слова. Аўтар дакумент. аповесці «Тры старонкі з легенды» (1971), кн. для дзяцей «Тры казкі пра Зая» (1974), сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Апаленая памяць» (1975), «Падарожжа па Беларусі» (1976), адзін з аўтараў (з Ф.​Коневым і У.​Халіпам) сцэнарыя 2-серыйнага фільма «Полымя» (1974). Творы Бураўкіна пакладзены на музыку бел. кампазітарамі. Перакладае на бел. мову творы рус., укр. (зб. Б.​Алейніка «Заклінанне агню», 1979), балг. і інш. паэтаў. У 1980—90 дэп. Вярх. Савета Беларусі. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1972.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1986;

Сінія арэлі. Мн., 1987.

Літ.:

Барсток М. Руплівы поўдзень: Нарыс творчасці Генадзя Бураўкіна. Мн., 1984;

Лойка А. Сустрэчы з днём сённяшнім. Мн., 1968. С. 120—125;

Бугаёў Д. Дыханне паэзіі // Бугаёў Д. Шматграннасць. Мн., 1970;

Гніламёдаў У. Споведзь пакалення (Генадзь Бураўкін) // Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976;

Гілевіч Н. Удзячнасць і абавязак. Мн., 1982. С. 149—165;

Барадулін Р. Парастак радка, галінка верша. Мн., 1987. С. 286—299, Панчанка П. Высокі бераг. Мн., 1993. С. 182—188.

І.​У.​Саламевіч.

Г.М.Бураўкін.

т. 3, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)