КЕФІ́РНЫЯ «ГРЫБКІ́»,

закваска для атрымання кефіру з каровінага малака. Уключае казеін і мікраарганізмы: малочна-кіслы стрэптакок (Streptococcus lactis), які зброджвае лактозу з утварэннем малочнай кіслаты; малочна-кіслая палачка (Streptobacterium plantarum), што надае кефіру неабходную кансістэнцыю і смак; малочныя дрожджы (Torulopsis kefir), якія зброджваюць лактозу з утварэннем этылавага спірту і вуглякіслага газу. У высушаным стане К.«г.» — залаціста-жоўтыя зярняты велічынёй з лясны арэх, у малацэ павялічваюць аб’ём у 2—5 разоў. Радзіма К.«г.» — Каўказ, дзе ў стараж. час была адабрана закваска з натуральна складзеным згуртаваннем мікраарганізмаў.

т. 8, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЗАЦЫ́М (ад лізіс + zymē закваска),

мурамідаза, фермент класа гідралаз; разбурае абалонку бактэрыяльнай клеткі (лізіс). Бялок, малекулярная маса каля 14 000, функцыянуе як антыбактэрыяльны бар’ер. Адкрыты ў 1922 А.Флемінгам у слізі з поласці носа. Выяўлены ў многіх тканках і вадкасцях чалавечага арганізма (храстках, селязёнцы, лейкацытах, слязах), у раслінах, бактэрыях і фагах, найб. у яечным бялку. Першы фермент, для якога ўстаноўлена трацічная структура. Прэпарат Л. выкарыстоўваюць у медыцыне.

т. 9, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)