ДРАКО́НТ, Дракон (грэч. Drakōn),
старажытны афінскі заканадавец, архонт. Пры ім у 621 да н.э. на каменных плітах запісаны прававыя звычаі. Паводле законаў Д. скасоўвалася права радавой арыстакратыі на кроўную помсту, карныя функцыі перадаваліся арэапагу. Разам з тым прадугледжваліся вельмі жорсткія пакаранні для тых, хто спакушаўся на чужую ўласнасць (напр., пакаранне смерцю за крадзеж зерня, агародніны). У 594 да н.э. крымінальныя нормы заканадаўства Д. змякчыў Салон. Выразы «драконаўскія законы», «драконаўскія меры» захаваліся ў прымаўках і азначаюць жорсткія мерапрыемствы.
т. 6, с. 196
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУЛЕЙМА́Н I КАНУНІ́ (Süleyman I Kanunî), Сулейман Заканадавец (у еўрап. л-ры — Сулейман Пышны, Вялікі; 27.4.1495—6.9.1566),
турэцкі султан [1520—66]. Вёў заваёўніцкую палітыку, пры ім Асманская імперыя дасягнула найб. магутнасці. Пад яго кіраўніцтвам тур. армія ў 1521 узяла Бялград, разбіла венграў у Мохацкай бітве 1526, у выніку якой б.ч. Венгрыі далучана да Асманскай імперыі. У 1530-я г. ім заваяваны Ірак, в-аў Родас, Трыпалітанія, Алжыр, вёў войны з Іранам за авалоданне Закаўказзем. Пры ім складзены збор законаў (кануннаме). Значную частку багаццяў траціў на будаўніцтва палацаў, культавых збудаванняў і інш.
т. 15, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)