ПАДРА́Д,

1) у цывільным праве дагавор, паводле якога адзін бок (падрадчык) абавязваецца на сваю рызыку выканаць пэўную работу па заданні другога боку (заказчык). Работы выконваюць з матэрыялаў падрадчыка або заказчыка, заказчык абавязваецца прыняць і аплаціць вынікі работы. Парадак заключэння дагавораў на падрад, правы і абавязкі іх удзельнікаў рэгламентуюцца заканадаўствам. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь грамадзянін можа прыняць на сябе выкананне работы па П. ў выпадку, калі гэта не забаронена законам. Падрадчык, які выконвае работу з свайго матэрыялу, нясе адказнасць за яго якасць. Калі з закона або з дагавора не вынікае, што падрадчык павінен выканаць работу асабіста, ён мае права прыцягнуць для выканання работ інш. асоб (субпадрадчыкаў). Са згоды генеральнага падрадчыка заказчык можа заключаць дагаворы на выкананне асобных работ. Спец. правілы існуюць для асобных відаў П. (бытавы П., П. на буд-ва, выкананне праектных, вышукальных работ і інш.).

2) Форма арг-цыі працы, заснаваная на замацаванні за пэўным калектывам часткі або ўсяго аб’ёму работ па вытв-сці прадукцыі, аказанні паслуг (напр., калектыўны П., брыгадны П.).

А.​В.​Моцін.

т. 11, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІЕ́НТ [лац. cliens (clientes)],

1) у Стараж. Рыме свабодны чалавек, які аддаваўся пад заступніцтва знатнага рым. грамадзяніна — патрона і быў у залежнасці ад яго.

2) Пастаянны наведвальнік, пакупнік або заказчык; асоба, якая карыстаецца паслугамі адваката, натарыуса і да т.п. Кола, сукупнасць кліентаў наз. кліентурай.

т. 8, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТРУЯВА́ННЕ,

стварэнне канструкцыі якога-н. збудавання, машыны, мадэлі, вырабу і інш. паводле праекта, плана або разлікаў. Складаныя вырабы распрацоўваюць спец. арг-цыі — канструктарскія бюро (КБ).

К. пачынаецца з задання, якое дае заказчык. У ім указваюцца зыходныя патрабаванні, напр., для машыны — яе прызначэнне і асн. параметры. КБ складае тэхн. заданне — гал. дакумент для канструктара. Пры К. ствараюць новыя дэталі машыны, падбіраюць існуючыя (камплектуючыя) з улікам стандартызацыі, узаемазамяняльнасці і уніфікаванасці дэталей і вузлоў. Матэрыял для канструкцыі падбіраюць з улікам яго тэхналагічнасці, трываласці і надзейнасці. Побач з інж. К. існуе і мастацкае канструяванне ў адпаведнасці з прынцыпамі тэхнічнай эстэтыкі. Гл. таксама Праектаванне.

т. 7, с. 596

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМІ́ТНЫЯ ЦЭ́НЫ,

цэны на новыя віды прадукцыі (тавары, вырабы), якія распрацоўваюцца на стадыі іх праектавання. Уяўляюць сабой максімальна дапушчальныя цэны і вызначаюцца на падставе вартасцей ацэнкі паляпшэння спажывецкіх якасцей новай прадукцыі, забяспечваюць эканам. зацікаўленасць спажыўца ў яе набыцці. Служаць крытэрыем гранічнага ўзроўню затрат на праектаваную прадукцыю з улікам яе эфектыўнасці. Л.ц. выкарыстоўваюцца ў капітальным буд-ве для разліку каштарыснага кошту машын, абсталявання, матэрыялаў, на якія адсутнічаюць адпускныя цэны. Л.ц. могуць таксама быць мінімальна гарантаванымі цэнамі, што ўстанаўліваюцца на вызначаны тэрмін і па якіх заказчык гарантуе вытворцу ажыццяўляць закупку дадзенага тавару.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 9, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВЕ́СТАР (англ. investor укладчык ад лац. investio апранаю, надзяваю),

фізічная або юрыд. асоба, якая прымае рашэнне і ажыццяўляе ўкладанні ўласных, пазыковых і інш. прыцягнутых маёмасных і інтэлектуальных каштоўнасцей у інвестыцыі. І. могуць быць: орган, упаўнаважаны кіраваць дзярж. маёмасцю; арг-цыі, прадпрыемствы, прадпрымальніцкія аб’яднанні, грамадскія арг-цыі і інш. юрыд. асобы любой формы ўласнасці; міжнар. арг-цыі, замежныя юрыд. асобы; замежныя і айч. грамадзяне і інш. У якасці І. можа выступаць заказчык — будучы ўладальнік і карыстальнік вынікаў праекта. У інш. выпадках І. заключае дагавор з заказчыкам, кантралюе выкананне кантрактаў і ажыццяўляе разлікі з інш. ўдзельнікамі праекта.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЛУ́ГІ,

1) віды дзейнасці, работ, якія выконваюцца на заказ і не прыводзяць да стварэння самастойнага прадукту, тавару. Гэта даброты, што прадастаўляюцца не ў выглядзе рэчаў, а ў форме дзейнасці (бытавое, камунальнае, трансп. абслугоўванне і інш.). Адрозніваюць П. матэрыяльныя, нематэрыяльныя, спажывецкія і вытворчыя. Галіны, якія ствараюць П., складаюць аснову вытв. і сац. інфраструктуры нар. гаспадаркі.

2) Дагавор, які ажыццяўляецца на аснове паслуг. У прыватнасці, агульныя палажэнні цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб падрадзе дастасоўваюцца да дагавораў аказання П. сувязі, мед., вет., аўдытарскіх, кансультацыйных, інфарм., П. па навучанні, турыстычным абслугоўванні і інш. Паводле гэтых дагавораў адзін бок абавязваецца па заданні другога боку зрабіць П., а заказчык абавязваецца аплаціць іх.

т. 12, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)