ВАДАНО́САЎ Мікола

(Мікалай Міхайлавіч; н. 4.1.1923, Мінск),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1982). Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1959). Працаваў тэхнікам на Бел. радыёцэнтры, у выд-вах «Беларусь» і «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1948. Займальны сюжэт, элементы прыгодніцтва ў кн. для дзяцей «Першае знаёмства» (1954), «Апошні вадзянік» (1964), «Хатабыч-малодшы» (1965), «Лясныя прыгоды» (1976), «Скарб Загорскай камяніцы» (1985) і інш. У кнігах апавяданняў і аповесцяў «У Баркоўскай пушчы» (1956), «Надзеі і здзяйсненні» (1963), «Пад чужым паролем» (1971), «Дзень — і ўсё жыццё» (1988) і інш. закранае маральна-этычныя праблемы, паказвае гераізм народа ў час вайны. Выступае і як гумарыст (зб. «Левыя ногі», 1983).

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1983.

т. 3, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРБЕ́КА Іван Сцяпанавіч

(н. 10.11.1934, в. Серабрышча Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. паэт і літ.знавец. Скончыў БДУ (1958). З 1958 у Літ. музеі Я.Купалы, з 1964 у Літ.-мемарыяльным музеі Я.Коласа. Друкуецца з 1958. Выдаў зб. гумарыстычных вершаў «Абы здароўе» (1979), кн. лінгвістычных загадак (шарады, метаграмы, лагагрыфы, анаграмы) «Хітрыя літары» (1991), зб. «Руска-беларускія крыжасловы: Займальны дапаможнік для ўдасканалення мовы» (1993), альбомы «Янка Купала» (1965, 2-е выд. 1983), «Якуб Колас» (1967, 2-е выд. 1980, у сааўт.), «Якуб Колас: Жыццё і творчасць» (1974, у сааўт.). Складальнік зб. «Успаміны пра Якуба Коласа» (1982). Творы К. змешчаны таксама ў калект. зб-ках «Асцюкі за каўняром» (1989), «Вожык смяецца» (1992) і інш.

І.У.Саламевіч.

т. 9, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АПО́ВЕСЦЬ ПРА БАВУ́»,

помнік бел. перакладной л-ры, сярэдневяковы рыцарскі раман. Узнік у Францыі. Бел. пераклад зроблены ў 2-й пал. 16 ст. з сербскага тэксту і паслужыў крыніцай шэрагу рус. спісаў. Збярогся ў т.зв. Пазнанскім зборніку. Мае займальны любоўна-авантурны сюжэт. Асн. змест — незвычайныя прыгоды сына цара Гвідона і царыцы Мілітрысы (у бел. рэд. — Мератрысы) у яго змаганні за бацькаўскую спадчыну і царэўну Дружнену. У імя кахання Бава праходзіць выпрабаванні, здзяйсняе волатаўскія подзвігі, пасля шчасліва вяртаецца на радзіму і карае смерцю падступную маці і яе палюбоўніка Дадона, забойцаў свайго бацькі. «Аповесць пра Баву» нагадвае твор нар. гераічнага эпасу, у якім выкарыстаны прыёмы гіпербалізацыі: Бава валодае надзвычайнай сілаю, героем выступае напаўчалавек-напаўсабака Палкан і інш. Драматычна напружаны сюжэт, багацце казачнага элемента спрыялі папулярнасці рамана, які бытаваў ва ўсх. славян да 20 ст., пранік у фальклор, стаўшы нар. казкаю.

В.А.Чамярыцкі.

т. 1, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АЛЕКСАНДРЫ́Я»,

помнік сусв. л-ры, які апісвае жыццё, подзвігі і прыгоды Аляксандра Македонскага. Нап. ў 2—3 ст. ў Егіпце на грэч. мове і паслужыла крыніцай для шматлікіх празаічных і вершаваных перапрацовак і рэдакцый. Аляксандр паказаны выдатным палкаводцам і ўсемагутным валадаром, чалавекам высокіх фіз. і маральных якасцяў, моцнага характару, глыбокага розуму. Сюжэт «Александрыі» займальны, драматычна напружаны. Першыя бел. пераклады «Александрыі» з’явіліся ў 15 ст. На Беларусі бытавалі ў 2 рэдакцыях — лацінскай і сербскай. Крыніцай бел. перакладу лацінскай рэдакцыі было адно з польскіх друкаваных выданняў 16 ст. Яна больш сугучная раннегуманіст. ідэалам духоўнай велічы і годнасці чалавека, яго зямных спраў. Сербская рэдакцыя пазнейшая, з новымі героямі, інакшым выкладам некат. падзей і эпізодаў, перапрацавана ў духу хрысц. ідэалогіі, з больш моцным гучаннем тэмы марнасці чалавечага жыцця. Бел. пераклады «Александрыі» — важная крыніца пазнання этычных і эстэт. уяўленняў і маст. густаў бел. чытачоў эпохі феадалізму, вывучэння бел. літ. мовы. Бел. спісы «Александрыі» апубл. У.В.Анічэнка ў кн. «Александрыя» (1962).

В.А.Чамярыцкі.

т. 1, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)