інтэгральнае паняцце, выпрацаванае тэарэтычным навук. мысленнем для цэласнага разумення чалавека ў яго гіст. і індывід, развіцці. Дае магчымасць: пазбегнуць аднабаковых тлумачэнняў паходжання чалавека (з пазіцый антрапа- і сацыягенезу, біялагізатарства, расізму, нацыяналізму); разглядаць пачатак чалавечай гісторыі ў дынаміцы эвалюцыйна-біял. перадумоў і матэрыяльна-дзейнасных фактараў гамінізацыі; зразумець прыроду як «неарганічнае цела» чалавека, што фарміруецца ў гіст. працэсе грамадства.
Выкарыстанне прынцыпу гістарызму да антрапалагічных праблем дае магчымасць раскрыць сац. сутнасць матэрыяльнага (фізічнага, біялагічнага) цела чалавека на ўзроўні яго філа- і антагенезу. Вял. мозг, рукі, здольнасць прама хадзіць, мысліць, гаварыць і інш. ўласцівыя чалавеку рысы — усё гэта жывая матэрыя, прырода. У той жа час гэта прырода чалавека фарміруецца самім соцыумам у працэсе яго гіст. развіцця. Дзіця пры нараджэнні атрымлівае ў спадчыну матэрыяльныя формы і задаткі чалавека, але самі па сабе яны яшчэ не робяць яго чалавекам. Ці стане мысліць і гаварыць дзіця, аб чым яно будзе мысліць і на якой мове размаўляць — усё залежыць ад сац. умоў жыцця. Антрапасацыягенез мае на мэце і даследаванне перспектыў змены матэрыяльных формаў і патэнцый чалавека ў працэсе натуральна-гіст. развіцця соцыуму, яго дэфармацыі і дэградацыі.
Літ.:
Ефимов Ю.И. Философские проблемы теории антропосоциогенеза. Л., 1981;
Проблемы современной антропологии. Мн., 1983;
Поршнев Б.Ф. О начале человеческой истории. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕСТАЛО́ЦІ ((Pestalozzi) Іаган Генрых) (12.1.1746, г. Цюрых, Швейцарыя — 17.2.1827),
Швейцарскі педагог, адзін з заснавальнікаў дыдактыкіпач. навучання. Скончыў 2 курсы калегіума Каралінум. У 1774—80 узначальваў «Установу для бедных у Найхафе», у 1798—99 — прытулак для сірот у Станцы, у 1800—04 — ін-ты ў Бургдорфе і ў 1805—25 у Івердоне. У сваім светапоглядзе спалучаў ідэі франц. асветнікаў, у асн. Ж.Ж.Русо, з тэорыямі ням. філосафаў Т.Лейбніца, І.Канта, І.Г.Фіхтэ і інш. Аўтар шматлікіх пед. і літ. твораў, у т. л. «Лінгард і Гертруда» (1781—87), «Як Гертруда вучыць сваіх дзяцей» (1801), «Пісьмо да сябра пра знаходжанне ў Станцы» (1799), трактата «Лебядзіная песня» (1826) і інш. Паводле П., выхаванне павінна быць прыродазгодным (улічваць прыроду дзіцяці і закладзеныя ў ім задаткі). Важнай задачай выхавання лічыў развіццё ў дзяцей высокіх маральных пачуццяў, фарміраванне маральнай свядомасці і перакананняў. Навучанне імкнуўся будаваць на псіхал. аснове (пачуццёвым пазнанні), выкладаў ідэю развіццёвага навучання (К.Дз.Ушынскі назваў яе «вялікім адкрыццём П.»). Сфармуляваў дыдактычныя прынцыпы паслядоўнасці ў навучанні, адстойваў прынцып сістэматычнасці, вял. значэнне надаваў нагляднасці. Прыхільнік злучэння навучання і прац. актыўнасці. Яго ідэі паўплывалі на развіццё дыдактыкі і педагогікі.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. пед. соч. Т. 1—2. М. 1981.
Літ.:
Пинкевич А.П. И.Г.Песталоцци. М., 1933;
Кларин В.М. Теория элементарного образования // Магистр. 1993. №2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕН (ад грэч. genos род, паходжанне),
спадчынны фактар, структурна-функцыянальная адзінка генетычнага матэрыялу, адказная за фарміраванне якой-небудзь элементарнай прыкметы. З дапамогай гена адбываецца запіс, захаванне і перадача генетычнай інфармацыі. Умоўна ген можна ўявіць як адрэзак малекулы ДНК (у некаторых вірусаў і фагаў — малекулы РНК), які ўключае нуклеапратэідную паслядоўнасць з закадзіраванай у ёй першаснай структурай поліпептыду (бялку) або малекулы транспартнай ці рыбасомнай РНК, сінтэз якіх кантралюецца гэтым генам. У вышэйшых арганізмаў (эўкарыёт) ген знаходзіцца ў храмасомах і ў арганелах цытаплазмы (мітахондрыях, хларапластах і інш.); кожны з іх займае ў храмасоме дакладнае месца — локус. Сукупнасць усіх генаў арганізма складае яго генатып. Кожны ген, які ўключае ад некалькіх соцень да 1500 нуклеатыдаў, адказны за сінтэз пэўнага бялку (поліпептыднага ланцуга), ферменту і г.д. Кантралюючы іх утварэнне, ген кіруе ўсімі хім. рэакцыямі арганізма і тым самым вызначае яго прыкметы (гл.Генетычны код).
Дыскрэтныя спадчынныя задаткі адкрыў у 1865 Г.Мендэль, у 1909 В.Іагансен назваў іх генам. У 1911 Т.Морган і яго супрацоўнікі даказалі, што ген з’яўляецца ўчасткам храмасомы, склалі першыя храмасомныя карты, на якіх пазначылі размяшчэнне асобных генаў на храмасомах (гл.Генетычная карта храмасом). Адрозніваюць гены: структурныя, што нясуць інфармацыю пра паслядоўнасць амінакіслот у поліпептыдзе, і рэгулятарныя (кантралююць і рэгулююць дзейнасць структурных генаў); алельныя і неалельныя (гл.Алелі); паводле лакалізацыі на храмасоме аўтасомныя (гл.Аўтасомы) і счэпленыя з полам (гл.Палавыя храмасомы). Важная ўласцівасць генаў — спалучэнне іх высокай устойлівасці (нязменнасці ў шэрагу пакаленняў) са здольнасцю да мутацый, якія служаць асновай зменлівасці арганізмаў, што дае матэрыял для натуральнага адбору; у чалавека зрэдку прыводзіць да генных хвароб (гл.Спадчынныя хваробы). Распрацаваны метады выдзялення, сінтэзу і кланавання (размнажэння) генаў. Створаны банк генаў для розных груп арганізмаў.