КАРАВА́ЙКІ (Plegadis),

род птушак сям. ібісавых атр. буслападобных. 2 віды. Пашыраны на Пд Еўропы, Пд і ПдУ Азіі, у Амерыцы, Аўстраліі, Афрыцы. На Беларусі К. (P. falcinellus) — рэдкая залётная птушка. Жывуць калоніямі ў чаротавых зарасніках, на дрэвах па берагах вадаёмаў.

Даўж. цела да 66 см, дзюбы да 15 см, маса да 800 г. Апярэнне чырвона карычневае з метал. адлівам на спіне, крылах, хвасце. Канец дзюбы дугападобна загнуты ўніз. Кормяцца жабамі, апалонікамі, чарвямі, насякомымі.

Каравайка.

т. 8, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́У-ЧА́У,

парода дэкаратыўных сабак з групы шпіцаў. Выведзена ў старажытнасці ў Кітаі для палявання на буйных звяроў, таксама дзеля мяса і футра. Гадуюць сабакаводы-аматары ва ўсім свеце.

Масіўныя, моцнага целаскладу, квадратнага фармату. Выш. ў карку 46 см і больш. Галава вялікая, морда кароткая, грудзі шырокія. Язык чорны. Хвост загнуты кольцам на спіне. Шэрсць прамая, з моцна развітай поўсцю, асабліва доўгая на шыі, лапах, хвасце. Масць аднародная рыжая розных адценняў, чорная, шэрая, белая.

Чау-чау.

т. 17, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРПІЁНАВЫ МУ́ХІ (Mecoptera),

атрад насякомых. Каля 300 відаў. Пашыраны ўсюды. Вядомы з пермскага перыяду. Трапляюцца ў цяністых месцах, на палянах лісцевых лясоў, паблізу штучных насаджэнняў, на снезе, лёдзе. На Беларусі адзначаны панорпа, або скарпіённіца звычайная (Panorpa communis), лядоўнік звычайны (Boreus westwoodi).

Даўж. да 3 см. Галава прадаўгаватая, падобная да дзюбы. Ротавы апарат грызучага тыпу. Вусікі ніткападобныя. Крылы празрыстыя, сеткаватыя, у некат. зачаткавыя, ёсць і бяскрылыя віды. Брушка членістае (з 10 сегментаў). Задні канец яго загнуты ўверх, у самцоў уздуты, як у скарпіёнаў (адсюль назва). Ператварэнне поўнае. Кормяцца расл і жывёльнымі рэшткамі, пылком і нектарам кветак, ёсць драпежнікі.

Скарпіёнава муха.

т. 14, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЛІКАЗА́ЎРЫ (Pelycosauria),

атрад вымерлых найб. стараж. і прымітыўных паўзуноў падкл. зверападобных. Вядомы з сярэдняга карбону (каля 320 млн. г. назад) Еўропы, Паўн. Амерыкі і Паўд. Афрыкі. 4 падатр., каля 90 відаў. П. вялі водны і паўводны лад жыцця.

Даўж. ад 20 см да 6 м. Чэрап высокі, вузкі. Сківічныя зубы канічныя, загнуты назад. У некат. відаў былі «рогі», для некат. (эдафазаўры) характэрна моцнае развіццё асцявых адросткаў тулаўных пазванкоў (даўж. да 60 см), што ўтваралі «парус», укрыты скурай (магчыма, выконваў функцыю тэрмарэгуляцыі). Заднія канечнасці даўжэйшыя за пярэднія. Большасць — драпежнікі, некат. малюскаедныя, насякомаедныя, расліннаедныя. Рэшткі маюць стратыграфічнае і палеагеагр. значэнне.

П.​Ф.​Каліноўскі.

Да арт. Пеліказаўры. Эдафазаўр.

т. 12, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЙКІ,

група парод універсальных паляўнічых сабак. Пашыраны ў тундравай і лясной зонах Паўн. паўшар’я. Некат. пароды выкарыстоўваюцца як ездавыя (Л. эскімоская, паўн.-ўсходняя ездавая, аляскінскі маламут), пастухоўскія (Л. ненецкая). На Беларусі гадуюць Л.: руска-еўрап. (выш. ў карку да 58 см, масць чорная з белым), зах.-сібірскую (выш. да 60 см, масць белая, шэрая, рабая), усх.-сібірскую (выш. да 63 см, масць белая, шэрая, рабая, рыжая), карэла-фінскую (выш. да 48 см, масць рыжая).

Склад цела сухі, моцны. Галава клінападобная, вушы стаячыя, трохвугольныя. Поўсць прамая, з густым падшэрсткам. Хвост загнуты на спіну. Вынослівыя, рухавыя сабакі з развітым паляўнічым інстынктам.

Э.​Р.​Самусенка.

Лайкі: 1 — руска-еўрапейская; 2 — карэла-фінская; 3 — усходнесібірская; 4 — маламут.

т. 9, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАВЫ́ АРКЕ́СТР, рагавая музыка,

самабытны тып аркестра медных духавых інструментаў. Вядомы ў Расіі ў сярэдзіне 18—1-й пал. 19 ст. Упершыню створаны ў Пецярбургу чэш. валтарністам Я.​А.​Марашам, прыдворным капельмайстрам аркестра С.​К.​Нарышкіна. Не меў аналага ў зах.-еўрап. краінах. На Беларусі быў у Шклоўскім тэатры Зорыча.

Складаўся з удасканаленых паляўнічых рагоў розных памераў (ад 9,5 да 225 см), якія выраблялі з ліставой медзі, мелі канічную форму і парабалічна загнуты канец трубкі каля муштука. Р.а. поўнага складу ўключаў 91 рог, кожны з якіх выдаваў адзін гук пэўнай вышыні. Гучанне Р.а., магутнае і разам з тым мяккае, аксамітавае, вібрыраванае, нагадвала гучанне своеасаблівага аргана. Напачатку Р.а. абслугоўвалі прыдворныя святы, балі, прагулкі «на вадзе», феерверкі, маскарады, паляўнічыя выезды, суправаджалі серэнады. У канцы 18 — пач. 19 ст. іх выкарыстоўвалі ў публічных тэатр. пастаноўках і канцэртах. Часта былі адзінымі выканаўцамі інстр. музыкі ў правінцыяльных гарадах і памешчыцкіх сядзібах. Лепшыя Р.а. мелі даволі багаты і разнастайны рэпертуар — ад апрацовак нар. песень і танцаў да оперных уверцюр, сімфоній. Як спецыфічная з’ява муз. культуры знік у 1830-я г.

Літ.:

Вертков К. Русская роговая музыка. Л.;

М., 1948.

І.​Дз.​Назіна.

т. 13, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)