КАНФЛІ́КТ мастацкі,

процідзеянне, супярэчнасць, процілегласць як прынцып узаемаадносін паміж вобразамі маст. твора. Тэрмін «К.» традыцыйна ўжываецца да выяўл.-дынамічных відаў і жанраў мастацтва: л-ры (драма, эпічныя жанры, часам — лірыка), тэатра, кіно. К. — аснова і рухаючая сіла дзеяння, вызначае гал. стадыі развіцця сюжэта: пачатак К. — завязка, найб. яго абвастрэнне — кульмінацыя. яго вырашэнне — развязка. Звычайна К. выступае ў выглядзе калізіі (часам гэтыя тэрміны трактуюцца як сінонімы) — пра<SIGN> сутыкнення і процідзеяння паміж дзеючымі сіламі (характарамі і абставінамі, некалькімі характарамі або рознымі бакамі аднаго характару). У эпасе, драме, рамане, навеле, кінасцэнарыі звычайна складае ядро тэмы і праблематыкі, характар яго вырашэння паўстае як вызначальны момант маст. ідэі. У лірыцы К. можа адсутнічаць зусім, часам праяўляецца ў спецыфічным лірычным сюжэце, часта — па-за сюжэтам, у прамым лірычным сцвярджэнні, у семантычнай антытэзе, сінтакс. паралелізме і інш. К. арганізуе маст. твор на ўсіх узроўнях — ад тэматычнага да канцэптуальнага, надае кожнаму вобразу яго якасную адметнасць у проціпастаўленні інш. вобразам.

Л.​В.​Халенда.

т. 8, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІ́НДАЧКА,

у беларусаў дзявочы галаўны ўбор. Называлі таксама апаяска, завязка, шырынка. Кроілі ў выглядзе ручніка з даматканага кужэльнага палатна рознай танальнай адбелкі, радзей з белага паркалю або з бела-чырвонай у бела-блакітныя папярочныя паскі баваўнянай даматканкі (шыр. 10—30, даўж. 70—140 см). Завязвалі на патыліцы так, каб не закрывала макаўку галавы, а свабодныя канцы звісалі на спіну ці грудзі. Шылі С. з 3 частак — вузкай, сярэдняй і шырокіх бакавых. Шырокія С. складвалі па даўжыні ў 2—4 столкі; у тую частку, што абвязвала галаву, устаўлялі паперу, кардон, луб або падшывалі палатно. Святочныя С. аздаблялі вышыўкай (крыжыкам, процягам, мярэжкай, гафтам), узорыстым натыканнем, карункамі, мохрыкамі, аплікацыяй і інш. Часцей выкарыстоўвалі геам. арнамент: па канцах С. размяшчалі шырокі ўзорысты шляк, адзін або два падоўжныя бакі аздаблялі вузкімі ўзорыстымі паскамі. Каларыт арнаменту чырвона-малінавы з чорнымі і блакітнымі ўкрапінамі, радзей белы з чырвоным. У вясельным касцюме С. дапаўняў вянок з кветак. Шырока бытавала да канца 19 ст. амаль па ўсёй Беларусі, у 1-й пал. 20 ст. захавалася ў калінкавіцкім строі.

М.​Ф.​Раманюк.

Дзяўчына ў скіндачцы. Светлагорскі раён Гомельскай вобл. Пачатак 20 ст.

т. 14, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)