БАРЫ́САЎСКІЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНЫЯ ЗАВО́ДЫ.
Дзейнічалі ў Беларусі ў 1875—1914 у маёнтку Старабарысаўскі Барысаўскага пав. (цяпер у межах г. Барысаў) і ў г. Барысаў. У 1908 на адным з іх былі створаны мукамольна-крупяное, дражджавое і спіртавое прадпрыемствы пад назвай «Заводы Літва». Мелі паравыя машыны, катлы і рухавікі, дынама-машыну. Выраблялі дошкі, рэйкі, брусы. У 1908 працавалі 176 рабочых.
т. 2, с. 333
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІЯ ЛЕСАПІ́ЛЬНЫЯ ЗАВО́ДЫ.
Дзейнічалі ў 1892—1914 у г. Бабруйск Магілёўскай вобласці (усяго 10 з-даў і мануфактур). Выкарыстоўваліся лакамабілі, паравыя катлы і рухавікі. Выраблялі струганы лес, дошкі, гонты, драніцу, мэблю і інш. Працавалі па 12—59 і больш рабочых (да 194 у 1913).
т. 2, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІЯ КРУХМА́ЛА-ПА́ТАЧНЫЯ ЗАВО́ДЫ.
Дзейнічалі ў 1900—13 у Мінску. Выпускалі бульбяны крухмал. Мелі паравыя машыны. На з-дзе акц. т-ва «Сокал» (1900—13) у 1910—11 працавала 80 рабочых. На з-дзе акц. т-ва «Прасвет» (1903—13) у 1912 працавала 155 рабочых. Гадавая сума прадукцыі ў 1913 склала 200 тыс. руб.
т. 10, с. 456
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІЯ КАФЛЯ́НА-ГАНЧА́РНЫЯ ЗАВО́ДЫ.
Дзейнічалі ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў Мінску. Мелі газавыя і паравыя рухавікі, лакамабіль, паравыя катлы. На з-дзе купца Авербаха (дзейнічаў у 1897—1914) у 1898 працавала 47 чал., выпушчана тэракотавых вырабаў на 2,8 тыс. руб., ганчарных на 25 тыс. руб., кафлі на 22,5 тыс. руб. На з-дзе купца Поляка (дзейнічаў з 1883 як з-д кафлянай пліткі) у 1895 працавала 67 чал., выпушчана кафлі, тэракотавых аздабленняў і вогнетрывалай цэглы на 25,1 тыс. руб. Гл. таксама Мінскі фарфоравы завод.
т. 10, с. 456
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕМЯННЫ́Я ГАСПАДА́РКІ, племгасы,
жывёлагадоўчыя гаспадаркі, што маюць высокапрадукц. статак жывёл пэўнай пароды, прыплод ад якога гадуюць на племя. Уключаюць племянныя заводы, саўгасы і фермы, кантрольна-выпрабавальныя станцыі і плем. рэпрадуктары.
Племянныя заводы займаюцца ўдасканаленнем існуючых і вывядзеннем новых парод, забяспечваюць прадпрыемствы каштоўнымі чыстакроўнымі жывёламі. Племянныя саўгасы і фермы разводзяць чыстапародных жывёл для ўласнага статка. На кантрольна-выпрабавальных станцыях ацэньваюць быкоў малочных парод, бараноў, свінаматак па якасці патомства, быкоў мясных парод па ўласнай прадукцыйнасці, праводзяць выпрабаванні парод і ліній свіней на спалучальнасць. Племянныя рэпрадуктары прызначаны для вырошчвання двухпародных свінаматак.
На Беларусі больш за 20 плем. заводаў: па развядзенні чорна-пярэстай малочнай пароды і мясной пароды шарале буйн. раг. жывёлы («Чырвоная зорка» Клецкага, «Карэлічы» Карэліцкага, «Рось» Ваўкавыскага, «Ведрыч» Рэчыцкага, «Прамень» Бярозаўскага і «Дружба» Кобрынскага р-наў); па бел. тыпу буйной белай і чорна-рабой пародах свіней («Нача» Ляхавіцкага, «Рэканструктар» Талачынскага, «Порплішча» Докшыцкага, «Ціманава» Клімавіцкага, «Леніна» Горацкага, імя Дзяржынскага Капыльскага р-наў); конныя заводы («Зарэчча» Смалявіцкага, эксперым. база «Ніва» Лідскага р-наў, Гомельскі, Мсціслаўскі) і інш. Каля 70 плем. саўгасаў і ферм.
П.П.Ракецкі.
т. 12, с. 423
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́НСІНГ (Lansing),
горад у ЗША, на р. Гранд-Рывер. Адм. ц. штата Мічыган. Засн. ў 1837. 127 тыс. ж., з прыгарадамі 435 тыс. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр аўтамаб. прам-сці. Станкабудаванне, выпуск трактароў, помпаў, с.-г. прылад. Цукр. заводы. Ун-т.
т. 9, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПО́ЙСКІ КАФЛЯ́НЫ ЗАВО́Д Дзейнічаў у 1909—14 у мяст. Прапойск Быхаўскага пав. (цяпер г. Слаўгарад Магілёўскай вобл.). У 1913 працавала 60 рабочых, выраблена кафлі глазураванай на 50 тыс. руб. У 1914 увайшоў у склад акц. т-ва «Аляксандраўскія кафляныя заводы». Гл. Аляксандраўскі кафляны завод.
т. 13, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВА-ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ (НВА),
адзіны навук.-вытв. і гасп. комплекс, у склад якога ўваходзяць н.-д., канструктарскія, праектна-канструктарскія і тэхнал. ўстановы і арг-цыі, заводы і інш. структурныя адзінкі. Створаны ў СССР у канцы 1960-х г. як адна з форм злучэння навукі з вытворчасцю. Найбуйнейшыя НВА на Беларусі «Агат», «Інтэграл», «Планар» і інш.
т. 11, с. 108
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДРАЎСКІ КАФЛЯ́НЫ ЗАВО́Д.
Дзейнічаў на Беларусі ў 1873—1914 у в. Аляксандраўка Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. Вырабляў кафлю, тэракоту, паліву. У 1895 былі 2 конныя рухавікі. У 1898 працавалі 59, у 1913 — 38 рабочых. У канцы 19 ст. ўзнікла акц. кампанія «Аляксандраўскія кафляныя заводы» з новымі з-дамі ў Аляксандраўцы і Прапойску (цяпер г. Слаўгарад).
т. 1, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІПАЛО́ГІЯ (ад грэч. hippos конь + ...логія),
навука пра коней. Вывучае анатомію, фізіялогію, біялогію размнажэння, пародаўтварэнне і інш. Творы па І. з’явіліся за некалькі стагоддзяў да н.э.; уключалі практычныя звесткі пра экстэр’ер, выездку і выкарыстанне коней. У далейшым комплекс біял., заатэхн. і вет. ведаў пра коней пашырыўся. На Беларусі з 19 ст. існавалі дзярж. конныя заводы і заводскія стайні, пазней узніклі племянныя станцыі і конегадоўчыя фермы, на якіх у наш час вядзецца племянная работа, выпрабаванне коней, павелічэнне іх пагалоўя і інш. Вядучая навук. ўстанова — Бел. НДІ жывёлагадоўлі. Гл. таксама Конегадоўля.
т. 7, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)