ЛЕ́ТА (ад грэч. lēthē забыццё),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі персаніфікацыя забыцця, дачка багіні разладу Эрыды. Імем Л. названа рака ў Аідзе. Лічылася, што душы памерлых, якія папілі вады з гэтай ракі, забываюць пра сваё зямное жыццё. Адсюль другая назва Л. — «рака забыцця» і выраз «кануць у Лету» — быць забытым, знікнуць без следу.

т. 9, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕТАРГІ́Я (грэч. lēthargia ад lētē забыццё + argia бяздзейнасць),

паталагічны стан чалавека, аслабленне ўсіх праяў жыцця (несапраўдная смерць), адсутнасць рэакцый на знешнія раздражняльнікі. Сустракаецца пры істэрыі, агульным знясіленні, пасля моцных хваляванняў. Прыступы раптоўныя, працягваюцца ад некалькіх гадзін да многіх дзён. Свядомасць пры Л. захоўваецца: хворыя ўспрымаюць і запамінаюць навакольнае, але не рэагуюць на яго.

т. 9, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМНІ́СТЫЯ (ад грэч. amnēstia забыццё, дараванне),

вызваленне ад крымін. адказнасці, замена назначанага судом пакарання больш мяккім або зняцце судзімасці. Ажыццяўляецца на аснове акта вышэйшага прадстаўнічага органа дзярж. улады ці кіраўніка дзяржавы. Можа быць агульнай для ўсіх асоб, засуджаных або прыцягнутых да крымін. адказнасці па шэрагу артыкулаў крымін. закону, або частковай (адносіцца да асоб, якія ўчынілі злачынствы толькі пэўнай катэгорыі). Права амністыі ў Рэспубліцы Беларусь мае Вярх. Савет. Ад амністыі адрозніваюць памілаванне.

т. 1, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАГО́Н ((Aragon) Луі) (3.10.1897, Парыж — 24.12.1982),

французскі пісьменнік, паліт. дзеяч. Чл. Ганкураўскай акадэміі. Ганаровы д-р Маскоўскага і Пражскага ун-таў (1966). З 1915 вучыўся на мед. ф-це ў Парыжы. Удзельнік 1-й сусв. вайны, грамадзянскай вайны ў Іспаніі 1936—39, у 2-ю сусв. вайну — франц. Руху Супраціўлення. Раннія творы напісаны ў духу дадаізму (зб. вершаў «Феерверк», 1920; раман «Анісе, ці Панарама», 1921) і сюррэалізму (раман «Парыжскі селянін», 1926). На пачатку 1930-х г. перайшоў на пазіцыі рэалізму: зб-кі вершаў «Ура, Урал!» (1934), «Нож у сэрца» (1941), «Вочы Эльзы» (1942), цыкл раманаў «Рэальны свет» (1934—51), раман-эпапея «Камуністы» (т. 1—6, 1949—51, апошняя рэд. 1967—68), гіст. раман «Перадвелікодны тыдзень» (1958). Эпічны размах у спалучэнні з лірычнасцю і філас. роздумам характэрныя для раманаў «Пагібель усур’ёз» (1965), «Бланш, ці Забыццё» (1967), «Тэатр-раман» (1974). Апавяданні розных гадоў склалі зб. «Салгаць — праўду сказаць» (1980). У кн. «Савецкія літаратуры» (1955) Арагон уключыў раздзел пра бел. л-ру. Пераклаў на франц. мову вершы «А хто там ідзе?», «Я не паэта», урыўкі з паэмы «Над ракою Арэсай» Я.​Купалы, верш П.​Броўкі. Творы Арагона на бел. мову перакладалі Э.​Агняцвет, Р.​Барадулін, З.​Колас, С.​Ліхадзіеўскі, Н.​Мацяш.

Тв.:

Choix de poèmes. Moscou, 1959;

Бел. пер. — Базельскія званы. Мн., 1937;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—11. М., 1957—61;

Поэзия. М., 1980.

Літ.:

Балашова Т.В. Творчество Арагона. М., 1964.

т. 1, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)