КУР’ЁЗ (ад франц. curieux, curieuse забаўны, цікавы),

недарэчны выпадак, смешнае здарэнне.

т. 9, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКО́ЎСКАЯ (Марыя Паўлаўна) (30.5. 1910, Рыга — 10.4.1981),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1966). Скончыла студыю пры Бел. т-ры імя Я.​Коласа (1938). У 1919—34 працавала ў цырку і на эстрадзе (г. Растоў-на-Доне, Кіеў, Мінск). З 1938 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа. Выконвала ролі травесці, маладых гераінь, характарныя. Сярод лепшых работ: Данілка («Раскіданае гняздо» Я.​Купалы), Марына («Людзі і д’яблы» К.​Крапівы), Аўдоля («Навальніца будзе» паводле Я.​Коласа), Малання і Уліта («Мінулася кату масленіца» і «Лес» А.​Астроўскага), Кума («Улада цемры» Л.​Талстога), Рэгіна («Здані» Г.​Ібсена), Марыяна («Забаўны выпадак» К.​Гальдоні), Анеля («Дамы і гусары» А.​Фрэдры), Драга («Доктар філасофіі» Б.​Нушыча), Джэма («Авадзень» паводле Э.​Л.​Войніч).

т. 10, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛІ́НСКАЯ (Марыя Сяргееўна) (22.7.1906, Магілёў — 3.5.1990),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1953). Скончыла Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). Працавала ў Бел. дзярж. т-рах імя Я.​Коласа (1926—64) і Я.​Купалы (1965—79). Выконвала ролі маладых гераінь, потым — характарныя. Мяккі лірызм арганічна спалучала з узнёсласцю і драматызмам. Сярод роляў: Марына («Вайна вайне» Я.​Коласа), Таццяна Марыч («Над Бярозай-ракой» П.​Глебкі), Старшыня калгаса («Алазанская даліна» К.​Губарэвіча і І.​Дорскага), Глушачыха («Людзі на балоце» паводле І.​Мележа), Кандраціха («Рудабельская рэспубліка» паводле С.​Грахоўскага), Аксюша («Лес» А.​Астроўскага), Марыя Антонаўна («Рэвізор» М.​Гогаля), Насця, Рашэль («На дне», «Васа Жалязнова» М.​Горкага), Афелія («Гамлет» У.​Шэкспіра), Жаніна («Забаўны выпадак» К.​Гальдоні), маці Віктара («Гульня з кошкай» І.​Эркеня). Здымалася ў тэлевіз. фільмах «Трывожнае шчасце» паводле І.​Шамякіна, «Людзі на балоце» і інш.

М.С.Бялінская.

т. 3, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬДО́НІ ((Goldoni) Карла) (25.2.1707, г. Венецыя, Італія — 6.2.1793),

італьянскі драматург. Стваральнік італьян. рэаліст. камедыі. Скончыў Падуанскі ун-т (1731). З 1734 працаваў драматургам у т-рах. Імправізаванай камедыі дэль артэ супрацьпаставіў драматургію з рэальнымі характарамі і зместам. Яго п’есы — камедыі тагачасных нораваў («камедыі характараў») і камедыі з нар. жыцця на венецыянскім дыялекце. Папулярнасць Гальдоні прынесла вершаваная трагікамедыя «Велізарый» (1734). У 1738—42 напісаў некалькі камедый на традыц. сюжэты («Збяднелы гандляр» і інш.); першая цалкам арыгінальная — «Ветлівая кабета» (1743). У 1748—50 стварыў камедыі «Венецыянскія блізняты», «Хітрая ўдава», «Кавалер і дама, або Чычысбей», «Сям’я прадаўца антыкварыяту», «Добрая жонка» і інш. У 1750—51 напісаў і паставіў 16 камедый, найб. удалыя «Камічны тэатр», «Кавярня», «Ілгун», «Сапраўдны сябар», «Сумленны авантурыст», «Жаночыя плёткі» і інш. У 1752—53 на тэатр. сцэне з’явіліся п’есы «Мальер», «Землеўладальнік», «Гаспадыня атэля» і інш. У 1753—56 працаваў у т-ры Сан-Лука (цяпер т-р Гальдоні) у Венецыі. Творы гэтага перыяду адзначаны сцэнічнымі і стылістычнымі эксперыментамі («Персідская трылогія», «Англійскі філосаф», «Тэрэнцый», «Тарквата Таса», «Пляц у Венецыі Камп’ела» і інш). У канцы 1750-х г. напісаў лепшыя свае камедыі: «Закаханыя», «Забаўны выпадак», «Новы дом», «Добрая маці» і інш. У 1760—62 у т-ры Сан-Лука стварыў камедыі «Вясковая трылогія», «Самадуры», «Сеньёр Тадэра, буркун», «К’ёджынскія перапалкі» і інш. З 1762 у Парыжы кіраваў т-рам італьян. камедыі. Там напісаў некалькі твораў на франц. мове («Трылогія Зелінды і Ліндора» і інш.), «Мемуары Карла Гальдоні...» (т. 1—2, 1784—87). Аўтар 267 п’ес: 155 камедый у прозе і ў вершах, 18 трагедый і трагікамедый, 94 лібрэта сур’ёзных і камічных опер. На Беларусі творы Гальдоні ставіліся з 19 ст. Яны ўвайшлі і ў рэпертуар сучасных бел. т-раў: «Забаўны выпадак» (т-р імя Я.​Коласа, 1942), «Ілгун» (т-р Я.​Купалы, 1955), «Гаспадыня атэля» (Рускі драм. т-р, 1951), «Венецыянскія блізняты» (тамсама, 1960), «Слуга двух гаспадароў» (т-р імя Я.​Коласа, 1969).

Тв.:

Tutte le opere. V. 1—14. Milano, 1935—56;

Рус. пер. — Комедии. Т. 1—2. Л.;

М., 1959.

Літ.:

Реизов Б. Карло Гольдони, 1707—1793. Л.;

М., 1957;

Карло Гольдони: Биобиблиогр. указ. М., 1959.

С.​В.​Логіш.

К.Гальдоні.

т. 4, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)