ЗАБА́РА (Генадзь Іванавіч) (н. 18.5.1952, саўгас імя Леніна, Бабруйскі р-н Магілёўскай вобл.),

бел. кларнетыст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1987). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя Глінкі (1970, клас У.Скараходава; у 1975—80 выкладаў у ім), Муз.-пед. ін-т імя Гнесіных у Маскве (1975), асістэнтуру-стажыроўку пры ім (1981). З 1975 саліст Дзярж. акад. сімф. аркестра Беларусі, з 1986 саліст-інструменталіст Бел. філармоніі, з 1991 артыст ансамбля салістаў «Класік-Авангард». З 1980 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (дацэнт з 1988). У сольных канцэртах выканаў анталогію камернай музыкі для кларнета з твораў класікі і сучасных кампазітараў, у т.л. бел., прысвечаных менавіта З. (Г.Вагнера, В.Войціка, У.Дамарацкага, К.Цесакова і інш.). Аўтар пералажэнняў для кларнета твораў Л.Бетховена, І.Брамса, К.Вебера, Р.Шумана, Ф.Шуберта і інш. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу маладых выканаўцаў (1979, Мінск), міжнар. конкурсу «Пражская вясна» (1981). Сярод яго вучняў П.Навуменка, Г.Казадой, Я.Ягудзін.

т. 6, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ МАЛЫ́ ТЭА́ТР.

Створаны ў 1996 у Мінску як недзярж. т-р на базе Альтэрнатыўнага т-ра (існаваў у 1990—96). Творчую дзейнасць пачаў пад маст. кіраўніцтвам І.Забары паказам спектакляў, пастаўленых раней у Альтэрнатыўным т-ры: «Камедыя» У.Рудава паводле твораў К.Марашэўскага і Ф.Аляхновіча (рэж. А.Андросік і Рудаў), «Моцарт і Сальеры» А.Пушкіна (рэж. А.Літвін), «Лебядзіная песня» паводле А.Чэхава (рэж. В.Грыгалюнас). Мастацтву т-ра ўласцівы віртуознасць акцёрскай тэхнікі, дынамізм сцэн. дзеяння, актыўная драматург. роля музыкі, пластыкі і колеру. Працуе на невял. аўдыторыю, ставіць пераважна спектаклі малых форм з камерным складам выканаўцаў. Сярод пастановак: філас. камедыя «Скарпіён» А.Еранькова паводле апавядання «Няма даравання» Л.Андрэева (рэж. В.Еранькова), дынамічны экзерсіс «Знайсці Элізабет» А.Гарцуева паводле Р.Тама (рэж. Гарцуеў), філас. трагікамедыя «Дрэйфус» Ж.К.Грумбарга, створаная з выкарыстаннем прыёму «тэатр у тэатры» (рэж. Літвін), казка для дзяцей «Чаравічак для Папялушкі» Я.Жураўкіна паводле казкі «Папялушка» Ш.Перо (рэж. Дз.Марынін і Дз.Саладуха), канцэптуальная псіхал. драма «ART» Я.Рэзы (рэж. М.Пінігін), мюзікл «Тайны Чароўнага Паддашку» А.Еранькова (аўтар лібрэта і рэж. В.Еранькова). Сярод акцёраў: А.Голуб, Жураўкін, Забара, А.Корчыкаў, С.Нікіфарава, А.Федаровіч, А.Шуляк. У спектаклях удзельнічаюць і акцёры інш. т-раў: З.Белахвосцік, С.Журавель, В.Кашчэеў, Г.Лягчылава, В.Манаеў, А.Сідарава, А.Шадзько і інш.

Л.А.Лявонава.

Мінскі малы тэатр. Сцэна са спектакля «АРТ» Я.Рэды.

т. 10, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)