Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́БАЛАЦЬ,
вёска ў Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Радунь—Астрына. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 52 км на ПдЗ ад г.п. Воранава, 80 км ад Гродна, 46 км ад чыг. ст. Бастуны. 1137 ж., 448 двароў (1997).
Вядома з канца 14 ст. З канца 15 ст. да пач. 20 ст. належала Глінскім, Нарбутовічам, Сапегам, Палубенскім, Габаям, Тышкевічам, Волянам, Плямяннікавым і інш. З 1536 мястэчка. З 1795 у Рас. імперыі. У пач. 19 ст. цэнтр воласці Лідскага пав. Віленскай губ. У 1880-я г. 75 ж. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Радунскага р-на. З 1962 у Воранаўскім р-не. У 1971—892 ж., 321 двор.
Сельгасхімія. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Петрапаўлаўскі касцёл (1803—12).
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РАНАЎСКІ РАЁН,
на Пн Гродзенскай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,5 тыс.км². Нас. 38 тыс.чал. (1995), гарадскога 24%. Сярэдняя шчыльн. 27 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.п.Воранава; г.п.Радунь, 338 сельскіх нас. пунктаў. 13 сельсаветаў: Бастунскі, Беняконскі, Больцішскі, Гіркаўскі, Доцішскі, Жырмунскі, Забалацкі, Канвелішскі, Місявіцкі, Нацкі, Пагародзенскі, Паляцкішскі, Пераганцаўскі.
Раён размешчаны ў межах Лідскай раўніны. Паверхня пераважна раўнінная, выш. 160—180 м, найвышэйшы пункт 215 м (каля в. Тракелі). Карысныя выкапні: торф, цагельныя гліны, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -5,8 °C, ліп. 17,7 °C. Ападкаў 615 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Рэкі Жыжма, Дзітва (з прытокам Радунька) — правыя прытокі Нёмана. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя глебы. Пад лясамі 26% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя і яловыя лясы; у далінах рэк участкі з бярозы і вольхі.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 86,3 тыс.га, з іх асушана 23,4 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 16 калгасаў і 4 саўгасы. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля і льнаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, вытв-сці буд. матэрыялаў. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Ліда — г.п. Воранава — Вільнюс, аўтадарога Гродна — г.п. Радунь — Вільнюс і інш. У раёне 13 сярэдніх, 17 базавых, 16 пач. школ, ПТВ-190, 2 школы-інтэрнаты, спарт. і 6 муз. школ, 22 дашкольныя ўстановы, 42 клубы, 48 б-к, 36 бальнічных устаноў. Помнікі архітэктуры: касцёл Іаана Хрысціцеля (1900—06) у в. Беняконі, парк 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў в. Бальценікі, Гайцюнішскі дом-крэпасць і Гайцюнішская капліца, парк канца 18 ст. ў в. Гародна, касцёл (1789) у в. Жырмуны, Петрапаўлаўскі касцёл (1803—12) у в.Забалаць, касцёл Сэрца Ісуса (1916) у в. Канвелішкі. Выдаецца газ. «Воранаўская газета».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКУЛЬПТУ́РА ДРАЎЛЯ́НАЯ Вядома ў мастацтве многіх народаў з глыбокай старажытнасці. На тэр. Беларусі самыя раннія ўзоры вядомыя з эпохі неаліту
(статуэтка мужчыны са стаянкі Асавец). З 14 ст. развівалася пераважна ў рэліг. мастацтве. С.д. размяшчалася ў касцёлах у алтарах храмаў і характарызавалася цеснай узаемасувяззю з архітэктурай і пануючымі маст. стылямі. З канца 14 — пач. 15 ст. ўзмацніліся зах.-еўрап. ўплывы. Рысы раманскага стылю ўласцівы «Укрыжаванню» з в. Галубічы Глыбоцкага р-на, выявам Міколы Мажайскага і Параскевы Пятніцы (16 ст). Маст. каштоўнасцю вылучаецца разны абраз пінскага разьбяра Ананія «Премудрость созда себе храм. Праздники» (1459—1525). У познегатычных традыцыях выкананы алтарныя кампазіцыі 15 ст. «Марыя з дзіцем» (г.п. Рось Ваўкавыскага р-на, в. Новая Мыш Баранавіцкага р-на),
выявы пач. 16 ст. Марыі і Іаана Багаслова (в. Мсцібава Ваўкавыскага р-на) з характэрнымі напружанымі позамі, парывістымі паваротамі, выцягнутымі прапорцыямі. Рысы позняй готыкі і Адраджэння прасочваюцца ў С.д. 16 — пач. 17 ст.: «Гжэгаж» (Полацк), Ганна і Іаакім (в. Здзітава Жабінкаўскага р-на). Уплывы рэнесансу праяўляюцца ў выбары тыпажу, індывідуалізацыі вобразаў, імкненні выявіць формы чалавечай фігуры; Кацярына, Лізавета (г.п. Шарашова Пружанскага р-на), Марыя з дзіцем (Нясвіж), алтарная скульптура касцёлаў у в. Будслаў Мядзельскага р-на і Воўпа Ваўкавыскага р-на (17 ст.). У С.д. праваслаўных храмаў была пашырана рэльефная разьба ў афармленні іканастасаў, царскіх варот. У 2-й пал. 17 ст. шмат бел. разьбяроў працавалі ў Расіі (гл.Беларуская рэзь). Вядомы скульптуры «Укрыжаванне» і «Мікола Мажайскі», выкананыя старцам Іпалітам. Пад уплывам барока ў С.д. павысіліся эмацыянальнасць, пачуццёвасць, кантрасты маштабаў, святлоценявыя эфекты. Яна арганічна звязваецца з прасторавай кампазіцыяй інтэр’ера, утвараючы разам з інш. элементамі дэкору цэласны ансамбль (алтары касцёлаў і кляштараў езуітаў у Гродне, францысканцаў у Пінску, 18 ст.), асобныя скульптуры, што ўваходзілі ў алтарныя ансамблі (Пётр і Павел у в. Дварэц Дзятлаўскага р-на, Хрыстос ля слупа ў в. Сакалова Бярозаўскага р-на). З 2-й пал. 18 ст. С.д. набыла рысы ракако (выявы евангелістаў з в. Нягневічы Навагрудскага р-на, Іосіф з дзіцем з в. Правыя Масты Мастоўскага р-на і інш.). Творы канца 18—19 ст. з прыкметамі класіцызму вылучаюцца ўрачыстасцю поз, спакойным рытмам аб’ёмаў (Маці Божая з в. Ганута Вілейскага р-на і інш.). У нар. С.д. гэтага перыяду таксама панавала рэліг. тэматыка. Зробленыя нар. майстрамі выявы святых ставілі ў невял. храмах, капліцах, на крыжах, мемарыяльных слупах і інш. Своеасаблівасць пласт. мовы нар. С.д. — статычнасць, франтальнасць поз, выразнасць сілуэта, непрапарцыянальная ўзбуйненасць галавы і рук, паліхромная размалёўка, у якой пераважалі насычаныя чырвоны, сіні, белы, зялёны колеры. Вобразы святых вызначаюцца жыццёвасцю, непасрэднасцю і шчырасцю пачуццяў: выявы архістратэга Міхаіла, Ядвігі, Іосіфа з дзіцем з в.Забалаць Воранаўскага р-на, «Укрыжаванне» з Брэстчыны і інш. Сярод найб. вядомых разьбяроў 18—19 ст. І.Астапчык, Булоўскі, І.Гарбацэвіч, А.Занеўскі, А.Івашкевіч, Каліноўскі, А.Малышэвіч, В.Пікулік, П.Якавіцкі.
У 1930—50-я г. ў самадзейнай творчасці сярод вобразаў пераважалі дзярж. і паліт. дзеячы, сюжэтныя кампазіцыі на тэмы працы і ваен. падзей. Сярод майстроў С.д. — М.Астроўскі, А.Бялоў, С.Бык, С.Вольскі, М.Івінскі, У.Мацюк, Г.Паварыч і інш. Уплыў нар. мастацтва, лаканізм, унутр. напружанасць вылучаюць творы прафес. скульптара А.Грубэ. У 1970—90-я г. самадзейныя майстры (Г.Асіпкова, Б.Васількоў, А.Міхеенка, А.Пупка, С Шаўроў) побач з сюжэтна-тэматычнымі і партрэтнымі кампазіцыямі працавалі ў пластыцы малых форм (гл.Скульптура малых форм), звярталіся да анімалістычнага, быт. і гіст. жанраў, багатай фалькл. і культ. спадчыны. Традыцыі нар. С.д. працягвалі П.Зяляўскі (культавая скульптура), Ф.Максімаў (сатыр. кампазіцыі, работы на тэмы нар. казак, легенд і інш.), М.Рышкевіч (быт. тэматыка), І.Супрунчык (кампазіцыі на тэмы нар. свят, сельскага побыту, вобразы дзеячаў бел. гісторыі). Прафес. скульптары шмат увагі аддаюць стварэнню партрэтных вобразаў герояў Вял.Айч. вайны, гіст., культ., грамадскіх і паліт. дзеячаў (С.Вакар, А.Глебаў, Л.Гумілеўскі, Г.Мурамцаў). Пратэст супраць вайны і гераізм народа ў творах А.Бачкарова, Л.Давідзенкі, Л.Зільбера, У.Церабуна. У пошуках эмацыянальна напоўненай выразнай формы скульптары выкарыстоўваюць сімвалы і алегорыі (Г.Буралкін, Г.Гаравая, У.Слабодчыкаў, А.Фінскі і інш.). Самадзейныя скульптары ўдзельнічаюць у стварэнні мемарыяльных помнікаў-комплексаў: «Коласаўскі шлях» (1991; скульптары У.Балдоўскі, У.Ганчарук, Т.Дзялендзік, М.Корабаў, М.Скляр, Супрунчык), святах-конкурсах («Дрэва жыцця» ў г.п. Мір Карэліцкага р-на, 1999; В.Казлоў, А.Маголін, А.Пагажэльскі, В.Пятровіч, В.Сілкоў, Скляр, У.Яленскі).
Літ.:
Леонова А.К. Народная деревянная скульптура Белоруссии. Мн., 1977;
Да арт.Скульптура драўляная. Невядомы мастак. Разныя царскія вароты. 16 ст.Да арт.Скульптура драўляная. Пётр. Вёска Нягневічы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобл. Сярэдзіна 18 ст.Да арт.Скульптура драўляная. Іосіф. Скульптура алтара касцёла ў в. Будслаў Мядзельскага раёна Мінскай вобл. 1633—44.Да арт.Скульптура драўляная. П.Зяляўскі. Маці Божая. 1980—90-я г.Да арт.Скульптура драўляная. У.Слабодчыкаў. Спелыя яблыкі. 1980.