Таварыства заахвочвання мастацтваў

т. 15, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫВАЗНЫ́Я ПРЭ́МІІ, экспартныя прэміі, экспартныя субсідыі,

фінансавыя льготы экспарцёрам пэўных тавараў; адзін са спосабаў стымулявання экспарту. Выкарыстоўваюцца дзяржавамі, манаполіямі, прадпрыемствамі, арг-цыямі і фірмамі для заахвочвання вывазу пэўных відаў прадукцыі з мэтаю пашырэння экспарту, завалодання знешнімі рынкамі, стварэння спрыяльных цэнавых умоў на замежных рынках. Вывазныя прэміі выступаюць у форме поўнага або частковага вызвалення экспарцёраў ад падаткаў, мытных і акцызных збораў, а таксама ў выглядзе прамога субсідзіравання экспарту.

У.​М.​Рудзянкоў.

т. 4, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТАПО́ВІЧ (Аркадзь Антонавіч) (30.9.1896, Мінск — 21.9.1941),

бел. графік. Вучыўся ў Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастацтваў у Петраградзе (1914—16) у І.​Білібіна, А.​Зберлінга, П.​Навумава. У 1921—22 наведваў рысавальныя класы ў Харкаве. З 1929 у Мінску. Працаваў як станкавіст у жанры лірычнага пейзажа ў тэхніках акварэлі і тушы: «Зімовы надвячорак» і «Дворык» (1921), «Сакавік» (1923). Аўтар цыкла лінарытаў: «Зіма», «Вясковая вуліца», «Млын», «Царква» (усе 1920-я г). Афармляў кнігі і часопісы.

Н.​М.​Усава.

А.Астаповіч. Зіма. Лінагравюра. 1920-я гады.

т. 2, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ЧЫЦ (Мікалай Васілевіч) (20.9.1896, г.п. Любча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 3.9.1980),

бел. жывапісец і графік. Вучыўся ў пецярбургскай школе Т-ва заахвочвання мастацтваў (1914—15). Працаваў пераважна ў жанры пейзажа. Творам уласціва лірычнасць і стрыманая каляровая гама («Ускраіны Мінска», 1922, 1943; «Зіма», «Рэчка Волма», абодва 1946; «Пачатак вясны», 1951, «Зіма ў Зялёным», 1954, «Ля млына». 1955, «На беразе Свіслачы», 1965, «Лясная казка», 1969). Шэраг графічных работ прысвечаны Мінску («Стары Мінск», 1922; серыя «Віды Мінска», 1929, і інш.). Пісаў нацюрморты («Дары беларускага лесу», 1969—70).

М.Дучыц. Ля млына. 1955.

т. 6, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНЕШНЕГАНДЛЁВЫЯ БА́НКІ,

разнавіднасць спецыялізаваных камерцыйных банкаў, якія ажыццяўляюць пераважна аперацыі па крэдытаванні, экспарце і імпарце, правядзенні ўзаемных знешнегандл. разлікаў. Яны таксама гарантуюць і ўлічваюць вэксалі па экспартных крэдытах, прадастаўленых прыватнымі банкамі. Узніклі пасля 1-й сусв. вайны з мэтай заахвочвання нац. экспарту, стымулявання эканам. росту. У ЗША і Японіі З.б. называюцца экспартна-імпартнымі, у Францыі існуе Банк знешняга гандлю, у Рас. Федэрацыі і Рэспубліцы Беларусь — банкі знешнеэканам. дзейнасці. У Вялікабрытаніі функцыі З.б. выконвае нябанкаўская ўстанова — Дэпартамент гарантый экспартных крэдытаў.

М.​Е.​Заяц, В.​В.​Краўчанка.

т. 7, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІО́СІФ II (Joseph; 13.3.1741, Вена — 20.2.1790),

імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» з 1765 (у 1765—80 суправіцель Марыі Тэрэзіі, сваёй маці). Прадстаўнік т.зв. асветнага абсалютызму. Праводзіў палітыку пратэкцыянізму, заахвочвання мануфактур, адмяніў прыгон, увёў адзіны пазямельны падатак, абмежаваў самастойнасць каталіцкай царквы ў аўстр. землях, часткова секулярызаваў царк. землеўладанне, садзейнічаў развіццю свецкай школы. У 1781 выдаў т.зв. талерантны патэнт аб свабодзе веравызнання. Праводзіў актыўную знешнюю палітыку, але ў выніку шэрагу паражэнняў (у т. л. ў вайне з Турцыяй 1788—91) скасаваў некат. свае рэформы. Ініцыятар удзелу Аўстрыі ў 1-м падзеле Рэчы Паспалітай (1772).

т. 7, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТЭКЦЫЯНІ́ЗМ (ад пратэкцыя),

эканамічная і прававая палітыка дзяржавы, накіраваная на ахову нац. эканомікі ад замежнай канкурэнцыі. Рэалізуецца з дапамогай фін. заахвочвання айч. прам-сці, стымулявання экспарту, абмежавання імпарту. Для ранніх стадый капіталізму быў характэрны «абарончы» П. (ахова нац. галін прам-сці), для сучаснага этапу — «наступальны» П. (абарона найб. развітых, высокаманапалізаваных галін прам-сці, заваяванне знешніх рынкаў шляхам экспарту капіталу, дэмпінгу і інш.). Развіццё інтэграцыйных працэсаў абумовіла з’яўленне калект. П. — узгодненай эканам. палітыкі групы дзяржаў, якая праводзіцца ў інтарэсах іх нац. гаспадарак. Тэрмін «П.» абазначае таксама сістэму пратэкцый.

т. 13, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЕ́Н-КА́ЛЕЛА ((Gallén-Kallela) Акселі Валдэмар) (26.5.1865, г. Поры, Фінляндыя — 7.3.1931),

фінскі жывапісец, графік. Вучыўся ў Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастакоў (1881—84) у Хельсінкі і акадэміі Жуліяна (1884—89) у Парыжы. Захапляўся сімволікай і стылізацыяй у духу «мадэрн». Асн. творы: размалёўка фін. павільёна на Сусв. выстаўцы ў Парыжы (1900), цыкл размалёвак у пахавальнай капэле Юселіуса (1901—03) у Поры; карціны «Старая і котка» (1885), «Першы ўрок» (1889), «Пастух з Панаярві» (1892), «Іматра ўзімку» (1893); партрэты маці (1896), М.​Горкага (1906); афорты, іл. на тэму гераічнага нар. эпасу «Калевала» (трыпціх «Легенда пра Айна», 1891, «Маці Лемінкяйнена», 1897) і інш.

А.В.Гален-Калела. Маці Лемінкяйнена. 1897.

т. 4, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЁЛЕР ((Köler) Іохан) (8.3.1826, Вастэмыйза Вільяндзіскага пав., Эстонія — 22.4.1899),

эстонскі жывапісец і акварэліст, заснавальнік нац. школы жывапісу. Скончыў Пецярбургскую АМ (1855). У 1857—62 вучыўся і працаваў у Рыме і Парыжы. З 1862 у Пецярбургу. Выкладаў у школе Т-ва заахвочвання мастакоў (1862—63) і АМ (1869—70, з 1867 праф.). Пісаў пераважна камерныя і парадныя партрэты, рэліг. і міфалагічныя кампазіцыі. Сярод твораў: «Геркулес выводзіць Цэрбера з пекла» (1855), аўтапартрэт (1859), «Дзяўчынка ля крыніцы» (1859—61), партрэты бацькі і маці мастака (1857—64), «Абуджэнне ад чароўнага сну, або Эстонская легенда» (1864—65), «Ева з гранатам» (1879—80), «Праклён Ларэляў манахамі» (1887) і інш.

т. 8, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЕР (Гаўрыла Сямёнавіч) (6.4.1890, в. Пуцунтэй Аргееўскага р-на, Малдова — 7.3.1964),

бел. жывапісец. З 1905 вучыўся і працаваў у Мінску ў іканапіснай майстэрні П.​Курбатава, у 1910—12 вучыўся ў Пецярбургу ў мастака С.​Ягорава, скончыў там Школу т-ва заахвочвання мастацтваў (1916). У 1921 вярнуўся ў Мінск, працаваў дэкаратарам у т-ры «Чырвоная зала», выкладаў у чыг. тэхнікуме і інш. Аўтар твораў «Малады мастак» (1923), «Старое і новае» (1927), «Суботнік» (1932), «Маладыя спартсмены» (1934). Лепшыя творы гіст. жанру: «Курлоўскі расстрэл» (1924), «Лядовае пабоішча» (1938), «3 ліпеня 1944 года ў Мінску» (1945); з партрэтаў — «Змітрок Бядуля» (1924), «Сямейны партрэт» (1927), «Кандрат Крапіва» (1938) і інш.

Г.​М.​Ярмоленка.

т. 4, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)