ЖЫЦЦЯЗДО́ЛЬНАСЦЬ,
1) здольнасць асобіны і папуляцыі жыць і размнажацца. Вызначаецца плоднасцю, працягласцю перыяду размнажэння і колькасцю асобін, якія дасягнулі палаваспеласці.
2) Здольнасць асобіны выжываць да вызначанага моманту жыццёвага цыкла, напр. да пачатку перыяду размнажэння.
3) Ж. насення, уласцівасць насення захоўваць здольнасць да прарастання. Насенне, якое толькі што сабрана або захоўваецца пры нізкай т-ры, часта не прарастае, хоць і мае здаровы зародак або жыццяздольнае. Гэта выклікаецца перыядам спакою, пасля якога насенне можа даць нармальныя ўсходы.
т. 6, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕТЫ́ЧНАЯ ІЗАЛЯ́ЦЫЯ,
адрозненні спадчыннага апарата, якія прыводзяць да несумяшчальнасці палавых клетак; адна з форм рэпрадукцыйнай (біялагічнай) ізаляцыі. Адрозніваюць прэзігатычную (перашкаджае гібрыдызацыі паміж прадстаўнікамі розных папуляцый і тым самым прадухіляе ўтварэнне гібрыдных зігот) і постзігатычную (паніжае жыццяздольнасць або пладавітасць гібрыдаў) несумяшчальнасць. Абодва тыпы несумяшчальнасці не дапускаюць абмен генамі паміж папуляцыямі.
т. 5, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАХАРЫ́Я (ад гідра... + ...харыя),
распаўсюджванне спораў, пладоў, насення і інш. зачаткаў раслін з дапамогай вады. Бывае выпадковая (перанясенне плынямі на плывучых прадметах) і звычайная, што абумоўлена асаблівай марфалогіяй і біялогіяй дыяспор (нязмочвальнасць вадой, нізкая шчыльнасць, працяглая жыццяздольнасць насення ў вадзе). Звычайная гідрахарыя характэрная для водных і каляводных раслін (асокі, ірдзесты і інш.). Распаўсюджванню відаў найб. садзейнічаюць марскі прыбой, рачное цячэнне, паводка і інш.
т. 5, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭІНТРАДУ́КЦЫЯ (ад рэ... + інтрадукцыя),
другасная інтрадукцыя раслін або жывёл у месцы, дзе пэўны від раней існаваў, а потым знік па якіх-н. прычынах, у т. л. ў выніку дзейнасці чалавека. Паняцце, блізкае да рэакліматызацыі.
Р. дзікарослых раслін адрозніваецца ад першаснай інтрадукцыі тым, што зыходны матэрыял звычайна ўжо выкарыстоўваўся ў адборы і асвойваўся ў культуры. Рэінтрадукаваныя расліны маюць вышэйшую жыццяздольнасць у параўнанні з абранымі непасрэдна з прыроды.
т. 13, с. 560
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУЦЭ́ЛЫ (Brucella),
род дробных патагенных шара- або палачкападобных бактэрый, якія выклікаюць бруцэлёз чалавека і жывёл. Бруцэлы — нерухомыя, грамадмоўныя клеткі (0,3—0,4×0,4—3,0 мкм), якія не ўтвараюць спораў, маюць эндатаксін, аэробы. Высокаўстойлівыя да неспрыяльных фактараў вонкавага асяроддзя; захоўваюць жыццяздольнасць у глебе ад 2—3 да 100 і больш сутак, у вадзе — 6—90 і больш сутак. У вільготным асяроддзі гінуць пры т-ры 60 °C праз 30 мін, пры кіпячэнні — імгненна.
т. 3, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕСЕНСІБІЛІЗА́ЦЫЯ (ад радые... + лац. sensibilis адчувальны),
узмацненне адчувальнасці клетак да дзеяння іанізавальнага выпрамянення. Адбываецца пры дапамозе фіз. і хім. агентаў — радыесенсібілізатараў, што ўжываюць да (або ў час) апрамянення ў колькасцях, якія не ўплываюць на жыццяздольнасць клетак. Выкарыстоўваецца ў эксперым. і клінічнай анкалогіі для ўзмацнення прамянёвага пашкоджання пухлін. Мае выбіральнасць дзеяння на пухлінныя клеткі, у выніку чаго павышаецца эфектыўнасць прамянёвай тэрапіі. Колькаснае выражэнне Р. — каэфіцыент, або фактар змены дозы.
Н.А.Арцёмава.
т. 13, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМААПЛАДНЕ́ННЕ,
зліццё мужчынскай і жаночай палавых клетак, якія ўтвараюцца ў адной асобіны. Адбываецца звычайна пры немагчымасці перакрыжаванага апылення і апладнення (неспрыяльныя ўмовы, адсутнасць палавога партнёра). Сярод жывёл трапляецца ў гідраў, некат. кольчатых чарвей, малюскаў, рыб (гл. Гермафрадытызм); сярод раслін — у шэрагу водарасцей, грыбоў, кветкавых раслін (гл. Самаапыленне). У працэсе эвалюцыі ў арганізмаў з’явіліся прыстасаванні, якія прадухіляюць С. і забяспечваюць перакрыжаванае апладненне, у выніку чаго павялічваецца генет. разнастайнасць патомства і жыццяздольнасць асобін віду.
Р.Г.Заяц.
т. 14, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНЫ О́ПТЫМУМ,
1) спрыяльныя ўмовы, у якіх від мае найб. жыццяздольнасць (рост, развіццё, размнажэнне). Адрозніваюць тэмпературныя, кіслародныя, светлавыя і інш. зоны біялагічнага оптымуму. Віды пры біялагічным оптымуме маюць выйгрыш пры міжвідавых адносінах і ў прыстасаванні да абіятычных фактараў.
2) Умовы, у якіх дадзенае згуртаванне мае перавагу перад іншымі.
3) Дынамічна-балансавае спалучэнне экалагічных фактараў, што забяспечвае ва ўмовах іх натуральных цыклічных ваганняў прыродную раўнавагу ў клімаксавай экасістэме або накіроўвае працэс у бок утварэння клімаксу. Гл. таксама Экалагічны песімум.
т. 3, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДРО́СТ,
маладое пакаленне дрэвавых раслін пад полагам лесу або на высечках, здольнае сфарміраваць дрэвастой. Утвараецца шляхам прыроднага аднаўлення відаў мацярынскага дрэвастою (насеннага або парасткавага паходжання) і ў выніку налёту насення інш. відаў дрэў (змена парод). Ствараецца таксама пасадкай. У лясных фітацэнозах часта ўтварае самастойны ярус. На развіццё П. ўплываюць асветленасць, тэмпературныя і глебавыя ўмовы і інш. Адрозніваюць П. па вышыні, таўшчыні, энергіі росту. Жыццяздольнасць, вышыня і ўзрост П. з’яўляюцца крытэрыем пры ацэнцы прыроднага аднаўлення лесу. На Беларусі да П. гасп.-каштоўных парод адносіцца маладое пакаленне хвоі, елкі, дубу, лістоўніцы і інш.
т. 11, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАЭКАЛО́ГІЯ (ад агра... + экалогія), сельскагаспадарчая экалогія,
раздзел прыкладной экалогіі, які вывучае ўплыў фактараў асяроддзя (біятычных і абіятычных) на прадукцыйнасць культурных раслін, а таксама структуру і дынаміку згуртаванняў арганізмаў, што насяляюць с.-г. ўгоддзі, уплыў аграбіяцэнозаў на жыццяздольнасць раслін, якія культывуюцца. Асновы сучаснай аграэкалогіі распрацавалі вучоныя італьян. Дж.Ацы (1956) і ням. Тышлер (1965). Гал. задача аграэкалогіі — размяшчэнне і выкарыстанне с.-г. угоддзяў і прыродных экасістэм (участкі лясоў, лугоў, балот, помнікі прыроды, заказнікі і інш.) такім чынам, каб забяспечыць максімальную біял. прадукцыйнасць ландшафтаў і іх захоўванне. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС адной з цэнтр. праблем аграэкалогіі на Беларусі стала вывучэнне міграцыі радыенуклідаў у экасістэмах, у прыватнасці ў аграбіяцэнозах.
т. 1, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)