Жырмуны (в.) 3/160 (к.); 4/11, 446; 6/366 (к.); 8/20

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫРМУ́НЫ,

вёска ў Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Ліда—Вільнюс (Літва). Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Кастрычнік». За 16 км на ПдЗ ад г.п. Воранава, 107 км ад Гродна, 8 км ад чыг. ст. Бастуны. 671 ж., 273 двары (1997).

Вядомы з пач. 15 ст. як родавы маёнтак Бутрымаў. У канцы 15 — пач. 20 ст. ўласнасць Мантоўтавічаў, Радзівілаў, Завішаў, Тышкевічаў, Шванебахаў. На карце Т.​Макоўскага 1613 пазначаны як мястэчка. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці Лідскага пав. Віленскай губ. У пач. 20 ст. — 323 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета ў Радунскім р-не, з 1959 у Воранаўскім р-не. У 1971—587 ж., 198 двароў. Лясніцтва. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — касцёл (1789). Помнік сав. актывістам.

т. 6, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТО́ЎТЫ (Мантоўтавічы),

шляхецкі род герба «Тапор» у ВКЛ. Родапачынальнік — літ. баярын Мантоўт (у хрышчэнні Аляксандр), верагодны родзіч Бутрыма, які ў час заключэння Гарадзельскай уніі 1413 прыняў герб «Тапор». У 1422—35 Мантоўт быў старостам салечніцкім (пасля атрымаў Салечнікі ад вял. кн. ВКЛ Жыгімонта Кейстутавіча ва ўласнасць), у 1440 староста эйшышкскі. Найб. вядомыя М.: Міхал (?—1486), сын Мантоўта, староста луцкі ў 1463—75, намеснік новагародскі і маршалак гаспадарскі ў 1482, кашталян трокскі з 1483. Узначальваў раду вял. кн. Жыгімонта. Меў маёнткі на Украіне, Жырмуны каля Ліды, Шарсцін у Гомельскай вол. Юрый (?—1508), сын Міхала, староста крамянецкі ў 1502—05, ваявода кіеўскі з 1507.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 10, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЧАШЫ́НСКІ (Карл Іванавіч) (7.11.1790, в. Жырмуны Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 7.4.1860),

бел. архітэктар; прадстаўнік стылю класіцызму. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1813—14, выкладаў у ім у 1819—31), Пецярбургскай АМ (1814—16), у 1817—19 у Італіі і Парыжы. Працаваў на Беларусі, у Літве і Польшчы. Паводле праектаў П. пабудаваны вучылішчы ў гарадах Бабруйск Магілёўскай вобл., Невель Пскоўскай вобл. (Расія; абодва каля 1819, з К.​Хршчановічам), Мазыр Гомельскай вобл. (1820-я г.), гімназія ў Слуцку Мінскай вобл. (1829—38); Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль (1830-я г.); калонная зала ун-та (1817), палац ген.-губернатара (1825—32, з В.​Стасавым) і евангелічная рэфармацкая царква (1830—35) у Вільні. Аўтар 3-томнай працы «Пачаткі архітэктуры».

В.​Ф.​Марозаў.

т. 11, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́РАНАЎСКІ РАЁН,

на Пн Гродзенскай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,5 тыс. км². Нас. 38 тыс. чал. (1995), гарадскога 24%. Сярэдняя шчыльн. 27 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.п. Воранава; г.п. Радунь, 338 сельскіх нас. пунктаў. 13 сельсаветаў: Бастунскі, Беняконскі, Больцішскі, Гіркаўскі, Доцішскі, Жырмунскі, Забалацкі, Канвелішскі, Місявіцкі, Нацкі, Пагародзенскі, Паляцкішскі, Пераганцаўскі.

Раён размешчаны ў межах Лідскай раўніны. Паверхня пераважна раўнінная, выш. 160—180 м, найвышэйшы пункт 215 м (каля в. Тракелі). Карысныя выкапні: торф, цагельныя гліны, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-ра студз. -5,8 °C, ліп. 17,7 °C. Ападкаў 615 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Рэкі Жыжма, Дзітва (з прытокам Радунька) — правыя прытокі Нёмана. Пашыраны дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя глебы. Пад лясамі 26% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя і яловыя лясы; у далінах рэк участкі з бярозы і вольхі.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 86,3 тыс. га, з іх асушана 23,4 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 16 калгасаў і 4 саўгасы. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля і льнаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, вытв-сці буд. матэрыялаў. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Ліда — г.п. Воранава — Вільнюс, аўтадарога Гродна — г.п. Радунь — Вільнюс і інш. У раёне 13 сярэдніх, 17 базавых, 16 пач. школ, ПТВ-190, 2 школы-інтэрнаты, спарт. і 6 муз. школ, 22 дашкольныя ўстановы, 42 клубы, 48 б-к, 36 бальнічных устаноў. Помнікі архітэктуры: касцёл Іаана Хрысціцеля (1900—06) у в. Беняконі, парк 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў в. Бальценікі, Гайцюнішскі дом-крэпасць і Гайцюнішская капліца, парк канца 18 ст. ў в. Гародна, касцёл (1789) у в. Жырмуны, Петрапаўлаўскі касцёл (1803—12) у в. Забалаць, касцёл Сэрца Ісуса (1916) у в. Канвелішкі. Выдаецца газ. «Воранаўская газета».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 4, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)