ЖЫЛКАВА́ННЕ,

1) сістэма размяшчэння праводзячых сасудзіста-валакністых пучкоў (жылак) у лісцевых пласцінках і інш. органах вышэйшых раслін (акрамя імхоў); важная сістэматычная прыкмета. Бывае паралельнае (злакі, асокі), дыхатамічнае (гінкга, некат. папараці), дугавое (ландыш, купена, трыпутнік), сеткаватае (клён, яблыня, шалфей). Дугавое і паралельнае Ж. ўласціва аднадольным раслінам, сеткаватае (або перыстае) — пераважна двухдольным раслінам. Жылкі ёсць таксама ў чашалісціку, пялёстках, пладах і сцёблах раслін.

2) Ж. ў насякомых — відаспецыфічнае; размяшчэнне жылак на крылах. Жылкі ўяўляюць сабой полыя трубчастыя патаўшчэнні пласцінкі крыла, у якіх размешчаны адгалінаванні трахейных ствалоў і нерваў; утвараюць каркас крыла.

т. 6, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДРЭ́ВА ПАДАРО́ЖНІКАЎ»,

неафіцыйная назва равеналы мадагаскарскай (Ravenala madagascariensis) сям. бананавых. Эндэмік а-воў Мадагаскар і Рэюньён.

Дрэвападобная травяністая расліна з прамастойным сцяблом выш. да 10 м. Лісце буйное, простае, ад ветру разрываецца на долі да сярэдняй жылкі, размешчана веерападобна. У доўгіх пазухах лістоў назапашваецца вада, якая часам выкарыстоўваецца падарожнікамі для піцця (адсюль назва). Кветкі сабраны ў коласападобныя суквецці. Плод — ягадападобны, накшталт банана, формаю нагадвае агурок.

Г.​У.​Вынаеў.

«Дрэва падарожнікаў.

т. 6, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХАО́Н (Papilio machaon),

дзённы матыль сям. паруснікаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы. На Беларусі рэдкі від, трапляецца на ўзлесках, палянах, поймавых лугах. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Крылы (размах да 9 см) жоўтыя з чорным малюнкам, на задніх крылах шырокая чорная аблямоўка з сіняватымі плямамі, каля ўнутр. ніжняга вугла аранжавая пляма. Жылкі чорныя. Вусені зялёныя або бурыя, з чорнымі папярочнымі палоскамі і чырв. крапінкамі; кормяцца і жывуць на раслінах сям. губакветных, парасонавых, складанакветных; матылі кормяцца выдзяленнямі раслін.

С.​Л.​Максімава.

Махаон: 1 — матыль; 2 — вусень; 3 — кукалка.

т. 10, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ДО́ЛЯ»,

газета Беларускага пасольскага клуба (БПК) у польскім сейме. Выдавалася з 11.1 да 22.5.1925 у Вільні на бел. мове тры разы на тыдзень. Пісала пра ўціск працоўных Зах. Беларусі, асвятляла жыццё ў БССР, міжнар. падзеі, змяшчала рэпартажы з сейма, выступленні і заявы бел. паслоў. У час размежавання ў БПК пісала аб ідэйных і тактыка-арганізацыйных разыходжаннях бел. дэпутатаў. Пазіцыя рэдакцыі газеты была непаслядоўная — ад катэгарычнай апазіцыйнасці да ўлад да іх падтрымкі. Змяшчала творы Я.​Купалы, У.​Жылкі, Л.​Родзевіча і інш. Выйшла 36 нумароў, 3 канфіскаваны. Забаронена ўладамі Польшчы.

С.​В.​Говін.

т. 2, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́ДА»,

навукова-літаратурны часопіс бел. эміграцыі. Выдаваўся ў 1951—54 у Нью-Йорку на бел. мове Крывіцкім (Беларускім) навук. т-вам Пранціша Скарыны. Гал. рэдактар Я.​Станкевіч, рэдактар літ. аддзела А.​Адамовіч. Друкаваў гіст., этнагр., мовазнаўчыя і інш. навук. матэрыялы, літ. творы бел. эмігранцкіх пісьменнікаў, інфармацыю пра грамадскае і культ. жыццё бел. асяродка ў Амерыцы і інш. У 1951 выйшла 5 сшыткаў, у 1952 — 12 нумароў у 10 сшытках, у 1953 — 10 нумароў у 4 сшытках, у 1954 — 1 нумар. Дадаткам да час. ў 1953 выдадзены творы У.​Жылкі, успаміны Кветкі Вітан пра Л.​Дубейкаўскага.

т. 4, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЧАДЫ́ЖНІК (Athyrium),

род папарацей сям. аспленіевых. Каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмеранай зоне Паўн. паўшар’я. На Беларусі па ўсёй тэрыторыі трапляецца К. жаночы, або папараць жаночая (A. filix-femina, нар. назва папарацень). Расце ў сырых цяністых хваёвых, радзей мяшаных лясах, зарасніках хмызняку.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 40—120 см. Карэнішча тоўстае, кароткае, з рэшткамі старых лісцевых чаранкоў. Лісце шматлікае, каля асновы сабрана ў разыходны пучок. Лісцевая пласцінка ў верхняй ч. двойчы-, у ніжняй тройчыперыстарассечаная. Сорусы падоўжаныя, акруглыя ці выгнутыя з індузіямі, размешчаны ў 1, радзей 2 рады ўздоўж сярэдняй жылкі на ніжнім баку долек ліста. Зарастак наземны, зялёны, двухполы. Лек., дэкар., тэхн. і харч. расліны.

Качадыжнік жаночы.

т. 8, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛАДО́Е ЖЫЦЦЁ»,

заходнебеларускі маладзёжны часопіс. Выдаваўся з лют. 1921 да студз. 1923 у Вільні на бел. мове; неперыядычна. Заклікаў моладзь да паліт. і сац. самаўсведамлення, салідарнасці з прагрэс. моладдзю інш. краін. Асаблівую ўвагу аддаваў прапагандзе духоўнай спадчыны бел. народа, выхаванню пашаны да яе. Асвятляў падзеі культ. жыцця Зах. Беларусі. Друкаваў вершы У.​Жылкі, І.​Дварчаніна, У.​Дубоўкі, М.​Запольскага, М.​Парашкевічанкі, Ю.​Сергіевіча, В.​Сталяронка, С.​Глебава, апавяданні і замалёўкі Чурылы, Я.​Драздовіча (псеўд. І.​Разора), М.​Ільяшэвіча, літ.-крытычныя артыкулы, нарысы пра творчасць Ф.​Багушэвіча, В.​Дуніна-Марцінкевіча, Я.​Коласа. Змяшчаў пераклады твораў на бел. мову А.​Герцэна, І.​Тургенева, Г.​Лангфела. Усяго выйшла 7 нумароў.

А.​С.​Ліс.

т. 9, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМАРЫ́ (Nematocera),

падатрад даўгавусых насякомых атр. двухкрылых. У сусв. фауне 35 сям., больш за 20 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. К. падзяляюць на групы, якія ўключаюць па некалькі сям.: галіцы, гнюс, грыбныя камарыкі, даўганожкі, камары-дзергуны, ці званцы, матыліцы, таўстаножкі і інш.

Найб. вядомыя камар звычайны і малярыйныя камары. На Беларусі каля 40 відаў. Жывуць у вільготных мясцінах.

Даўж. 3—30 мм. Цела і ногі доўгія, тонкія, крылы вузкія, жылкі ў лускавінках. Вусікі доўгія, членістыя (органы нюху). Ротавыя органы колючыя, на ніжняй губе размешчаны колючыя іголкападобныя сківіцы; паміж імі падглотачнік, дзе праходзіць пратока слінных залоз. Дарослыя К. вядуць пераважна паветраны спосаб жыцця. За лета выводзіцца 1 або некалькі пакаленняў.

Літ.:

Жизнь животных. Т. 3. 2 изд. М., 1984.

Камары: 1 — лугавік чатырохплямісты; 2 — даўганожка балотная; 3 — мошка плямістая; 4 — даўганожка лакава-чорная.

т. 7, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НА́ІПА БУ́ДУЧЫНЯ»,

штотыднёвая газета Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі. Выдавалася з 8.12.1922 да 14.1.1923 у Вільні на бел. мове. Ставіла за мэту абуджэнне ў народзе веры ва ўласныя сілы, у перспектыву вызв. руху (перадавыя арт. «Будзьма сільнымі», «Па-за пагранічнымі капцамі», «Верым у будучыню»). Паведамляла пра поспех Блока нацыянальных меншасцяў на выбарах у 1922 у польскі сейм і сенат, стварэнне ў ім парламенцкай фракцыі Бел. пасольскага клуба, надрукавала праграмнае выступленне яго старшыні Б.​Тарашкевіча. Узнімала пытанні асадніцтва, няшчаднай эксплуатацыі лясных багаццяў краю, пісала пра ганенні на бел. школу і прэсу. Важнае значэнне надавала барацьбе за мясц. самакіраванне, выбарам у гмінныя рады і пав. сеймікі, арганізацыі каап. руху, сац. страхавання. Змяшчала творы М.​Гарэцкага, Я.​Коласа, У.​Дубоўкі, У.​Жылкі, М.​Запольскага, Л.​Родзевіча, П.​Верлена ў перакладзе М.​Багдановіча. Выйшла 9 нумароў, з іх 2 канфіскаваны. Забаронена польск. ўладамі.

А.​С.​Ліс.

т. 11, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЫШО́К (Cynara),

род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 12 відаў. Пашыраны ў Міжземнамор’і і на Канарскіх а-вах. У культуры 2 блізкія віды — артышок кардон, або іспанскі (C. cardunculus), і сапраўдны, або калючы (C. scolymus). Як харч., кармавыя і дэкар. расліны вырошчваюць у Паўд. Еўропе, на Пд Расіі, на Украіне. На Беларусі артышок сапраўдны ёсць у калекцыі Цэнтр. бат. сада АН. Размнажаюць насеннем і атожылкамі. У сярэдняй паласе вырошчваюць як аднагадовую культуру расадным метадам.

Шматгадовыя травяністыя расліны. Сцябло галінастае, прамое, выш. 0,5—1 м. Лісце буйное, лопасцевае або перыстарассечанае. Трубчастыя фіялетавыя, сінія або белыя кветкі сабраны ў буйны кошык дыям. да 10 см. Сакавітыя нераскрытыя кошыкі з мясістым кветаложам (маюць да 3% бялку, 7—15% вугляводаў, 3—11 мг% вітаміну С, 0,4 мг% караціну, вітаміны B1 і B2, правітамін артышок, цукар, інулін), ачышчаныя чаранкі, галоўныя жылкі лісця і карані спажываюць вараныя і кансерваваныя (далікатэсная страва). У насенні каля 30% тлушчу, прыдатнае на корм птушкам. Стымулявальны і дыўрэтычны лек. сродак; ужываюць пры дыябеце, атэрасклерозе, хваробах печані; плады — проціяддзе опіуму.

Артышок сапраўдны.

т. 1, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)