Журналістыка 4/428

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУРНАЛІ́СТЫКА (ад франц. journal газета),

від творчай дзейнасці грамадскага кірунку па зборы, апрацоўцы і распаўсюджванні актуальных паведамленняў і звестак, праз сродкі масавай інфармацыі (СМІ) — друк, радыё, тэлебачанне, кіно і інш. Уключае таксама навуку пра ролю і месца СМІ у жыцці грамадства, пра формы і металы журналісцкай дзейнасці. Вызначаецца аператыўнасцю і перыядычнасцю, абапіраецца на юрыд. законы і маральна-этычныя нормы, развіваецца па ўласных прынцыпах і законах. Праз СМІ выконвае інфарм. функцыі, уздзейнічае на грамадскую думку, на светапогляд чалавека. Функцыі і задачы Ж. ў розны гіст. перыяд мяняліся. У залежнасці ад канкрэтных задач (публіцыстычных, мастацкіх, навуковых, прафесійных і інш.) Ж. ўласціва шматгаліновасць.

Ж. ўзнікла ў пач. 17 ст. (гл. Газета, Часопіс). Першыя рэгулярныя масавыя перыяд. выданні з’явілася ў 2-й пал. 18 ст. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. з вынаходствам фатаграфіі і кінематографа з’явілася фота- і кінажурналістыка, з 1920-х г. развіваецца радыёжурналістыка, з 1940-х г. — тэлежурналістыка. У сучаснай Ж. важную ролю адыгрываюць дзярж. і прыватныя сродкі масавай інфармацыі. Спецыфіка Ж. патрабуе высокакваліфікаваных прафес. кадраў. На Беларусі журналісцкую адукацыю атрымліваюць на ф-це журналістыкі БДУ (з 1944), дзе найб. актыўна займаюцца таксама яе навук. і практ. праблемамі. З 1946 дзейнічае Міжнародная арганізацыя журналістаў, з 1959 Бел. саюз журналістаў (гл. Саюз журналістаў Беларусі). Лепшыя работы ў галіне Ж. на Беларусі адзначаюцца Дзярж. прэміяй (з 1967; да 1991 імя П.​М.​Лепяшынскага). Вывучэнню праблем гісторыі, тэорыі і практыкі Ж. на Беларусі прысвечаны працы С.​Х.​Александровіча, Р.​В.​Булацкага, С.​В.​Говіна, С.​В.​Марцэлева, І.​І.​Сачанкі, Б.​В.​Стральцова, М.​Я.​Цікоцкага і інш. даследчыкаў. Выходзілі і выходзяць выданні, прысвечаныя журналісцкай дзейнасці, — «Рабселькор» (1931—33), «У дапамогу работнікам мясцовага друку», «Культура мовы журналістаў» (вып. 1—6, 1982—92), «Веснік БДУ» (серыя IV, з 1969) і інш., выдаюцца зборнікі, манаграфіі і інш. даследаванні.

Літ.:

Цікоцкі М.Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст. Мн., 1960;

Марцелев С.В. Печать Советской Белоруссии. Мн., 1967;

Стральцоў Б.В. Публіцыстыка. Жанры. Майстэрства. Мн., 1977;

Булацкі Р.В., Сачанка І.І., Говін С.В. Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979;

Орлова Т.В. Введение в журналистику. Организация работы редакции газеты. Мн., 1989.

С.​В.​Говін.

т. 6, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́СНІК БЕЛАРУ́СКАГА ДЗЯРЖА́ЎНАГА УНІВЕРСІТЭ́ТА»,

навукова-тэарэтычны часопіс. Выдаецца з 1969 у Мінску ў 4 серыях: 1-я — фізіка, матэматыка, інфарматыка; 2-я — хімія, біялогія, геаграфія; 3-я — гісторыя, філасофія, паліталогія, сацыялогія, эканоміка, права; 4-я — філалогія, журналістыка, педагогіка, псіхалогія. Перыядычнасць серый 3 разы на год. Асвятляе дасягненні бел. вучоных у розных галінах Навук. вынікі іх сумесных даследаванняў з вучонымі інш. краін. Публікуе крытыка-бібліягр. агляды і рэцэнзіі, інфармацыю пра навук. жыццё ф-таў БДУ, навук. канферэнцыі і дыскусіі, абарону канд. і доктарскіх дысертацый і інш.

т. 4, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУКА́ Алег Георгіевіч (н. 12.7.1941. в. Лабковіца Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

гісторык, дзярж. дзеяч. Д-р гіст. н. (1986), праф. (1989). Скончыў БДУ (1968), дзе і працаваў з 1971 (з 1986 дэкан ф-та журналістыкі). З 1995 пам. Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у 1997—2001 нам. міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь, з 2002 рэктар Міжнар. гуманітарна-эканам. ін-та. Даследуе пытанні гісторыі, тэорыі і практыкі сродкаў інфармацыі, тэорыі ідэалогіі бел. дзяржаўнасці. Аўтар вучэбнага дапаможніка «Беларуская журналістыка» (ч. 1, 2000).

Тв.:

Голос революционной молодежи. Мн., 1978;

Слово в комсомольском строю. Мн., 1980: Комсомольская строка. Мн., 1984;

Модель устойчивого развития Республики Беларусь. Мн., 1999 (у сааўт.);

Нацыянальная ідэя: Сістэмны аналіз праблемы. Мн., 2001.

т. 15, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ЛАХАЎ Міхаіл Гапеевіч (н. 22.7.1919, в. Маслакі Горацкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. мовазнавец. Засл. дз. нав. Беларусі (1971). Д-р філал. н. (1966), праф. (1967). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1940). У 1965—90 у БДУ, Мінскім пед. ін-це, адказны рэдактар час. «Веснік БДУ. Сер. 4. Філалогія. Журналістыка. Педагогіка. Псіхалогія». Даследуе праблемы сучаснай бел. мовы, гісторыю бел. мовы і яе ўзаемадзеянне з інш. слав. мовамі. Аўтар манаграфіі «Развіццё беларускай літаратурнай мовы ў XIX—XX стст. ва ўзаемаадносінах з іншымі славянскімі мовамі» (1958), «Прыметнік у беларускай мове» (трохтомнага даследавання 1964), «Гісторыя прыметнікаў беларускай мовы XIV—XVII стагоддзяў. Ч. 2. Сінтаксічны нарыс» (1971), «Гісторыя прыметнікаў беларускай мовы. Ч. 3. Лексікалагічны нарыс» (1973); кн. «Я.​Ф.​Карскі» (1981), біябібліягр. слоўніка «Усходнеславянскія мовазнаўцы» (т. 1—3, 1976—78) і энцыклапедычнага слоўніка «Слова аб палку Ігаравым» у літаратуры, мастацтве, навуцы» (1989).

М.Г.Булахаў.

т. 3, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)