СА́ЙГЁ (сапр. Сата Нарыкіё; 1118—1190),

японскі паэт. Быў афіцэрам гвардыі; пакінуўшы службу, стаў вандроўным манахам. Зберагліся зб. яго паэзіі «Санкасю», у які ўвайшло больш за 1500 вершаў жанру танка, і твор па паэтыцы ў запісе яго вучня «Гутаркі з Сайгё» («Сайгё-дансе»). Паэзія С. глыбока філасофская, грунтуецца на асэнсаванні вобразаў прыроды; у ёй дамінуе журботны настрой.

Тв.:

Рус. пер. — Горная хижина. СПб., 1999.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 14, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРЫ́НКІН Андрэй Уладзіміравіч (н. 20.12.1962, Мінск),

бел. паэт. Сын У.​М.​Скарынкіна. Скончыў БДУ (1994), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1997). У 1999—2001 у Ін-це парламентарызму і прадпрымальніцтва ў Мінску. Друкуецца з 1980. Піша на рус. мове. У паэт. зб-ках «Начны спявак», «Барвяныя прыцемкі» (абодва 1994), «Сухія кветкі» (1995), «Журботны госць» (1997) і інш. роздум над лёсам рус. свету, чалавецтва, сэнсам жыцця. Многія вершы С. пакладзены на музыку. Пераклаў на рус. мову вершы А.​Звонака.

Тв.:

Соврасиана: Роман в стихах. М., 1995;

Полет над блудницей: Новелла в стихах М., 1996;

Король Парнаса. М., 1998;

Золотая паутина. Мн., 1999;

Via dolorosa. М., 2000;

Альфа и омега. М., 2001;

Плач журавлей. Мн., 2001;

Родничок. Мн., 2001.

т. 14, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭРД (Baird) Тадэвуш (26.7.1928, г. Гродзіск-Мазавецкі, Польшча — 2.9.1981),

польскі кампазітар, прадстаўнік польскага авангардызму. Чл. АМ ГДР (1979). Праф. (1977). Вучыўся ў Дзярж. вышэйшай муз. школе ў Варшаве (1947—51), Варшаўскім ун-це (1948—50). У 1949 засн. (з К.​Сяроцкім і Я.​Крэнцам) творчую суполку «Група-49». Творчую дзейнасць пачынаў пад уплывам неакласіцызму. З 1956 новую кампазіцыйную тэхніку (серыйная тэхніка, санорыка, пуантылізм) спалучаў з традыцыйнай. Сярод тв.: опера «Заўтра» (муз. драма, 1966); З сімфоніі (1950, 1952, 1969); канцэрты з арк., у т. л. «Журботны» для альта (1975); «Эротыка» для сапрана і арк.; «Эцюд» для «вакальнага арк.», ударных і фп.; Варыяцыі без тэмы; камерна-інстр. і вак. творы. Адзін з заснавальнікаў міжнар. муз. фестываляў «Варшаўская восень» (з 1956). Дзярж. прэміі Польшчы 1951, 1964, 1970.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 3, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́КВІЕМ (ад першага слова лац. тэксту «Requiem aetemam dona eis, Domine» — «Спакой вечны даруй ім, божа»),

1) у музыцы — жалобная памінальная меса, прысвечаная памяці памерлых. Ад урачыстай каталіцкай месы адрозніваецца тым, што замест частак «Глорыя» і «Крэда» ўводзяцца «Рэквіем», «Дыез ірэ», «Туба мірум», «Лакрымоза» і інш.

Першапач. інтанацыйнай асновай Р. служылі мелодыі грыгарыянскага харала. У 17—18 ст. Р. ператварыўся ў буйную цыклічную кампазіцыю для салістаў, хору і аркестра, дзе поліфанічны склад спалучаўся з гамафонна-гарманічным. Лепшыя ўзоры Р. набылі пазакультавы, канцэртны характар. Сусв. вядомасць набыў Рэквіем В.​А.​Моцарта (1791; скончаны Ф.​К.​Зюсмайрам). Сярод аўтараў найб. выдатных Р. 19 ст. Г.​Берліёз, Дж.​Вердзі, І.​Брамс; у 20 ст. — П.​Хіндэміт, Ф.​Дэліус, Б.​Брытэн. Р. стаў, з аднаго боку, галіной неакласіцызму (І.​Стравінскі, А.​Шнітке), а з другога — аб’ектам эксперыментаў у навейшых муз. плынях (Дз.​Лігеці).

У бел. музыцы рысы Р. маюць паэма-Р. «Хатынскія званы» Ю.​Семянякі, Р.-балада А.​Мдывані, Р. «Помніце» Л.​Шлег і інш. 2) У літаратуры — жанрава-стылявы тып твора спецыфічнага ідэйна-маральнага зместу — жалобна-элегічнага ці гераічнага, у якім паэтычна апяваюцца (нярэдка ў традыцыях нар. галашэнняў) ахвяры, страты і адначасова раскрываюцца магутнасць і хараство жыццёвых сіл, здольных процістаяць злу. У Р. спалучаюцца лірычна-прачулы журботны (ці трагічна-балючы) і ўзвышана-суровы, стрымана-ўрачысты, часам прамоўніцка-публіцыстычны пачаткі. У бел. л-ры рысы Р. ўпершыню праявіліся ў творах пач. 20 ст. («Зваяваным», «Курган» Я.​Купалы, «Страцім-лебедзь», «Максім і Магдалена» М.​Багдановіча). У сучаснай паэзіі Р. найчасцей увасабляецца ў жанрах паэмы, балады. Трагічнае пачуццё страт і гарачы антыфаш. пафас, высокае філас.-гуманіст. асэнсаванне праблем сучаснасці характэрны для паэм «Блакада» Р.​Барадуліна, «Голас сэрца» П.​Броўкі, «Паэма расстання» Г.​Бураўкіна, «Заазёр’е» А.​Вярцінскага, «Трыпутнік» К.​Кірэенкі, «Варшаўскі шлях» А.​Куляшова, «Паэма жніва» Н.​Мацяш. Асаблівасці Р. ўласцівы малым паэт. формам, дзе зліваюцца трагічнае і гераічнае («Хатынскі снег» Бураўкіна, «Рэквіем» Вярцінскага, «Над брацкай магілай» Куляшова, «Рэквіем» М.​Танка і інш.). Радзей Р. выяўляе сябе ў прозе: у ёй слаба выражаны інтанацыйны лад, эмацыянальнае гучанне. Рысы Р. ўласцівы творам А.​Адамовіча «Хатынская аповесць», В.​Быкава «Абеліск», «Мёртвым не баліць», «Знак бяды», «Аблава», В.​Казько «Суд у Слабадзе», І.​Пташнікава «Тартак», дакумент. кн. Адамовіча, Я.​Брыля, У.​Калесніка «Я з вогненнай вёскі», С.​Алексіевіч «Чарнобыльская малітва».

А.​І.​Валадковіч (музыка), А.​М.​Пяткевіч (літаратура).

т. 13, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)