Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУ́ЖАЛІ (Carabidae),
сямейства насякомых атр. жукоў. Каля 25 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераным поясе Еўразіі. Жывуць у лясным подсціле і на яго паверхні, радзей на дрэвах, у мурашніках і інш. На Беларусі больш за 300 відаў, з іх 12 занесены ў Чырв. кнігу: рашэцісты (Carabus cancellatus), Менетрые (C. menetriesi), бліскучы, або нітэнс (C. nitens), фіялетавы (C. violaceus), шчыгрынавы (C. coriaceus), цудоўны (C. scheidleri), блытаны (інтрыкатус — C. intricatus), аблямаваны (C. marginalis), красацелы — бронзавы (малы — Calosoma inqisitor), пахучы (C. sycophanta), даследчык, або чорны (C. investigator), скакун пясчаны (арэнарыя — Cicindela arenaria).
Даўж. 1,2—90 мм. Цела звычайна прадаўгаватае, вусікі пераважна ніткападобныя, ногі доўгія, бегальныя. Галава круглая. Надкрылы часта зрастаюцца, крылы бываюць недаразвітыя. Афарбоўка часцей чорная, бурая, з метал. бляскам розных адценняў, радзей стракатая. У многіх відаў развіты анальныя залозы, якія выдзяляюць едкую вадкасць. Жывуць і акукліваюцца ў глебе. Лічынкі прадаўгаватыя, рухомыя. Большасць Ж. — мнагаедныя драпежнікі, кормяцца глебавымі беспазваночнымі — насякомымі, іх лічынкамі, малюскамі, дажджавымі чарвямі. Многія кормяцца жывёльным і раслінным кормам, радзей — расліннаедныя (збожжавая, прасяная і інш).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПЕТЭ́КСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
у Туркменіі, на ПдУ Каракумаў. Створаны ў 1928 для аховы прыроднага комплексу пустыні Каракумы. З 1978 біясферны запаведнік. Пл. 34,6 тыс.га. Замацаваныя бугрыстыя (з зараснікамі белага і чорнага саксаулаў) і барханна-градавыя пяскі. У фауне пераважаюць вялікая пясчанка, тушканчыкі, суслікі, джэйран, заяц-пясчанік; у арнітафауне 196 відаў птушак, у т. л. беркут, пугач пустынны, сыч дамавы, каршун чорны, сойка саксаульная, дзяцел белакрылы; 23 віды паўзуноў, у т. л. шэры варан, геконы, чарапахі, эфа пясчаная, страла-змяя; каля 1 тыс. відаў насякомых і павукападобных, у т. л. скарпіён, фаланга, тарантул, жукі-скарабеі, жужалі. Многія расліны і жывёлы — рэдкія і эндэмічныя віды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕКАЛІ́НСКІ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Смалявіцкім р-не Мінскай вобл. Створаны ў 2000 з мэтай захавання ў натуральным стане лясных фармацый з рэдкімі і знікаючымі відамі раслін і жывёл. Пл. 2129 га. Рэльеф дробнаўзгорысты, градава-марэнны, узвышаны, з камамі. Хваёвыя (78%), яловыя (8,5%) і бярозавыя (13%) лясы. У флоры 583 віды сасудзістых раслін, у т. л. купальнік горны, баранец звычайны, гайнік цёмна-чырвоны, гарлянка пірамідальная, змеегалоўнік Руйша, ядрушка даўгарогая, лілея кучаравая, шпажнік чарапіцавы занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У фауне 20 відаў млекакормячых, 7 амфібій, 4 паўзуноў, 85 птушак, 164 насякомых (каршачок, жужалі рашэцісты і фіялетавы, пераліўніца вялікая і інш. занесены ў Чырв. кнігу Беларусі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ХІ,
караткавусыя двухкрылыя (Brachycera) атр. двухкрылых насякомых. 2 падатр.: караткавусыя прамашыўныя (Brachycera-Orthorrhapha) і караткавусыя круглашыўныя (Brachycera-Cyclorrhapha). Каля 70 сям., больш за 80 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі трапляецца большасць сям., у т. л.: авадні, дразафілы, жужалі, журчалкі, злакавыя мухі, крывасоскі, ктыры, мініруючыя мушкі, мухі мясныя, муха пакаёвая, мухі сапраўдныя, сляпні, таўкачы, тахіны, вялікагалоўкі, ільвінкі, кветачніцы, М. гнаявыя, М. каласавыя, М. шведскія, саркафагі, стракатакрылкі і інш. Некат. віды — шкоднікі раслін, паразіты жывёл і чалавека, пераносчыкі ўзбуджальнікаў розных хвароб, яец гельмінтаў.
Даўж. 1—55 мм. Цела ўкрыта валаскамі і шчацінкамі. Галава рухомая, ротавыя органы накшталт хабатка. Вочы фасетачныя. Вусікі 3-членікавыя. Адна (пярэдняя) пара перапончатых крылаў, заднія ператвораны ў кароткія булавападобныя прыдаткі (жужальцы). Канечнасці з прысоскамі. Кормяцца: лічынкі — расліннымі і жывёльнымі тканкамі і рэшткамі, ёсць драпежнікі, некат. — паразіты; дарослыя — нектарам кветак, крывёю жывёл, гноем. Размнажаюцца яйцамі, у некат. жыванараджэнне лічынак. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі бязногія і безгаловыя, развіваюцца ў глебе, гнаі, тканках і рэштках раслін і жывёл. Кукалкі без кокана або ў псеўдакокане.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУКІ́, цвердакрылыя (Coleoptera),
атрад насякомых. 2 падатр., драпежныя (Adephaga) і разнаедныя (Polyphaga). Каля 140 сям., больш за 300 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, Цэнтр. Арктыкі, найб. высокіх горных вяршынь. Насяляюць сушу, прэсныя воды; асабліва многа ў тропіках. На Беларусі 100 сям., больш за 3 тыс. відаў. Найб. пашыраны прадстаўнікі 4 сям.: жужалі, стафіліны, слонікі, шчаўкуны.
Даўж. 0,2—200 мм. Афарбоўка розных колераў, часта з метал. бляскам. Цела мае галаву, грудзі і брушка. Покрыва цвёрдае, зрэдку мяккае (мяккацелкі). Галава часцей круглаватая, радзей выцягнута ў галаватрубку. Грудзі і брушка звычайна размежаваныя. Першая пара крылаў — цвёрдыя (адсюль другая назва) надкрылы (элітры), ахоўваюць другую (лятальную) пару крылаў і мяккі верхні бок брушка. Вусікі часцей 11-членікавыя. Ног 3 пары. Ротавы апарат грызучы. Раздзельнаполыя, пераважна яйцакладныя, радзей жывародныя. Пераўтварэнне поўнае (яйцо, лічынка, кукалка, імага). 1—3 пакаленні за год. Па характары кармлення — фітафагі, сапрафагі і заафагі. Глебаўтваральнікі, санітары, рэгулятары колькасці інш. насякомых, апыляльнікі раслін. Некат. — шкоднікі с.-г. і лясных культур, прадуктаў. Шэраг відаў выкарыстоўваецца ў біял. барацьбе з насякомымі-шкоднікамі.
Літ.:
Фауна и экология жесткокрылых Белоруссии. Мн., 1991;