МАНІПУЛЯ́ЦЫЯ (франц. manipulation ад лац. manipulus жменя),

рухі рукі або абедзвюх рук пры выкананні складанай работы; складаны прыём або дзеянне, якія патрабуюць спрыту ў ручной рабоце. У пераносным сэнсе — спрытнае махлярства, махінацыя, выхадка.

т. 10, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСІКА́ВА (Такубоку) (сапр. Хадзімэ Такубоку; 28.10.1885, Хінота, прэфектура Іватэ, Японія — 13.4.1912),

японскі пісьменнік. Уваходзіў у літ. т-ва «Новая паэзія». Вядомасць прынеслі зб-кі «Жменя пяску» (1910), «Свіст і свісток» (1911), «Самотная цацка» (1912). Пісаў у традыц. форме танка і свабодным белым вершам. Паэзія І. шматгранная — ад любоўнай і пейзажнай лірыкі да паліт. вершаў, ад матываў песімізму да твораў, прасякнутых верай у лепшае будучае. Аўтар раманаў «Лёс таленту» (1906), «Наша група і ён» (1912) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. лирика. М., 1971.

т. 7, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЗГО́ТКІ, бразгуны, бразгаўкі,

агульная назва многіх нар. інструментаў класа ідыяфонаў: шархуноў, званкоў, талерачак (састаўных частак бубна), трашчотак і ўласна бразготак. Уласна бразготкі напачатку служылі дзіцячай цацкай, выкарыстоўваліся як сігнальны інструмент у начным старажоўстве. Маюць выгляд драўлянага корпуса з ручкай. Унутры корпуса на прымацаванай да яго адным канцом нітцы нанізана жменя высушанага насення бабовых. На Беларусі пашыраны таксама ў выглядзе звычайнай скрыначкі з некалькімі каменьчыкамі або невял. шарыкамі ўнутры, замацаванымі пасярэдзіне свабодна нацягнутай ніткай. У наш час вядомы як ансамблевы рытмічна-каларыстычны інструмент.

І.​Дз.​Назіна.

Бразготка.

т. 3, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРА́ХМА (ад грэч. drachmē жменя, кісць),

1) старажытнагрэчаская вагавая і грашовая адзінка. Як манета пачала чаканіцца ў 6 ст. да н.э. Была пераважна сярэбранай, радзей залатой ці меднай, мела розную масу (атычная Д. 4,17 г; карынфская Д. 2,8 г). Чаканіліся манеты вартасцю 72, 1, 2 (дыдрахма), 3, 4 (тэтрадрахма), 5, 6, 8, 10 (дэкадрахма) і 12 Д.; раўнялася 6 аболам, 100 Д. складалі міну, 6 тыс. Д. — талант.

2) У сярэдневякоўі сярэбраная манета масай 2,7 г. Чаканілася ў сярэдзіне 13 ст. ў лац. дзяржавах Б. Усходу.

3) Сучасная грашовая адзінка Грэцыі (з 1833).

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЕ́ТАПІС»,

бел. кінастудыя хранікальна-дакумент. фільмаў. Існавала ў 1968—98. Створана як вытворча-творчае аб’яднанне кінастудыі «Беларусьфільм» на базе Мінскай студыі навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў, з 1987 кінастудыя. Выпускала дакумент., хранікальна-дакумент., навукова-папулярныя, навучальныя, тэхніка-прапагандысцкія фільмы, кіначасопісы («Савецкая Беларусь», «Піянер Беларусі», «Мастацтва Беларусі», «Навука і тэхніка Беларусі» і інш.). Многія фільмы атрымалі ўзнагароды на міжнар. і ўсесаюзных кінафестывалях: «Боль мой — Хатынь» (рэж. П.​Аліфярэнка), «У агні жыцця» (рэж. 1. Вейняровіч; абодва 1970), «Балада аб мужнасці і любві» (1972, рэж. Вейняровіч), «Зямля мая — лёс мой» (рэж. Ю.​Лысятаў, Р.​Ясінскі), «Шчаслівыя берагі Алімпіі» (рэж. С.​Лук’янчыкаў; абодва 1978), «Атакуе ўся каманда» (1983, рэж. У.​У.​Цяслюк) і інш. Дзярж. прэміі Беларусі прысуджаны фільмам «Генерал Пушча» (1968, сцэнарый А.​Вялюгіна, рэж. Вейняровіч), «Мы з Беларусі», «Бацькоўскае поле» (абодва 1982; рэж. Лысятаў). Сярод інш. фільмаў: «Птушка ікс» (1973, рэж. Дз.​Міхлееў, аператар У.​Цяслюк), «Праз дзесяць гадоў, або Надзеі і трывогі 10 «А» (1974, сцэнарый Л.​Браслаўскага, рэж. В.​Сукманаў і Ясінскі), трылогія «Жанчына з забітай вёскі», «Немы крык» і «Жменя пяску» (1976, рэж. В.​Дашук), «Іван Мележ» (1977, рэж. Лысятаў), «Дэсант на Чару» (1979, рэж. Ясінскі), «Маці салдацкая» (1981, рэж. М.​Жданоўскі), «Тады я не плакала» (1984, рэж. Дашук), «Полацкая жамчужына» (1988, рэж. С.​Гайдук), «Крэва» (1996, рэж. Жданоўскі), «Канікулы для сіраты» (1998, рэж. Г.​Адамовіч). Сярод рэжысёраў таксама А.​Алай, В.​Аслюк, С.​Галавецкі, М.​Заслонава, І.​Калоўскі, А.​Канеўскі, А.​Карпаў, І.​Пікман, М.​Скітовіч, Б.​Стральцоў, Ю.​Цвяткоў, П.​Шамшур, У.​Шаталаў; аператары В.​Арлоў, Ю.​Плюшчаў, С.​Пятроўскі, І.​Рамішэўскі і інш.

Г.​У.​Шур.

т. 9, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫЛЬ (Янка) (Іван Антонавіч; н. 4.8.1917, Адэса),

бел. пісьменнік. Нар. пісьменнік Беларусі (1981). У 1922 пераехаў з бацькамі на іх радзіму (в. Загор’е Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.). Скончыў польск. сямігадовую школу (1931), працаваў на гаспадарцы, займаўся самаадукацыяй. З сак. 1939 служыў у польск. марской пяхоце. Удзельнік баёў на Вэстэрплятэ. У вер. 1939 трапіў у ням. палон, адкуль уцёк увосень 1941. З кастр. 1942 сувязны партыз. брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэння, у сак.—ліпені 1944 партызан-разведчык брыгады «Камсамолец», рэдактар газеты «Сцяг свабоды» і сатыр. антыфаш. лістка «Партызанскае жыгала». З кастр. 1944 у Мінску. Працаваў у рэдакцыях газ.-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», часопісаў «Вожык», «Маладосць», «Полымя», у Дзярж. выд-ве Беларусі. У 1966—71 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкуецца з 1938. Першыя зб-кі «Апавяданні» (1946), «Нёманскія казакі» (1947) вылучылі яго як арыгінальнага майстра лірыка-псіхал. прозы, добрага знаўцу жывой нар. мовы. Жыццё даваеннай і пасляваен. зах.-бел. вёскі, усенар. барацьба супраць ням.-фаш. акупантаў — асн. тэматыка творчасці Брыля (зб. апавяданняў «Вераснёвая рунь», 1949; аповесць «У Забалоцці днее», 1950, Дзярж. прэмія СССР 1952; зб-каў «На Быстранцы», 1955; «Надпіс на зрубе», 1958; «Мой родны кут», 1959; «Працяг размовы», 1962, Літ. прэмія імя Я.​Коласа 1963, і інш.). Апавяданні «Галя», «Надпіс на зрубе», «Маці» і інш. сталі хрэстаматыйныя. Яны кранаюць задушэўнасцю тону, сагрэты любоўю да людзей, славяць высокую гуманнасць, патрыятызм. Стылю празаіка ўласціва паэтычнасць бачання свету, сплаўленая з тонкім псіхалагізмам і пластычнасцю малюнка. Чалавек у яго творах даследуецца ў складаных сац.-псіхал. абставінах, лірызм і эмацыянальнасць арганічна спалучаны з цвярозай аналітычнасцю і псіхал. дакладнасцю. Героі Брыля — людзі тонкай душы і дасціпнага розуму, схільныя да аналізу і самааналізу (Лёня Жывень з аповесці «Апошняя сустрэча», 1959; Алесь Руневіч з рамана «Птушкі і гнёзды», 1963, і інш.). У аснове рамана «Птушкі і гнёзды» — роздум пра чалавека, народ, Радзіму, паказ пакутлівых пошукаў зах.-бел. юнаком Руневічам — чалавекам уражлівай душы і высокіх духоўных парыванняў — шляхоў да свядомай барацьбы з фашызмам. Паказваючы «біяграфію адной душы», пісьменнік здолеў разгарнуць шырокую панараму жыцця, выкрыць знутры «філасофію» таталітарызму і фашызму, паказаць нараджэнне супраціўлення яму ў душах людзей. Людзі актыўнага дзеяння, наіўныя рамантыкі зах.-бел. падполля П.​Жалезняковіч і Р.​Сяржант — героі вядомых нарысаў Брыля «Сэрца камуніста» і «Партрэт старэйшага таварыша». З калабруньёнскім гумарам і журботаю, з псіхал. глыбінёй паказана жыццё зах.-бел. вёскі 1920—30-х г. у яго аповесцях «Ніжнія Байдуны» (1975) і «Золак, убачаны здалёк» (1978, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1982). Аповесць «Муштук і папка» (1990) пра брата, закатаванага ў 1938 у Белай Царкве на Украіне. Шырокае прызнанне атрымалі лірыка-філас. мініяцюры, псіхал. абразкі (зб-кі «Жменя сонечных промняў», 1965, «Вітраж», 1972, «Вячэрняе», 1994 і інш.). Піша таксама для дзяцей, вобразы якіх малюе шчыра, светла, замілавана (зб-кі «Ліпка і клёнік», 1949; «Зялёная школа», 1951; «Светлае ранне», 1954; «Пачатак сталасці», 1957; «Жыў-быў вожык», 1976). Адзін з аўтараў кнігі «Я з вогненнай вёскі...» (1975, з А.​Адамовічам і У.Калеснікам), у якой сабраны і сродкамі маст. публіцыстыкі пракаменціраваны расказы нешматлікіх людзей, што перажылі жахі соцень спаленых разам з жыхарамі бел. вёсак. Кніга гэтая — напамінак свету пра зверствы гітлераўцаў, выключнай сілы прысуд фашызму, гімн мужнасці няскоранага народа. Выступае з публіцыст. і літ.-крытычнымі артыкуламі. Эстэт. погляды пісьменніка, яго аналіз сучаснага літ. працэсу — у зб-ках «Роздум і слова» (1963), «Трохі пра вечнае» (1978). На бел. мову пераклаў асобныя творы Л.​Талстога, А.​Чэхава, І.​Крылова, М.​Горкага, П.​Бажова, Г.​Траяпольскага, А.​Вішні, А.​Даўжэнкі, І.​Друцэ, Э.​Ажэшкі, М.​Канапніцкай, Б.​Пруса, Л.​Кручкоўскага, Я.​Івашкевіча, Я.​Бранеўскай і інш.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—2. Мн., 1960;

Зб. тв. Т. 1—4. Мн., 1967—68;

Зб. тв. Т. 1—5. Мн., 1979—81;

Выбр. тв. Т. 1—3. Мн., 1992—93;

Пішу як жыву. Мн., 1994.

Літ.:

Канэ Ю. Янка Брыль: Критико-биогр. очерк. М., 1964;

Гусева Л. Янка Брыль — мастак. Мн., 1968;

Аляхновіч Р.В. Янка Брыль у школе. Мн., 1979;

Калеснік У. Янка Брыль: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1990;

Шупенька Г. Паэзія прозы // Шупенька Г. Цеплыня чалавечнасці. Мн., 1977;

Адамович А. Янка Брыль // Собр. соч. Мн., 1982. Т. 2;

Вітка В. Даследуецца чалавек // Вітка В. Урокі. Мн., 1982.

Г.​С.​Шупенька.

Я.Брыль.

т. 3, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)