ПЕНЕЛО́ПА,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі і паэме «Адысея» жонка цара Ітакі Адысея. Яна 20 гадоў чакала з Траянскай вайны мужа, якога ўсе лічылі загінуўшым, не прымала настойлівых дамаганняў шматлікіх жаніхоў. Калі Адысей тайна вярнуўся і знішчыў жаніхоў, П. пазнала ў ім свайго мужа. Імя П. — сімвал вернай, адданай жонкі.
т. 12, с. 266
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНАІ́ДЫ,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі 50 дачок аргоскага цара Даная. Супраць сваёй волі і волі бацькі яны павінны былі выйсці замуж за стрыечных братоў. Д. ўцяклі з бацькам у Аргас, але юнакі іх дагналі. Данай вымушаны быў згадзіцца на шлюб, але дочкам загадаў забіць жаніхоў у шлюбную ноч. Усе, акрамя Гіпермнестры, зрабілі гэта. У пакаранне Д. павінны былі ў Аідзе вечна напаўняць вадой бяздонную бочку. У пераносным сэнсе «бочка Д.» ці «работа Д.» — бессэнсоўная і бясконцая праца.
т. 6, с. 35
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)