А́ВЕРКАМП (Avercamp) Хендрык

(25.1.1585, Амстэрдам — 15.5.1634),

галандскі жывапісец. Стварыў жанрава-пейзажныя карціны, характэрныя для галандскага рэалізму пач. 17 ст., невялікія зімовыя пейзажы ў светла-серабрыстай гаме («Катанне на каньках»).

Х.Аверкамп. Катанне на каньках.

т. 1, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКАНІ́ЗМ

(ад грэч. lakōnismos),

гранічная сціпласць і дакладнасць у выказванні думак. Паводле легенды, такой рысай славіліся жыхары Лаканіі (Стараж. Грэцыя) — спартанцы ў адрозненне ад красамоўных афінскіх аратараў. Л. выступае як вызначальная адзнака асобных фальклорных жанраў (прыказка, прымаўка, загадка, анекдот, жарт), абумоўлівае жанрава-кампазіцыйныя формы эпіграмы, эпітафіі, карацелькі. Лаканічнасцю вызначаюцца крылатыя словы, афарызмы. Л. можа з’яўляцца адным са сродкаў выяўлення ідэі літ. твора.

т. 9, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НІНГТАН (Bonington) Рычард Паркс

(25.10.1801 ці 1802, каля г. Нотынгем, Вялікабрытанія — 23.9.1828),

англійскі жывапісец і графік; майстар пейзажнай акварэлі і літаграфіі. Вучыўся ў АМ у Парыжы (1819). Тонкія лірычныя пейзажы («Лодкі каля берага», «Венецыя»), адзначаныя непасрэднасцю назіранняў, пракладвалі шляхі пленэрным пошукам еўрап. жывапісу 19 ст., у т. л. барбізонскай школе жывапісу. Яго невял. жанрава-гіст. карціны («Генрых IV і іспанскі пасол» і інш.) адметныя рысамі рамантызму, свабодай жывапіснай манеры.

т. 3, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРЫ́МСКІЯ

(Gierymscy),

польскія жывапісцы, браты. Ураджэнцы Варшавы. Вучыліся ў Школе прыгожых мастацтваў у Варшаве і АМ у Мюнхене. Максімілян (15.10.1846 — 16.9.1874). Яго жанрава-пейзажным кампазіцыям уласцівыя тонкасць назіранняў, лірычнасць («Пахаванне гараджаніна», 1868—69; «Паўстанцкі патруль», каля 1873, і інш.). Аляксандр (30.1.1850 — 8.3.1901). У сваіх творах адлюстраваў пераважна карціны жыцця горада: «Яўрэйскае свята» (1884), «Рабочыя пясчанага кар’ера» (1887) і інш. Выкарыстоўваў эфекты асвятлення. У пач. 1880-х г. прыйшоў да імпрэсіянізму («У альтанцы», 1882, «Мора», 1890).

Літ.:

Тананаева Л.И. А.Герымский. М., 1962.

т. 5, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАФУРЫ́ Мажыт

(сапр. Гафураў Габдулмажыт Нурганіевіч; 1.8.1880, в. Зілім-Каранова Гафурыйскага р-на, Башкортастан — 28.10.1934),

башкірскі і татарскі пісьменнік. Нар. паэт Башкортастана (1923). Упершыню выступіў у друку ў 1904 (зб. вершаў «Сібірская чыгунка»). Паэт. зб-кі «Маё маладое жыццё» (1906), «Любоў да нацыі» (1907) былі забаронены цэнзурай. Аўтар жанрава разнастайных твораў пра грамадз. вайну, станаўленне новага ладу жыцця ў краіне, лёс жанчыны (зб. вершаў «Чырвоны сцяг», 1917; паэма «Рабочы», 1921; п’еса «Чырвоная зорка», 1926; аповесці «Чарнатварыя», 1927; «Ступені жыцця», 1930; «На залатых капальнях паэта», аўтабіягр., 1931, і інш.). Пісаў для дзяцей. На бел. мову творы Гафуры пераклалі Э.Валасевіч, Ю.Свірка.

Літ.:

Рамазанов Г. Мажит Гафури. М., 1980.

Р.З.Шакураў.

т. 5, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТАШО́НАК Алесь

(Аляксандр Мікалаевіч; нарадзіўся 1.6.1954, Мінск),

бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1976). Працаваў перакладчыкам у Алжыры, рэдактарам у БелЭн, штотыднёвіку «ЛІМ», у час. «Крыніца». Аўтар кніг прозы «Фарбы душы» (1989) і «П’яная кніга, або Жоўты колер белага снегу» (1996), п’ес «Іскры ўначы» (паст. 1982, апубл. 1986) і «Камедыянт, ці Узнёсласць сумнай надзеі» (паст. 1984, апубл. 1985), «Рэпетыцыя», «Спагада», «Ахвяра» (усе 1994). Творы Асташонка адметныя псіхалагізмам, філасафічнасцю, шырынёй жанрава-тэматычнага дыяпазону. Паводле сцэнарыяў Асташонка пастаўлены маст. тэлефільмы «Камедыянт» (1987) і «Сон» (1989, 1-я прэмія Міжнар. тыдня кіно ў Тэруэлі, Іспанія, 1989). Пераклаў на бел. мову з англ. раманы Б.Стокера «Дракула», Г.Макай «Бывай, жыццё, бывай, каханне!» (абодва 1992—93), Р.Стывенсана «Востраў скарбаў» (1993) і інш., п’есу Ю.О’Ніла «Поўня для пасынкаў лёсу» (паст. 1994), з франц. раман П.Буля «Планета малпаў» (1990), кн. Ж.Сіменона «Пад страхам смерці» (1992) і інш.

І.У.Саламевіч.

т. 2, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАЎКО́ Андрэй Васілевіч

(3.12.1897, с. Юркі Палтаўскай вобл., Украіна — 5.12.1972),

украінскі пісьменнік. Адзін з заснавальнікаў укр. сав. прозы. Першая кніга — зб. вершаў «Самацветы» (1919). Аўтар апавяданняў і аповесцей (зб-кі «Дзяўчынкі з шляху», 1923; «Пасынкі стэпу», 1928; «Магу», 1926), п’ес («У чырвоных шумах», 1924; «Райскі яблык», 1946, кінасцэнарый «Калі сустракаюцца двое», 1956), кінасцэнарыяў (зб. «Гады маладыя», 1956), нарысаў і інш. У раманах «Бур’ян» (1927), «Арцём Гармаш» (ч. 1—3, 1951—70; Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Р.Шаўчэнкі 1969) адлюстраваў жыццё і класавую барацьбу ўкр. сялянства ў перыяд аднаўлення нар. гаспадаркі, у рамане «Маці» (1932, 2-я рэд. 1934) — падзеі рэвалюцыі 1905—07 і гады рэакцыі на Украіне. Творчасць Галаўко тэматычна і жанрава разнастайная, адметная актуальнасцю праблематыкі, майстэрствам кампазіцыі, паглыбленым псіхалагізмам. На бел. мову творы Галаўко пераклалі Я.Васілёнак, С.Міхальчук, Я.Пфляўмбаўм, Л.Салавей.

Тв.:

Твори. Т. 1—5. Київ, 1976—77;

Бел. пер. — Піліпка. Мн., 1930.

т. 4, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУГАЁЎ Дзмітрый Якаўлевіч

(н. 12.1.1929, в. Сычык Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. крытык і літ.-знавец. Канд. філал. н. (1960). Праф. (1987). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1952). З 1959 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1964 у БДУ. Друкуецца з 1957. Аўтар манаграфій пра жыццё і творчасць М.Лынькова, М.Танка, У.Дубоўкі, М.Гарэцкага, К.Крапівы, І.Мележа, В.Быкава, артыкулаў пра творчасць Я.Брыля, Г.Бураўкіна, А.Вярцінскага, П.Галавача, Ц.Гартнага, В.Каваля, В.Казько, Я.Коласа, А.Кудраўца, М.Лобана, Б.Мікуліча, А.Мрыя, І.Навуменкі, Я.Нёманскага, П.Панчанкі, Б.Сачанкі, М.Стральцова, А.Чарнышэвіча, К.Чорнага, І.Чыгрынава, Я.Янішчыц і інш. Працы Бугаёва адметныя жанравай і тэматычнай разнастайнасцю, канцэптуальнасцю, глыбінёй і пераканальнасцю літ.-знаўчага аналізу, уменнем раскрыць індывідуальна-творчае аблічча пісьменніка, эстэт. і жанрава-тэматычнае багацце, стылявую самабытнасць бел. л-ры. Аўтар успамінаў «Жыццём ідучы...» (1995). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1984 за кн. крытычных нарысаў «Талент і праца» (1979).

Тв.:

Шматграннасць. Мн., 1970;

Чалавечнасць. Мн., 1985;

Арганічнасць таленту. Мн., 1989;

Праўда і мужнасць таленту. Мн., 1995.

І.У.Саламевіч.

т. 3, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУМАРЭ́СКА

(ням. Humoreske ад Humor гумар),

1) у літаратуры — невялікі вершаваны або празаічны твор жартаўлівага зместу. У яго сюжэтнай аснове звычайна смешная прыгода, камічнае быт. здарэнне, а аб’ект асмяяння — жыццёвая з’ява або загана ў чал. характары, якія не маюць адзнак сац. шкоднасці ці небяспечнасці. Эмацыянальна-стылявым ладам набліжаецца да анекдота, фабліо, фацэцыі.

2) У музыцы — музычны твор гумарыстычнага (жартаўлівага) характару, блізкі да скерца.

Першую гумарэску стварыў Р.Шуман (для фп., 1839); складаецца з шэрагу лірычных і скерцозных эпізодаў, спалучае летуценнасць з жартам. Пазней паявіліся гумарэскі рознага вобразнага вырашэння: жанрава-быт., скерцознатанц., лірычнага, гратэскавага (блізкага да бурлескі і капрычыо), салоннага характару. Вядомы гумарэскі для аркестра (Э.Гумпердынк), для 4-галосага мужч. хору а capella (Клёве).

У бел. музыцы значнае пашырэнне жанру гумарэскі звязана, верагодна, з вял. развіццём жартоўных песень і прыпевак да танцаў у нац. фальклоры. У прафес. музыцы вядомы гумарэскі для розных інструментаў, для аркестра, у фіналах сюітных цыклаў Л.Абеліёвіча, М.Аладава, У.Алоўнікава, Г.Вагнера, В.Войціка, Я.Глебава, Я.Дзягцярыка, С.Картэса, П.Падкавырава, Р.Суруса, А.Туранкова, У.Чараднічэнкі, Л.Шлег і інш.

Р.М.Аладава (музыка).

т. 5, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛІ́НІ

(Bellini),

сям’я італьянскіх жывапісцаў — заснавальнікаў мастацтва Адраджэння ў Венецыі (гл. Венецыянская школа жывапісу). Нарадзіліся ў Венецыі.

Жывапіс галавы сям’і Якала (каля 1400—7.1.1470 ці 25.11.1471) пры мяккай лірычнасці вобразаў захаваў сувязь з гатычнымі традыцыямі («Мадонна з дзіцем», 1448). У яго малюнках (замалёўкі ант. помнікаў, арх. фантазіі) адлюстраваліся цікавасць да перспектывы, уплыў А.Мантэньі і П.Учэла. З імем Джэнтыле (каля 1429—23.2.1507), сынам Якопа, звязана зараджэнне венецыянскай жанрава-гіст. карціны («Працэсія на плошчы Сан-Марка», 1496, «Цуд святога крыжа», 1500). У сваіх партрэтах ён дакладна ўзнаўляў абрыс мадэлі. Джавані (каля 1430—29.11.1516), другі сын Якопа, — буйнейшы майстар венецыянскага кватрачэнта. Яго творчасць стала асновай мастацтва Высокага Адраджэння ў Венецыі. Настаўнік Тыцыяна і, верагодна, Джарджоне. Творы Джавані адметныя мяккай гармоніяй гучных, насычаных колераў і празрыстасцю святлоценявых градацый, яснай, спакойнай урачыстасцю і паэтычнасцю вобразаў («Мёртвы Хрыстос», 1470, «Мадонна з дрэўцамі», 1487, «Мадонна на троне ў акружэнні святых», Т505, «Баляванне Багоў», 1514, «Маладая жанчына за туалетам», 1515, і інш.). У яго творчасці побач з класічнай кампазіцыяй рэнесансавай алтарнай карціны сфарміраваўся поўны цікавасці да чалавечай асобы гуманістычны партрэт (партрэт дожа Леанарда Ларэдана, каля 1507).

Літ.:

Гращенков В.Н. Портреты Джованни Беллини // От эпохи Возрождения к двадцатому веку. М., 1963.

т. 3, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)