Жадэіт 8/446

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАДЭІ́Т (франц. jadeite ад jade нефрыт),

мінерал, які належыць да групы манаклінных піраксенаў, сілікат натрыю і алюмінію, NaAI(Si2O6). Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Звычайна ў выглядзе зярністых ці валакністых агрэгатаў. Колер зялёны, белы ці карычневы. Бляск шкляны. Паўпразрысты, вельмі падобны на нефрыт. Цв. 6,5—7. Шчыльн. 3,3—3,5 г/см³. Трапляецца ў метамарфічных горных пародах; утварае скопішчы ў серпенцінітах. Найб. радовішчы ў Бірме. Каштоўны вырабны камень.

Жадэіт.

т. 6, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРАКСЕ́НЫ (ад піра... + грэч. xenos чужы),

група пародаўтваральных мінералаў падкласа стужачных сілікатаў. Агульная формула R2[Si2O6], дзе R — пераважна магній, жалеза, радый, кальцый, алюміній, натрый, літый і інш. Крышталізуюцца ў манакліннай (клінапіраксены) і рамбічнай (ортапіраксены) сінганіях. Адрозніваюць П. шчолачназямельныя (дыяпсід-гедэнбергіт, аўгіт) і шчолачныя (эгірын, жадэіт, спадумен). Крышталі кароткапрызматычныя, таблітчастыя, зярністыя масы, украпанікі. Колер белы, шэры, жоўты, аліўкава-зялёны, бураваты да чорнага. Цв. 5—6. Шчыльн. 3,1—3,6 г/см³. Уваходзяць у састаў многіх магматычных і метамарфічных горных парод, некат. пароды цалкам складзены з П. (напр., піраксеніт).

т. 12, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫРАБНЫ́Я КАМЯНІ́,

дэкаратыўныя мінеральныя агрэгаты і горныя пароды, якія маюць прыгожы колер ці малюнак і выкарыстоўваюцца для вытв-сці разнастайных маст. вырабаў і сувеніраў. Важнейшая ўласцівасць вырабных камянёў — здольнасць добра паліравацца. Адрозніваюць цвёрдыя вырабныя камяні — цв. 5 і вышэй па шкале Моаса (яшмы, акамянелае дрэва, абсідыян і інш.) і мяккія вырабныя камяні — цв. 4 і ніжэй (мармуровы онікс, гагат, серпенцініт і інш.). Найб. рэдкія і высокадэкаратыўныя камяні, якія часткова выкарыстоўваюць у ювелірных і ювелірна-галантарэйных вырабах (малахіт, лазурыт, нефрыт, жадэіт, агат, раданіт і г.д.), іншы раз вылучаюць у асобную групу ювелірна-вырабных камянёў. У шэрагу краін існуе заканадаўчая рэгламентацыя здабычы і выкарыстання каштоўных камянёў з ліку вырабных.

т. 4, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШТО́ЎНЫЯ КАМЯНІ́,

бясколерныя або прыгожа афарбаваныя мінералы (пераважна крышталі), якія маюць яркі бляск, вял. святлорассеянне, празрыстасць, высокую цвёрдасць (6—7 і больш па шкале Моаса) і хім. інертнасць, чысціню тону афарбоўкі, аднароднасць колеру ці арыгінальныя светлавыя эфекты, здольныя прымаць агранку. Умоўна падзяляюцца на 4 парадкі (класы); I — алмаз, ізумруд, рубін, сапфір сіні; II — александрыт, чорны апал, сапфіры зялёны, фіялетавы, аранжавы, высакародны жадэіт; III — аквамарын, тапаз, турмалін, дэмантоід, шпінель, апалы белы і вогненны; IV — біруза, хрызаліт, аметыст, цыркон, кунцыт, берылы жоўты, зялёны, ружовы, піроп, альмандзін, цытрын, хрызапраз. Да К.к. адносяць таксама мінер. ўтварэнні арган. паходжання — жэмчуг, бурштын. Маса К.к. вымяраецца ў каратах (0,2 г), жэмчугу — у гранах (0,25 карата). Паходжанне К.к. звязана з эндагеннымі і эказагеннымі працэсамі. Радовішчы ёсць у многіх краінах свету. Акрамя прыродных вырабляюць сінт. К.к. (алмаз, рубін, сапфір і інш.). Выкарыстоўваюцца ў дарагіх ювелірных вырабах. К.к. 1-га парадку ўваходзяць у актывы нац. банкаў дзяржаў свету.

У.​Я.​Бардон.

Да арт. Каштоўныя камяні. Вогненны апал.
Да арт. Каштоўныя камяні. Чэхія. Святавацлаўская карона (аздабляюць сапфіры, чырвоныя шпінэлі, рубін, жэмчуг і дробныя ізумруды).

т. 8, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

М’Я́НМА, Саюз М’янма (П’ідаўнзу м’янманайнган),

дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на ПнЗ п-ва Індакітай. Мяжуе на З з Бангладэш і Індыяй, на У з Кітаем, Лаосам, Тайландам. На Пд абмываецца Бенгальскім зал. і Алдаманскім м. Пл. 676,6 тыс. км². Нас. 48,1 млн. чал. (1999). Дзярж. мова — м’янма (бірманская). Сталіца — г. Янгон (Рангун). Падзяляецца на 14 адм. адзінак (7 нац. аўтаномных і 7 адм. абласцей). Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 студз.).

Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Да правядзення парламенцкіх выбараў уладу ў краіне ажыццяўляе Дзярж. савет міру і парадку, старшыня якога займае пасады кіраўніка дзяржавы, прэм’ер-міністра і міністра абароны.

Прырода. Пераважае горны рэльеф. У цэнтр. ч. — падоўжнае паніжэнне з р. Іравадзі, якое ў восевай ч. занята раўнінай, на Пд — нізіннай дэльтай. На З сістэма сярэдневысокіх, глыбока парэзаных складкавых гор; гал. хрыбты Пакхайн (на Пн) і Ракхайн (на Пд). На крайняй Пн горы да 5881 м (г. Кхакабаразі). На У Шанскае нагор’е з чаргаваннем горных хрыбтоў (выш. каля 1,5 тыс. м) і катлавін. Бываюць землетрасенні. На тэр. М. адкрыты і разведаны радовішчы нафты, прыроднага газу, каменнага вугалю, руд нікелю, вальфраму, волава, медзі, свінцу, жалеза, сурмы, золата, каштоўных і вырабных камянёў (рубін, жадэіт, сапфір, ювелірная шпінель) і інш. Клімат субэкватарыяльнага пояса. на Пд з мусонным рэжымам ападкаў, на Пн пераходны да субтрапічнага. У раўнінных раёнах сярэдняя т-ра студз. на Пд каля 20—25 °C, на Пн 13—15 °C, найб. горача ў сак.крас. (30—32 °C). Ападкаў у гарах да 2000—3000 мм, месцамі да 5000 мм, ва ўнутр. катлавінах 500—1000 мм за год. Чэрв.кастр. — перыяд дажджоў. Рэкі мнагаводныя, выкарыстоўваюцца на арашэнне. Галоўныя: Іравадзі (найб. прыток Чындуін), Салуін, Каладан, Сітаўн. Больш як палавіна тэр. пад лесам. На нізінах і ў перадгор’ях пальмы, фікусы, бамбук. вышэй — каштоўныя пароды (цік, сал), у цэнтр. раёнах — лістападныя лясы, саванны. Жывёльны свет багаты і разнастайны: сланы, тыгры, насарогі, леапарды, шакалы, гімалайскі і малайскі мядзведзі, малпы, куніцы. Шмат птушак, насякомых. На тэр. М. — рэзерваты Підаўн, Шуэдаўн і інш.

Насельніцтва. Каля 75% складаюць м’янма (бірманцы), народ тыбета-бірманскай моўнай групы, да якой у М. належаць карэны (больш за 3,5 млн. чал.), чыны (каля 0,9 млн.), качыны (каля 0,7 млн.), кая (каля 150 тыс.); да тайскай моўнай групы адносяцца шаны (больш за 3 млн. чал.), да аўстраазіяцкай сям’і — моны (каля 0,7 млн.). На Пд і ў буйных гарадах — каля 0,5 млн. выхадцаў з Індыі і Бангладэш, 0,4 млн. кітайцаў. Сярод вернікаў пераважаюць будысты (каля 90%); мусульман 4%, хрысціян і індуістаў — па 1,5%. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,65%. Сярэдняя шчыльн. каля 71 чал. на 1 км². Большасць насельніцтва сканцэнтравана ў даліне і дэльце Іравадзі, дзе шчыльн. дасягае 1000 чал. на 1 км². Павышаная шчыльн. на марскім узбярэжжы, рэдкая — у горных і лясных раёнах (1—5 чал. на 1 км²). У гарадах 26% насельніцтва. Найб. горад Янгон — 3873 тыс. ж. (1998). Каля 400—500 тыс. ж. у гарадах Мандалай, Басейн, Малам’яйн, М’ей. У сельскай гаспадарцы занята 67% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 10%, астатнія — у абслуговых галінах.

Гісторыя. Чалавек на тэр. М. вядомы з ніжняга палеаліту. З 9 ст. тут пасяліліся плямёны бірманцаў (м’янма). Яны стварылі дзяржаву Паган, якая дасягнула росквіту ў 11—13 ст. У канцы 13 ст. Паган разгромлены манголамі (гл. Мангольскія заваяванні) і распаўся. У сярэдзіне 18 ст. адбылося аб’яднанне краіны пад уладай дынастыі Канбаўн. У выніку англа-бірманскіх войнаў (1824—26, 1852—53, 1885) М. заваявана Вялікабрытаніяй. У 1886—1937 — у складзе Брыт. Індыі, з 1937 — асобная калонія (англ. — Бірма). У 1942—45 акупіравана яп. войскамі, барацьбу супраць якіх узначаліла створаная ў 1944 Антыфашысцкая ліга народнай свабоды (АЛНС) на чале з Аун Санам. У маі 1945 вызвалена ў выніку ўзбр. паўстання на чале з АЛНС пры падтрымцы брыт. войск. На парламенцкіх выбарах 1947 перамагла АЛНС, яе лідэр У Ну стаў прэм’ер-міністрам краіны.

4.1.1948 абвешчаны незалежны Бірманскі саюз. Унутрыпаліт. становішча краіны было няўстойлівым з-за вострай барацьбы паміж паліт. партыямі, грамадз. вайны супраць камуністаў і нац. меншасцей на ўскраінах М. 2.3.1962 вайскоўцы скінулі ўрад У Ну. Новы ўрад на чале з Не Вінам прыняў праграму «Бірманскі шлях да сацыялізму» і абвясціў сацыяліст. арыентацыю краіны. Была створана адзіная легальная партыя — Бірманская партыя сацыяліст. праграмы. У 1974 прынята новая канстытуцыя, краіна атрымала назву Бірманскі Сацыяліст. Саюз. Курс на сацыяліст. арыентацыю ў 1960—80-я г. скончыўся правалам. У выніку масавых нар. выступленняў у сак.—жніўні 1988 Не Він падаў у адстаўку. 18.9.1988 адбыўся ваен. пераварот і ўлада перайшла да Дзярж. савета па аднаўленні законнасці і парадку (ДСАЗП; з ліст. 1997 — Дзярж. савет міру і развіцця) на чале з ген. Тан Шве. З 1989 краіна наз. Саюз М. На выбарах 1990 80% месцаў у парламенце заваявала гал. апазіцыйная арг-цыяНац. ліга за дэмакратыю (НЛД) на чале з Аун Сан Су Чжы. ДСАЗП адмовіўся перадаць уладу парламенту і арыштаваў лідэраў апазіцыі. У студз. 1993 ён стварыў Нац. канстытуцыйную канферэнцыю (НКК) для распрацоўкі новай канстытуцыі. У 1995 прадстаўнікі НЛД выйшлі з НКК і стварылі Парламенцкі прадстаўнічы к-т дэпутатаў, выбраных у 1990. Частка дэпутатаў на чале з Сейн Лвінам стварыла за мяжой «Нацыянальны кааліцыйны ўрад».

М. — чл. ААН (з 1948), Арг-цыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН, з 1997). Дыпламат. адносіны паміж Саюзам М. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены 22.9.1999. Дзейнічаюць паліт. арг-цыі: Нац. ліга за дэмакратыю, Партыя нац. адзінства.

Гаспадарка. М. — агр. краіна з цэнтралізаваным планаваннем эканомікі. Даход на 1 чал. адзін з самых нізкіх у свеце, не перавышае 250—300 дол. ЗША за год. Праведзена агр. рэформа, створаны дзярж. сектар (буйныя прамысл. прадпрыемствы, чыг., унутр. водны і паветр. транспарт, цэнтр. банк і інш.); дзяржава кантралюе знешні гандаль і крэдытна-фін. сістэму. У дзярж. і каап. сектарах ствараецца больш за 50% валавога ўнутр. прадукту. Сельская гаспадарка разам з лясной і рыбалоўствам дае каля 60% нац. даходу. Пад с.-г. ўгоддзямі 15% тэр. (больш за 10 млн. га). Арашаецца каля 2 млн. га, з некаторых участкаў збіраюць 2 і больш ураджаяў за год. Асн. частку прадукцыі даюць дробныя гаспадаркі (да 3—4 га). Гал. с.-г. раёны — даліна і дэльта р. Іравадзі, марское ўзбярэжжа. Збор (тыс. т, 1995): рысу — 20 100 (гал. с.-г. культура, займае больш за палавіну с.-г. зямель), кукурузы — 275, пшаніцы — 147, проса — 150, арахісу — 501, кунжуту — 966. Цукр. трыснягу сабрана 2,2 млн. т, агародніны — 2,2 млн. т, фруктаў (цытрусавыя, бананы, ананасы, манга) — 1 млн. т. Вырошчваюць таксама батат, маніёк, бавоўнік, джут, тытунь, сланечнік, перац, каву, чай, каўчуканосы. М. — буйнейшы ў свеце вытворца опіуму-сырцу (больш за 2,5 тыс. т штогод). Больш за 80% усіх пасеваў рысу — у ніжняй ч. даліны Іравадзі і яе дэльце. У больш засушлівай ч. даліны вырошчваюць проса, кукурузу, бабовыя, кунжут, арахіс, бавоўнік, сланечнік, на Шанскім нагор’і — пшаніцу, цытрусавыя, чай, батат, маніёк, на ўзбярэжжы — каўчуканосы і какосавую пальму. Жывёлагадоўля развіта слаба, буйн. раг. жывёлу і буйвалаў выкарыстоўваюць як цяглавую сілу. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 10,5, буйвалаў 2,3, свіней 3,5, коз 1,3, авечак 0,37. У сельскай і лясной гаспадарцы выкарыстоўваюць прыручаных сланоў (каля 1 тыс.). Пашавая жывёла гадоўля найб. развіта на Шанскім нагор’і. Вытв-сць (1995, тыс. т): малака кароў і буйваліц 548, свініны 102, ялавічыны і цяляціны 92. Развіта птушкагадоўля, у 1997 было 33 млн. курэй. Пашырана марское і рачное рыбалоўства, у 1997 вылаўлена 830,3 тыс. т рыбы. Здабыча жэмчугу. Лясная гаспадарка займае самаст. месца ў эканоміцы краіны. Нарыхтоўваецца драўніна ціку (каля 70% сусв. прадукцыі), а таксама інш. цвёрдых лісцевых парод. Развіты гарнарудная і апрацоўчая прам-сць. Здабываюць (1995) нафту — каля 1 млн. т, прыродны газ — 1,9 млрд. м³, каменны вугаль — 48 тыс. т, руды цынку, свінцу, вальфраму, волава, медзі і інш., каштоўныя і вырабныя камяні. У 1996 атрымана 3,8 млрд. кВтгадз электраэнергіі. Электрастанцыі працуюць пераважна на прыродным газе ў найб. гарадах, ёсць ГЭС на горных рэках. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці — харч. (рысаачышчальная, рыбаперапр., алейная, цукр., тытунёвая) і тэкст. (вытв-сць шаўковых і баваўняных тканін, джутавых вырабаў). Ёсць свінцова-цынкавы камбінат, 2 нафтаперапр. з-ды (агульная магутнасць 1 млн. т), металургічны з-д (выпускае штогод 50—100 тыс. т сталі), прадпрыемствы суднабудаўнічыя і суднарамонтныя, трактара-, аўта- і велазборачныя, па вытв-сці азотных угнаенняў і фармацэўтычных тавараў, цэм. і цагельныя з-ды. Працуюць лесапільні, прадпрыемствы па вырабе абутку, запалак, цэлюлозы і паперы. Развіта саматужная вытв-сць с.-г. прылад, мэблі, посуду, тканін, лакіраваных і плеценых вырабаў, прадметаў будыйскага культу, разьбярства па дрэве, слановай косці і серабру. Больш за палавіну прамысл. прадукцыі вырабляецца ў г. Янгон. Транспарт унутр. водны, чыг., аўтамаб., марскі. Працягласць унутр. водных шляхоў больш за 8 тыс. км. Гал. трансп. артэрыя — р. Іравадзі і яе прыток Чындуін, суднаходныя таксама ніжнія цячэнні рэк Салуін і Каладан. Даўж. чыгункі 5060 км. Асн. лініі ў даліне р. Іравадзі, злучаюць унутр. раёны з марскімі партамі. Аўтадарог 27 тыс. км. У краіне 35 тыс. легкавых аўтамабіляў, 34 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Марскі транспарт абслугоўвае знешнія сувязі, пашыраны кабатажныя перавозкі. Гал. парты: Янгон, Басейн, Малам’яйн, Сітуэ. Гал. ўнутр. порт і трансп. вузел Мандалай. 19 аэрапортаў, міжнар. аэрапорты каля Янгона і Мандалая. У 1996 экспарт склаў 1,1 млрд. дол., імпарт — 2 млрд. дол. М. экспартуе драўніну і піламатэрыялы, рыс, каўчук, каштоўныя і вырабныя камяні, канцэнтраты і руды каляровых металаў, імпартуе машыны і абсталяванне, хімікаты, спажывецкія тавары. Гал. гандл. партнёры: Кітай, Японія, Сінгапур, Інданезія. Грашовая адзінка — к’ят (чжа або джа).

Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС і ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (нар. паліцыя і нар. міліцыя). Агульная колькасць (1999) больш за 0,5 млн. чал., у т. л. 429 тыс. чал. у рэгулярных узбр. сілах. Вярх. галоўнакамандуючы — старшыня Дзярж. савета міру і парадку. Камплектаванне паводле прызыву. У сухап. войсках больш за 400 тыс. чал., 235 танкаў, 270 бронетранспарцёраў, 250 гармат і інш. У ВПС 9 тыс. чал., 91 баявы самалёт, 18 баявых верталётаў. У ВМС каля 20 тыс. чал., у т. л. 800 чал. у марской пяхоце, 7 баявых караблёў (5 дэсантных), 63 катэры, у т. л. 3 ракетныя.

Літ.:

Можейко И.В., Узянов АН. История Бирмы (Краткий очерк). М., 1973.

М.​С.​Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​М.​Пісараў (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узбр. сілы).

Герб і сцяг М’янмы.
Да арт. М’янма: 1 — ландшафт у цэнтральнай частцы М’янмы; 2 — ірыгацыйная сістэма Чэмоўтау.
Да арт. М’янма. Пагада Шуэдагоўн (Шведагон) у Рангуне. 14 ст., неаднаразова перабудаваная да 18 ст.

т. 11, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)