адзін з буйнейшых паркаў Лондана. Разам з прылеглым да яго Кенсінгтан-гардэнс займае пл. 249 га. У 1648—49 месцазнаходжанне лагера рэв. арміі О.Кромвеля. У сярэдзіне 17 ст. адкрыты для шырокай публікі. З 19 ст. традыцыйнае месца правядзення паліт. мітынгаў і сходаў. У паўн.-ўсх.ч. парку знаходзіцца «вугал прамоўцы», вядомы як месца вольных прамоў, дзе кожны жадаючы можа выказацца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІПРЫЯ́Н (каля 1330—16.9.1406),
царкоўны дзеяч ВКЛ і вял.кн. Маскоўскага, пісьменнік. Верагодна, быў балгарынам, але некаторыя даследчыкі лічаць яго ўраджэнцам ВКЛ. У пач. 1370-х г. жыў у Візантыі. У 1373 наведаў ВКЛ і Цвер, у 1374 выступіў ініцыятарам кананізацыі віленскіх пакутнікаў. У 1375 вял.кн.ВКЛАльгерд з прычыны варожых адносін з Масквой папрасіў канстанцінопальскага патрыярха Філафея прызначыць для ВКЛ асобнага мітрапаліта. Падтрымліваючы Альгерда і не жадаючы канчатковага падзелу Кіеўскай мітраполіі, Філафей прыняў кампраміснае рашэнне: 2.12.1375 пасвяціў К. ў мітрапаліта «кіеўскага, рускага і літоўскага» з тым, каб ён пасля смерці мітрапаліта Аляксея (у Маскве) зноў аб’яднаў абедзве часткі мітраполіі, стаўшы мітрапалітам «кіеўскім і ўсяе Русі». Жыў у ВКЛ. Пасля смерці мітрапаліта Аляксея летам 1378 прыехаў у Маскву, але вял.кн. маскоўскі Дзмітрый Іванавіч Данскі не прыняў К. і выслаў яго. Новы вял.кн.Васіль I Дзмітрыевіч у 1390 прыняў К. ў Маскве як «мітрапаліта кіеўскага і ўсяе Русі». У 1404—05 наведаў ВКЛ. Вянчаў Васіля I Дзмітрыевіча з княжной ВКЛ Софіяй Вітаўтаўнай. Быў прыхільнікам збліжэння ВКЛ і вял.кн. Маскоўскага. Лічыцца аўтарам шэрагу твораў, у т. л. «Летапісу аб пачатку зямлі рускай», «Жыція св. мітрапаліта Пятра», «Зводнай кормчай», 4 пасланняў Сергію Раданежскаму і інш. У сваім летапісе паказаў гісторыю Маскоўскага княства з пункту гледжання адзінства гісторыі ўсх. славян, упершыню ў маскоўскай гістарыяграфіі даў звесткі па гісторыі ВКЛ. Кананізаваны правасл. царквой.
Літ.:
Казбярук У. Пошукі духоўнай і палітычнай гармоніі: Мітрапаліт Кіпрыян // Вяртання маўклівая споведзь. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ РЭ́ЧЫ ПАСПАЛІ́ТАЙ З РАСІ́ЯЙ 1609—18,
вайна за вяртанне Смаленскай зямлі і за ўтварэнне федэрацыі Рэчы Паспалітай з Маскоўскай дзяржавай. У сувязі з няўстойлівым становішчам у Маскоўскай дзяржаве баярская апазіцыя, жадаючы пазбавіцца ад цара Васіля Шуйскага, патаемна прапанавала царскую карону каралевічу Уладзіславу, сыну караля польскага і вял.кн.ВКЛ Жыгімонта III Вазы. Узнік план далучыць Маскоўскую дзяржаву да Рэчы Паспалітай у якасці члена федэрацыі. Зачэпкай для пачатку вайны было ўвядзенне швед. корпуса на чале з Я.Дэлагардзі на тэр. Расіі для барацьбы з атрадамі Лжэдзмітрыя II. Паколькі Жыгімонт III быў у стане вайны са Швецыяй, то ўвядзенне швед. войск у Расію і яе саюз са Швецыяй разглядаўся як варожы акт. У вер. 1609 пачалася аблога Смаленска, але толькі 13.6.1611 горад быў узяты. 4.7.1610 войска С.Жулкеўскага (6,5 тыс.чал.) разбіла рус. войска каля Клушына і падышло да Масквы, дзе ў выніку перавароту цар Шуйскі быў скінуты, а царом абвешчаны Уладзіслаў. Баяры, жыхары Масквы і інш. гарадоў прынеслі яму прысягу. У вер. 1610 войска Рэчы Паспалітай заняло Маскву. 1-е рус. апалчэнне ўзяць Маскву не змагло. У 1612 2-е апалчэнне на чале з К.Мініным і Дз.Пажарскім вызваліла Маскву, у лют. 1613 Земскі сабор абраў царом 16-гадовага М.Ф.Раманава. У наступныя гады Жыгімонт III спрабаваў заваёўваць землі на У, але фінансавыя цяжкасці не дазволілі сабраць вял. войска. У 1617—18 Уладзіслаў сам узначаліў паход на Маскву, але штурм горада вынікаў не даў. Паводле заключанага Дэулінскага перамір’я 1618 да ВКЛ адыходзілі смаленскія (за выключэннем Вязьмы), да Польск. каралеўства — ноўгарад-северскія і чарнігаўскія землі. Каралевіч Уладзіслаў захаваў тытул «цара маскоўскага і ўсяе Расіі».
А.П.Грыцкевіч.
Да арт. Вайна Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. Аблога Смаленска беларуска-польскім войскам у 1610. Гравюра Г.Келера.