Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́БЕРСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 17 — пач. 18 ст. Размяшчаўся за 3 км на ПнЗ ад в. Жабер Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл., на правым беразе р. Ясельда. Належаў кн. Вішнявецкім. Прамавугольнае ў плане ўмацаванне абкружана з трох бакоў вадзяным ровам (шыр. да 20 м, глыбіня 5 м), з захаду — ракой. Быў умацаваны высокім земляным валам з бастыёнамі на вуглах (пл. каля 1,5 га) і дубовым частаколам. З наваколлем злучаўся брамай і мостам. Замак разбураны ў час Паўн. вайны 1700—21. Збярогся фундамент брамы.
т. 6, с. 409
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНАЯ АРХЕАЛО́ГІЯ, гідраархеалогія,
галіна археалогіі, якая займаецца вывучэннем стараж. аб’ектаў, затопленых вадой. Узнікла ў сярэдневякоўі з мэтай пошуку затанулых караблёў. Першыя ў Расіі даследаванні па П.а. праведзены ў 1905 у бухце г. Феадосія ў Чорным моры. У 1930 пад кіраўніцтвам праф. К.Э.Грыневіча вадалазы даследавалі рэшткі пабудоў стараж./v-abbr>-грэч./v-abbr> калоніі Херсанес. З 1937 пад кіраўніцтвам акад. Р.А.Арбелі вяліся даследаванні антычнага г. Ольвія. Далейшае развіццё П.а. звязана з вынаходствам у 1943 франц. даследчыкам Ж.А.Кусто і Э.Ганьянам акваланга, што дало магчымасць свабодна працаваць на глыбінях да 50 м. На Беларусі больш за 100 гідраархеал. помнікаў: капішчы, стараж. масты, месцы былых бітваў, культавыя камяні, затопленыя паселішчы, чаўны і інш. У 1907 у р. Ясельда каля в. Жабер Драгічынскага р-на вёўся пошук гармат, затопленых у 17 ст. (знойдзена 8 гармат). У 1920-я г. падводныя раскопкі праводзіліся на месцы пераправы войск Напалеона цераз Бярэзіну каля в. Студзёнка Барысаўскага р-на. Планавыя падводныя пошукі археал. помнікаў пачаліся ў 1979. Археал. даследаванні праводзіліся каля гарадзішча Маскавічы, у рэчышчы Зах. Дзвіны на месцы знаходжання Барысавых камянёў, у р. Свіслач у Мінску, у р. Лукомка каля в. Лукомль, у воз. Іказнь каля сцен замка і інш.
Л.У.Дучыц.
т. 11, с. 489
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)