ЕЎРА́ЗІЯ,

самы вялікі мацярык Зямлі. Размешчаны ў Паўн. паўшар’і (ч. астравоў у Паўд. паўшар’і). У Е. ўваходзяць дзве часткі свету — Еўропа і Азія. Тэрмін увёў у 19 ст. аўстр. геолаг Э.​Зюс, абгрунтоўваючы яго адсутнасцю выразнай структурнай мяжы паміж Еўропай і Азіяй. Абмываецца на Пн Паўн. Ледавітым, на З Атлантычным, на У Ціхім, на Пд Індыйскім ак. і іх морамі. З 3 на У распасціраецца на 16 тыс. км, з Пн на Пд — на 8 тыс. км. Пл. 54,9 млн. км², з астравамі 57,7 млн. км², або больш за ​1/3 паверхні сушы. Нас. 4,1 млрд. чал. (1993). Е. аб’ядноўваюць неперарыўнасць сушы, сучасная тэктанічная кансалідаванасць мацерыка, адзінства многіх кліматычных працэсаў. Тут прадстаўлены ўсе геагр. паясы Паўн. паўшар’я, ад арктычнага да экватарыяльнага. Умоўная мяжа паміж Еўропай і Азіяй пралягае па ўсх. падножжы Уральскіх гор, р. Эмба, паўн. ч. Каспійскага м., Кума-Маныцкай упадзіне, паўн. мяжы Каўказскіх гор, Азоўскім і Чорным м. і пралівах паміж Чорным і Міжземным м.

т. 6, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭЛЮ́СКІН,

мыс, паўн. край п-ва Таймыр і самы паўн. пункт мацерыка Еўразія (77°43′ паўн. ш. і 104°18′ усх. д.). Палярная станцыя (з 1932). Названы ў гонар С.І.Чэлюскіна, які першы дасягнуў мыса ў 1742.

т. 17, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮГО́РСКІ ШАР,

праліў паміж мацерыком Еўразія і в-вам Вайгач. Злучае на Пд Баранцава і Карскае м. Даўж. 40 км, шыр. 3—16 км, глыб. 13—40 м. Берагі абрывістыя. Большую ч. года ўкрыты лёдам. Палярная станцыя Балванскі Нос (в. Вайгач).

т. 18, кн. 1, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́СТКІ СВЕ́ТУ,

умоўны падзел буйных тэрыторый сушы з размешчанымі каля іх астравамі. Вылучаюць 6 асноўных Ч.с.: Антарктыда, Аўстралія, Афрыка (супадаюць з мацерыкамі), Еўропа і Азія (уваходзяць у склад мацерыка Еўразія, Амерыка (уключае 2 мацерыкі — Паўн. і Паўд. Амерыку). Часам, акрамя пералічаных, вылучаюць 7-ю Ч.с. — Акіянію, як сукупнасць мноства ціхаакіянскіх астравоў.

т. 17, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГАРЫ́ДА,

мацярык, які існаваў на месцы Паўн. Азіі ў 2-й палавіне палеазою і пачатку мезазою. Утварыўся ў выніку герцынскага тэктагенезу, што злучыў у адзіны кантынент Сібірскую і Кітайска-Карэйскую стараж. платформы і некат. зоны байкальскай і каледонскай кансалідацыі. На Пд аддзяляўся морам Тэтыс ад Гандваны, у выніку распаду якой да Ангарыды далучыліся Аравійская пліта і Індыйская платформа і ўтварыўся суперкантынент Еўразія.

т. 1, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯЖНЁВА МЫС,

паўднёва-ўсходні край мацерыка Еўразія на Чукоцкім п-ве, у Берынгавым праліве (66°05′ паўн. ш., 169°40′ зах. д.). Ізаляваны плоскавяршынны горны масіў выш. да 741 м, які строма абрываецца да мора. Названы ў 1879 Н.А.Э.Нордэншэльдам у гонар рус. землепраходца С.І.Дзяжнёва, які ўпершыню абагнуў з Паповым (Ф.​Аляксеевым) мыс у 1648. Маяк-помнік Дзяжнёву. На Дз.м. населены пункт Уэлен.

т. 6, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́ЗІЯ ў геалогіі,

сутыкненне вялізных літасферных пліт або кантынентаў. У месцы К. ствараліся магутныя горныя сістэмы, пароды зямной кары зміналіся ў складкі, разломаўтварэнне дасягала глыбінь мантыі, актывізаваліся тэктанічныя і вулканічныя працэсы. Прыкладам К. служыць сутыкненне п-ва Індастан (Інд. платформа якога лічыцца ч. даюрскага кантынента Гандвана) з кантынентам Еўразія, што, магчыма, з’явілася адной з прычын утварэння Гімалаяў.

Р.​Р.​Паўлавец.

т. 7, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭ́ЦІС (ад імя стараж. грэч. багіні мора Фетыды, Thetis),

старажытны акіян (сістэма вял. стараж. марскіх басейнаў) шыротнага распасцірання ад Атлантычнага да Ціхага ак. на месцы сучаснага мацерыка Еўразія. Акаймаваны на Пн і Пд участкамі стараж. платформ (Усх.-Еўрапейскай, Сібірскай, Індастанскай, Афрыкана-Аравійскай і інш.). Утвораны ў канцы дакембрыю — пач. палеазою (Палеатэціс). Асабліва быў выражаны ў мезазоі (уласна Т.) і пач. кайназою (Паратэціс) у межах Міжземнаморскага геасінклінальнага пояса. У неагене на месцы Т. ўзняліся высокія хрыбты Альпійска-Гімалайскага горнага пояса. Рэліктамі Т. з’яўляюцца Міжземнае, Чорнае, Каспійскае моры, Персідскі зал. і моры Малайскага архіпелага. Тэрмін прапанаваў аўстр. геолаг Э.​Зюс у канцы 19 ст.

т. 16, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЎСЕ́ЕВА Святлана Георгіеўна (н. 4.9.1932, Ташкент),

бел. паэтэса, перакладчыца. Скончыла Ташкенцкі пед. ін-т (1957), Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1962). З 1962 жыве ў Мінску. Друкуецца з 1953. Піша на рус. мове. У паэт. зб-ках «Жанчына пад яблыняй» (1962), «Маладзік» (1965), «Клічу!» (1974), «Еўразія» (1979), «Апошняе развітанне» (1983) і інш. неспакой за жыццё на свеце, станаўленне чалавека як асобы, злітнасць з прыродай. Перакладае на рус. мову творы Я.​Коласа, Я.​Купалы, М.​Танка, А.​Вярцінскага, Н.​Тулупавай і інш. Асобныя вершы Я. пакладзены на музыку.

Тв.:

Женщина под яблоней: Избр. Мн., 1982;

Ищу человека: Стихи, поэмы. Мн., 1988.

т. 18, кн. 1, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЯРЫ́К, кантынент,

буйны масіў зямной кары, б. ч. паверхні якога выступае над узроўнем Сусветнага акіяна ў выглядзе сушы, а перыферычная ч. апушчана пад узровень акіяна. У сучасную геалагічную эпоху існуе 6 мацерыкоў: Еўразія, Паўночная Амерыка, Паўднёвая Амерыка, Афрыка, Аўстралія, Антарктыда. Для іх характэрны кантынентальны тып будовы зямной кары магутнасцю 35—70 км з прысутнасцю гранітна-метамарфічнага слоя. Вылучаюць унутрыкантынент. і ўскраінна-кантынент. структуры. Да першых адносяцца раўнінныя вобласці, развітыя на стараж. і маладых платформах, і горныя ўтварэнні, якія ўзніклі на месцы геасінклінальных складкавых абласцей. Другі тып структур уключае выраўнаваныя падводныя прадаўжэнні кантынентаў (шэльф, схіл) пасіўных (атл.) ускраін і шэльф, схіл, глыбакаводныя катлавіны, жалабы, акіянічныя астраўныя дугі актыўных (ціхаакіянскіх) ускраін, якія чаргуюцца. Гл. таксама Зямля.

т. 10, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)