Е́ГЕРСКАЯ СЛУ́ЖБА,
служба аховы паляўнічага дзярж. фонду. У асобных краінах ствараецца для нагляду за выкананнем правіл палявання і барацьбы з браканьерствам, правядзення выхаваўчай і тлумачальнай работы з паляўнічымі і насельніцтвам, уліку дзікіх жывёл, арганізацыі палявання і паляўніча-гасп. работ. Існуе Е.с. штатная і на грамадскіх пачатках. На Беларусі штатная Е.с. арганізавана ў паляўнічых і лесапаляўнічых гаспадарках. Участкі паляўнічых угоддзяў (егерскія абходы) замацоўваюцца за егерамі. На гэтых тэрыторыях егеры ажыццяўляюць ахову ўгоддзяў, звяроў і птушак, якія там жывуць, удзельнічаюць у арганізацыі палявання, правядзенні біятэхн. мерапрыемстваў і работ па ўліку колькасці паляўнічых жывёл.
т. 6, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯЎНІ́ЧЫЯ ЗАКА́ЗНІКІ,
участкі паляўнічых угоддзяў са спец. рэжымам выкарыстання, вылучаныя для зберажэння каштоўных відаў дзікіх звяроў і птушак і стварэння спрыяльных умоў для іх размнажэння. На Беларусі існавалі ў 1960—2000. У П.з. забаранялася здабыча і адлоў звяроў і птушак, начны лоў рыбы ў месцах пражывання баброў і інш. прыбярэжных звяроў, выпас жывёлы ў раёнах цецеруковых такавішчаў і інш. месцах размнажэння жывёл, разбіўка палатак і раскладанне вогнішчаў. Для аховы П.з. стваралася егерская служба. На тэр. П.з. ажыццяўляліся біятэхн. мерапрыемствы па павелічэнні колькасці відаў паляўнічай фауны, вялася барацьба з ваўкамі і інш.
Э.Р.Самусенка.
т. 12, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)