АРФАГРАФІ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,
алфавітны даведнік, які падае правільнае напісанне рэестравых слоў і іх формаў у адпаведнасці з існуючымі правапіснымі нормамі. Яго лічаць «слоўнікам слоўнікаў», паколькі ўсе інш. даведнікі арыентуюцца на яго і толькі ў ім поруч з рэестравай лексікай падаецца ў сістэматызаваным выглядзе афіцыйна ўзаконены звод арфаграфічных правілаў. Арфаграфічныя слоўнікі любой мовы падзяляюць на агульныя (напр., «Слоўнік беларускай мовы: Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне», 1987) і аспектныя слоўнікі. Сярод аспектных вылучаюць: спецыяльныя (напр., рус. «Арфаграфічны марскі слоўнік» Р.Э.Парэцкай, 1974); школьныя (бел. «Арфаграфічны слоўнік: Для пачатковых класаў», 5-е выд., 1987; «Арфаграфічны слоўнік: Для сярэдняй школы» М.П.Лобана і М.Р.Судніка, 6-е выд., 1990); вузкааспектныя, якія засяроджваюць увагу на правільным напісанні слоў пэўных разрадаў (бел. «Асобна, разам, праз дэфіс» М.Р.Прыгодзіча, 1994; рус. «Вялікая ці малая?» Д.Э.Разенталя, 3-е выд., 1987, і інш.).
В.К.Шчэрбін.
т. 1, с. 515
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУКЛІ́Д (ад лац. nucleus ядро),
тэрмін для пазначэння сукупнасці ядзер (адпаведна атамаў) з пэўным лікам пратонаў (зарадам Z) і масавым лікам A. Пры абазначэнні Н. выкарыстоўваюць назву хім. элемента, да якой праз дэфіс далучаюць значэнне A, або сімвал элемента, побач з якім уверсе злева паказваюць A (напр., кісларод-16 ці 16O, ёд-131 ці 131І, уран-235 ці 235U), Н., якія маюць аднолькавыя Z, наз. ізатопамі. Маса Н., выражаная ў атамных адзінках масы, акруглена роўная A; маса толькі аднаго Н. — вуглярод-12 дакладна роўная 12.
Падзяляюць на стабільныя (іх агульная колькасць каля 270) і радыеактыўная Н. (радыенукліды). Радыенукліды вядомыя практычна для ўсіх элементаў; некаторыя (каля 50) трапляюцца ў прыродзе. Большасць вядомых радыенуклідаў (каля 1700) атрымана штучна. Найб. пашыраны ў зямной кары 16O: у прыроднай сумесі ізатопаў кіслароду іх 99,762% (атамных). Са стабільных Н. найменш пашыраны гелій-3 (гл. Гелій).
т. 11, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)