РЭКЛАМА́ЦЫЯ (ад лац. reclamatio пярэчанне, неадабрэнне),

абгрунтаваная прэтэнзія спажыўца (заказчыка) на выяўленыя недахопы ў атрыманай ад даўжніка (вытворцы, пастаўшчыка, падрадчыка) прадукцыі ці ў выкананай рабоце. Прад’яўляецца даўжніку, калі якасць ці колькасць тавару, выкананая работа не адпавядаюць умовам дагавора, парушаюцца тэрміны пастаўкі тавару або парадак плацяжоў. Паслядоўнасць афармлення і прад’яўлення Р. ўстанаўліваецца пры заключэнні дагавора. Р. можа патрабаваць ліквідаваць выяўленыя недахопы, знізіць цану, замяніць дэфектны выраб ці кампенсаваць прычыненыя спажыўцу (заказчыку) страты.

т. 13, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЕНСКІ ЛЕ́ТАПІС,

помнік бел.-літ. летапісання, найб. ранні спіс «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх». Захаваўся ў гіст. зборніку канца 15 — пач. 16 ст., які зберагаецца ў Вільнюсе. Паходзіць з Усх. Беларусі, знойдзены ў Полацку ў 19 ст. Апрача «Летапісца» ў рукапісе змешчаны і Аўрамкі летапіс. Спіс дэфектны, канец тэксту не збярогся. Абрываецца на апавяданні пра загадкавую смерць у Кіеве кн. Скіргайлы.

Асн. змест — паліт. гісторыя ВКЛ ад часоў Гедзіміна да Вітаўта, пададзеная ў форме займальнай гіст. аповесці з драматычна напружаным сюжэтам. Віленскі летапіс напісаны дзелавым стылем старабел. літаратурнай мовы з выкарыстаннем месцамі кніжных архаічных, стараж.-рус. і царк.-слав. элементаў. Упершыню апублікаваны А.​Бычковым у 1893, перавыдадзены ў «Поўным зборы рускіх летапісаў» (т. 17. СПб., 1907; т. 35. М., 1980).

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 4, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РЫ́МСКІЯ ДЗЯЯ́ННІ»,

«Рымскія гісторыі» («Gesta Romanorum»), сярэдневяковы зборнік дыдактычных і псеўдагістарычных аповесцей, навел, прытчаў; помнік перакладной бел. л-ры 17 ст. Складзены, відаць, у Англіі ў 13 ст. на падставе зах.-еўрап., ант. і блізкаўсх. крыніц. Паводле агульнага характару, літ. структуры твораў, спосабаў апавядання і прынцыпаў адлюстравання рэчаіснасці блізкі да «Вялікага зярцала».

У самых поўных рэдакцыях змяшчае каля 180 твораў, частка іх звязана з рымскімі падзеямі і героямі (адсюль назва). Прызначаўся пераважна для выхаваўчых мэт, хоць у зборніку нямала белетрыстычнага матэрыялу для займальнага чытання. У канцы кожнага твора падаюцца маралізатарскія тлумачэнні-павучанні, некат. з выразнай рэліг, афарбоўкай. Зборнік паўплываў на ўсю сярэдневяковую і рэнесансавую л-ру Зах. Еўропы; яго сюжэты, вобразы, прытчы выкарыстоўвалі і пісьменнікі (Дж.​Бакачыо, Вальтэр, Ф.​Шылер, У.​Шэкспір і інш.). На бел. мове вядомы 2 рукапісы «Р.дз.»: Магілёўскі (1688, дэфектны, без канца) і Ціханравава (1729). У першым 36, у другім 39 твораў. Паводле свайго складу бел. пераклад адносіцца да найб. стараж, рэдакцый. У бел. зборніках змешчаны не толькі павучальныя гісторыі-прытчы і легенды (як ілюстрацыі да зместу маральных правіл паводзін людзей: пра няверную жонку, чалавечую няўдзячнасць, пра справядлівасць і высакароднасць, пра спакусы д’ябла, страшны суд і г.д.), але і папулярныя творы сярэдневяковай л-ры «Жыціе Аляксея, чалавека божага», «Жыціе Яўстафія Плакіды», скарочаная рэдакцыя ант. рамана «Гісторыя пра Апалона Цірскага» і інш. У мове бел. перакладу нямала архаізмаў і русізмаў, хоць непасрэднай крыніцай для яго, найб. верагодна, паслужыў польскі тэкст.

Публ.: Римские деяния. СПб., 1877—78.

Літ.:

Пташицкий С.Л. Средневековые западноевропейские повести в русской и славянских литературах. I. Истории из Римских деяний. СПб., 1897.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 13, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)