Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЕ́ЛЬ,
1) дэсертная страва з соку, адвару ягад і садавіны, завараных з крухмалам, вядомая ў беларусаў і многіх народаў свету.
2) Бел. страва з аўсянай, жытняй, пшанічнай мукі грубага памолу. Расчынялі на заквасцы. Рошчыну на К. ставілі ў цёплае месца на ноч, потым працэджвалі і з цэду гатавалі К. Часам варылі прэсны К. з гароху; гарох моцна разварвалі і прапускалі праз рэшата, прыпраўлялі алеем, салам. На посную куццю быў адной з абавязковых страў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАБІ́НА (Sorbus),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 100 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 дзікарослы від — Р. звычайная (S. aucuparia). Расце ў падлеску, на палянах, па берагах рэк, у парках, садах, на вуліцах і інш. З інтрадукаваных відаў найб. вядомыя Р.: арыя (S. aria), гібрыдная (S. hybrida), глагавіна (S. torminalis). Выведзены шэраг сартоў, напр., Дэсертная, Гранатная, Лікёрная, Рубінавая і інш.
Лістападныя дрэвы выш. 10—25 м або кусты. Лісце суцэльнае, лопасцевае ці няпарнаперыстае. Кветкі белыя, светла-жоўтыя або чырванаватыя. духмяныя, у шчыткападобных суквеццях. Плод — дробны яблык. Плады маюць у сабе караціноіды, сарбіт, вітамін C. Выкарыстоўваюцца ў харч. і лікёра-гарэлачнай прам-сці, у медыцыне, служаць кормам для птушак. Драўніна каляровая, ідзе на дробныя вырабы. Пладовыя, дэкар., лек., меданосныя расліны.