БЭН (Benn) Готфрыд
(2.5.1886, г. Мансфельд, Германія — 7.7.1956),
нямецкі паэт і пісьменнік. Пачынаў як паэт-экспрэсіяніст. Уменне спалучаць прыгожае з агідным, дэманстраваць найб. цяжкія і страшныя бакі жыцця, праўдзіва гаварыць пра чалавечыя пакуты выявілася ўжо ў першых зб-ках «Морг» (1912), «Плоць» (1917), «Шчэбень» (1919). У гады нацысцкага рэжыму Бэн у т.зв. унутр. эміграцыі. Яго творы забаронены да друку. У зб-ках «Статычныя вершы» (1948), «П’яны прыліў» (1949), «Дыстыляцыі» (1953) і інш. пераважалі філас. матывы, разважанні над шляхамі цывілізацыі (у свеце крывавых падзей 20 ст. погляд паэта часта песімістычны), над вечнай адзінотай чалавека, душу якога можа выратаваць толькі мастацтва. Позняй лірыцы Бэна ўласцівыя класічная яснасць і філігранная апрацоўка формы. Аўтар аповесці «Пталамеец» (1949), літ.-крыт. і публіцыст. артыкулаў.
Тв.:
Рус. пер. — Сумерки человечества. М., 1990;
Избр. стихотворения. М., 1994.
Г.В.Сініла.
т. 3, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАНАМІ́ЧНЫЯ ІНСТРУМЕ́НТЫ І ПРЫЛА́ДЫ,
оптыка-механічная і электронная апаратура для астранамічных назіранняў і апрацоўкі іх даных. Дапамагаюць вызначаць становішча касм. целаў на нябеснай сферы, іх памеры, скорасць, напрамак руху ў прасторы, хім. састаў і фіз. стан. Складаюць асн. тэхнічную базу астранамічных абсерваторый, выкарыстоўваюцца ў навуч. і пазнавальных мэтах. Падзяляюцца на назіральныя прылады (тэлескопы), святлопрыёмную і аналізоўную апаратуру, прылады для рэгістрацыі часу, спектраў і гэтак далей Каб пазбегнуць шкодных і скажальных уздзеянняў атмасферы Зямлі, астр. інструменты падымаюць на розныя вышыні з дапамогай аэрастатаў, самалётаў, геафіз. ракет, штучных спадарожнікаў Зямлі і аўтам. міжпланетных станцый.
Найбольш стараж. астр. інструменты — вугламерныя, складаюцца з адліковага круга (або яго часткі) і візірнага прыстасавання без аптычнай сістэмы (гноман, армілярная сфера і інш.). Для большай дакладнасці вымярэнняў павялічваліся памеры адліковых кругоў, напрыклад, у пач. 15 ст. Улугбек пабудаваў пад Самаркандам секстант з радыусам круга 40 м. З 17 ст. ў вугламерных інструментах пры візіраванні карыстаюцца зрокавымі трубамі, вуглы павароту якіх вызначаюцца па дакладна падзеленых кругах (універсальны інструмент, вертыкальны круг, мерыдыянальны круг і інш.). Пачатак тэлескапічнай астраноміі звязаны з імем Г.Галілея, які з дапамогай падзорнай трубы зрабіў важныя астр. адкрыцці і растлумачыў іх. Выпрамяненне касм. целаў у радыёдыяпазоне даследуецца радыётэлескопамі. Захаванне дакладнага часу і выдача неабходных сігналаў часу ажыццяўляюцца з дапамогай астр. гадзіннікаў, хранометраў і хранографаў. Для апрацоўкі вынікаў назірання выкарыстоўваюцца ЭВМ. Да дэманстрацыйных прылад адносяць тэлурыі (мадэлі Сонечнай сістэмы) і планетарыі, якія даюць магчымасць на ўнутр. паверхні сферычнага купала наглядна дэманстраваць астр. з’явы.
Літ.:
Курс астрофизики и звездной астрономии. Т. 1. М., 1973;
Мартынов Д.Я. Курс практической астрофизики. М., 1967.
М.М.Міхельсон.
т. 2, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)