ДЭЛЬФІ́НЫ,

млекакормячыя 2 сям.: рачных, або прэснаводных, Д. (Platanistidae) і дэльфінавых (Delphinidae) атр. кітападобных. 24 роды, 53 віды. Рачныя Д. пашыраны ў трапічных рэках Паўд. Амерыкі, уздоўж Атл. ўзбярэжжа ад Бразіліі да Цэнтр. Аргенціны, рэках Індыі і Кітая, дэльфінавыя — амаль ва ўсіх морах. Найб. вядомыя Д. з родаў афаліны, касаткі, белабочкі, марскія свінні і інш. У Чырв. кнізе МСАП 3 віды Д.: азёрны (Lipotes vexillifer), індскі (Platanista minor-P. indi), каліфарнійская марская свіння (Phocoena sinus).

Даўж. цела 1—10 м, маса да 8 т. У большасці ёсць спінны плаўнік, морда выцягнута ў «дзюбу», зубы шматлікія (больш за 70). Хваставы плаўнік гарызантальны, двухлопасцевы. Скура голая, рознага колеру. Д. добра арыентуюцца ў вадзе з дапамогай эхалакацыі і слыху (успрымаюць ваганні ад некалькіх дзесяткаў Гц да 200 кГц). Маюць складаную галасавую сігналізацыю і гукасігнальны (эхалакацыйны) орган, добра развіта ц. н. с.: галаўны мозг вялікі, шарападобны, вял. паўшар’і са шматлікімі звілінамі. Палавая спеласць у 3—5 гадоў. Нараджаюць 1 дзіцяня. Кормяцца рыбай, галаваногімі малюскамі, ракападобнымі. Здольныя да гукапераймання. Аб’екты спец. даследаванняў. Лёгка дрэсіруюцца, утрымліваюцца ў акіянарыумах (дэльфінарыях), дзе могуць размнажацца. Некат. віды прамысловыя.

Дэльфіны: 1 — белабочка; 2 — белабокі; 3 — маршчыністазубы; 4 — ціхаакіянскі кароткагаловы; 5 — белакрылая марская свіння; 6 — грында.

т. 6, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прэснаводныя дэльфіны, гл. Рачныя дэльфіны

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Рачныя дэльфіны 9/141

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БІПАЛЯ́РНАСЦЬ (ад бі... + грэч. polos полюс) у экалогіі, геаграфічнае пашырэнне жывых арганізмаў адзінага віду ў халодных і ўмераных шыротах абодвух паўшар’яў (напр., мідыі, акулы, анчоўсы, кількі, коцікі, кіты, сардзіны, вушастыя цюлені, шэрыя дэльфіны і інш.) і іх адсутнасць у трапічным поясе.

т. 3, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯРЭХАЛАКА́ЦЫЯ (ад бія... + рэха + лакацыя),

выпрамяненне і ўспрыманне жывёламі высокачастотных гукавых сігналаў з мэтай выяўлення аб’ектаў (здабыча, перашкода і інш.) у прасторы, а таксама атрымання інфармацыі аб іх уласцівасцях і памерах; адзін са спосабаў арыентацыі жывёл. Развіта ў лятучых мышэй, дэльфінаў, некаторых птушак, землярыек і інш. Дзякуючы біярэхалакацыі кіты, напр., лёгка шукаюць згуртаванні планктону, дэльфіны лацыруюць чароды рыб на адлегласці да 3 км.

т. 3, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ХА,

акустычная ці эл.-магн. хваля, што адбіваецца ад якой-н. перашкоды і рэгіструецца прыёмнікам ці назіральнікам Гукавое Р. (пошчак) распазнаецца на слых, калі інтэрвал паміж пасланым і прынятым сігналамі 50—60 мс і больш. Для некаторых жывёл (напр., кажаны, дэльфіны, кіты) Р. — сродак арыенціроўкі і пошуку здабычы. Эл.-магн. Р. выкарыстоўваецца, напр., у радыёлакацыі, далёкай радыёсувязі на кароткіх хвалях; акустычнае — у гідралакацыі, ультрагукавой дэфектаскапіі.

т. 14, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАКА́ЦЫЯ (ад бія... + лакацыя),

здольнасць жывёл вызначаць становішча якога-н. аб’екта ў адносінах да самога сябе (напрамак, адлегласць) або ўласнае месцазнаходжанне ў прасторы (біяарыентацыя). Ажыццяўляецца з дапамогай успрымання вонкавых уздзеянняў (сігналаў) паверхняй цела або спец. органамі пачуццяў (зроку, дотыку, нюху, слыху, раўнавагі і інш.). Большасці жывёл уласціва прамая (пасіўная) біялакацыя, некаторым — эхалакацыя рэхалакацыя. Біялакацыя — адзін са спосабаў арыентацыі жывёл і біякамунікацыі, развіты ў кажаноў, дэльфінаў, некаторых птушак, землярыек і інш. жывёл. Дзякуючы біялакацыі кіты, напр., адшукваюць вял. колькасць планктону, дэльфіны лацыруюць пароды рыб на адлегласці да 3 км. Гл. таксама Біяакустыка.

т. 3, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКА́ЦЫЯ ў жывёл і чалавека,

здольнасць вызначаць напрамак на крыніцу гуку ў выніку бінаўральнага эфекту; вызначэнне месцазнаходжання аб’екта ў адносінах да сябе або свайго становішча ў прасторы. Некат. жывёлы эвалюц. шляхам набылі здольнасць да актыўнай Л., напр., дэльфіны, кіты, кажаны, некат. віды птушак. Яны могуць выдаваць і ўспрымаць гукавыя імпульсы з інтэрваламі 0,2—5 мілісекунд, запоўненыя высокачастотнымі ваганнямі 4—200 кГц. Чалавеку ў пэўнай ступені ўласціва здольнасць выяўлення перашкод па гукавым рэху (напр., сляпыя адчуваюць набліжэнне да перашкоды па адбіццю гуку). Гл. таксама Біяакустыка, Біялакацыя.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 9, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДАМА́НСКАЕ МО́РА,

паўзамкнёнае мора Індыйскага ак., паміж п-вамі Індакітай і Малака, в-вам Суматра, ланцугом Нікабарскіх і Андаманскіх а-воў. Абмывае берагі М’янмы, Тайланда, Інданезіі і сумежных астравоў Індыі. Пл. 605 тыс. км². Найб. глыб. 4507 м. Клімат трапічны, вільготны, мусонны. Сярэдняя т-ра вады ў лют. 26 °C, у жн. 28 °C. Салёнасць ад 20—25 ‰ на Пн да 30—35 ‰ на Пд. Прылівы паўсутачныя (да 7,2 м). Фауна: дэльфіны Іравадзі, дзюгоні, лятучыя рыбы, рыфавыя рыбы, паруснікі і інш. Рыбалоўства. Асн. парты: Янгон, Малам’яйн (М’янма), Пхукет (Тайланд), Джорджтаўн, Келанг (Малайзія), Белаван (Інданезія).

А.​М.​Вітчанка.

т. 1, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСА́ТКА (Orcinus orca),

адзіны від роду марскіх млекакормячых сям. дэльфінаў. Пашырана ўсюды, часцей трапляецца ва ўмераных і палярных шыротах.

Даўж. да 10 м, маса да 8 т. Цела чорна-белае, кантрастнае, буйнаплямістае. Грудныя плаўнікі тупыя і шырокія, спінны плаўнік высокі (да 1,7 м у самцоў і да 1 м у самак). Зубы масіўныя, па 10—13 пар уверсе і ўнізе. Нараджае 1 дзіця раз у 3 гады. Драпежнік, корміцца рыбай, галаваногімі малюскамі, нападае на марскіх млекакормячых (дэльфіны, цюлені і інш.). Можа развіваць скорасць да 55 км/гадз. У няволі лёгка прыручаецца і абучаецца.

Э.​Р.​Самусенка.

Касатка.

т. 8, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)