БЕНГА́ЛЬСКІ АГО́НЬ (ад назвы гіст. вобл. Бенгалія ў Індыі),

піратэхнічная сумесь рэчываў, гарэнне якой адбываецца з раскідваннем зіхатлівых іскраў. Мае ў сабе нітрат барыю (акісляльнік), парашок алюмінію ці магнію, жал. ці стальныя апілкі (гаручае) і дэкстрын ці крухмал (цэментавальнік). Звычайна наносяць на метал. дрот.

т. 3, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДАНАПО́ЎНЕНЫЯ ВЫБУХО́ВЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

выбуховыя сумесі, якія маюць ад 5 да 20% вады і прыродныя (крухмал, дэкстрын і інш.) ці сінт. (солі карбаксіметылцэлюлозы, поліакрыламід) загушчальнікі. Вада памяншае адчувальнасць да знешніх уздзеянняў, магчымасць выпадковага разагрэву і небяспечнасць выкарыстання воданапоўненых выбуховых рэчываў, надае ім пластычнасць і цякучасць. Адрозніваюць акваніты (пластычныя) і акватолы (цякучыя). Захоўваюць і транспартуюць воданапоўненыя выбуховыя рэчывы ў поліэтыленавай упакоўцы, каб пазбегнуць высыхання. Выкарыстоўваюць як брызантныя выбуховыя рэчывы для ўзрыўных работ у прам-сці.

т. 4, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПА́ЛКІ,

драўляныя палачкі (саломка) з галоўкамі з запальнай масы, якія выкарыстоўваюцца для здабывання агню. Па прызначэнні адрозніваюць запалкі бытавыя, падарункавыя і спецыяльныя. Бытавыя і падарункавыя падзяляюцца на бяспечныя (загараюцца ад спец. намазкі) і сесквісульфідныя (загараюцца ад любой паверхні, не вырабляюцца з прычыны самаўзгаральнасці). Спецыяльныя падзяляюцца на сігнальныя (рознакаляровае полымя), паляўнічыя, ветравыя, тэрмічныя, водаўстойлівыя, фатаграфічныя (замяняюць магній пры фатаграфаванні).

Асн. сыравіна для запалак — драўніна асіны, вольхі і інш. На галоўкі запалак ідуць (запальная маса): берталетава соль — 53%, шкло молатае — 13,3, клей касцявы — 12, сурык жалезны — 7, сера — 5,5, бялілы цынкавыя — 6, піралюзіт — 1,5, хромпік каліевы — 1,4, гумітрагант — 0,3%. Матэрыялы для намазкі карабка (фосфарная маса): фосфар чырвоны — 42%, антыманіт — 30, дэкстрын — 5, піралюзіт — 2, шкло молатае — 2, мел — 3%. Гл. таксама Запалкавая вытворчасць.

т. 6, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)