Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАРАТЫ́ЎНЫ ЖЫ́ВАПІС,
жывапіс, які ўваходзіць у склад арх. збудавання ці твора дэкар.-прыкладнога мастацтва, не мае самастойнага ідэйна-вобразнага значэння і прызначаны для аздаблення або акцэнтавання канструкцыі ці функцыі прадмета. Як і манументальны жывапіс выконваецца ў выглядзе мазаікі, пано, размалёўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЯРОВАСЛАІ́СТЫ ПЛА́СТЫКдэкаратыўны,
ліставы абліцовачны матэрыял. Таўшчыня 1—3 мм. Мае каляровы верхні слой, які звычайна імітуе каштоўныя пароды дрэў. Вызначаецца высокай трываласцю і ўстойлівасцю да цеплавога і хім. ўздзеянняў. Атрымліваюць гарачым прасаваннем паперы, прамочанай тэрмарэактыўнымі палімерамі. Выкарыстоўваюць у буд-ве, вытв-сці мэблі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕТЫНА́КС,
слаісты пластык з паперы, прамочанай сінт. смоламі. Найчасцей выкарыстоўваюць фенола-фармальдэгідныя смолы, акрамя звычайнай паперы — азбеставую для вырабу азбагетынаксу і сінт. для арганагетынаксу. Мае высокую мех. трываласць, добры электраізаляцыйны матэрыял, прыдатны для працяглай эксплуатацыі пры т-рах ад -65 °C да 105 °C (азбагетынакс — да 130 °C). Выкарыстоўваюць у вытв-сці трансфарматараў, тэлефонаў, дэталей радыёапаратуры і інш.; дэкаратыўны — для абліцоўкі мэблі, інтэр’ераў суднаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАХІ́Т (ад грэч. trachys шурпаты),
эфузіўная сярэдняя горная парода, складзеная з мікралітаў і ўкрапанікаў шчолачнага палявога шпату (анартаклазу, санідзіну), плагіяклазу, амфіболу, біятыту ў вулканічным шкле. Колер белы. светла-шэры, жаўтаваты, ружаваты. Шчыльн. 2,5 г/см³. Структура парфіравая, тэкстура трахітавая са струменістым размяшчэннем крышталёў санідзіну. Эфузіўны аналаг сіеніту. Прадукт вывяржэння вулканаў, складае іх патокі, покрывы, купалы, некі і інш. Выкарыстоўваецца ў буд-ве; дэкаратыўны і вырабны камень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКАРО́Н (франц. mascaron ад італьян. mascherone вялікая маска),
дэкаратыўны рэльеф у выглядзе чалавечага твару або галавы жывёлы. Размяшчаецца пераважна на замках арак, аконных і дзвярных праёмаў, на фантанах (з адтулінай для выпуску струменя вады), а таксама на мэблі, посудзе і інш. Былі пашыраны ў архітэктуры стыляў готыкі, рэнесансу, барока, неакласіцызму і мадэрн. У арх. дэкоры часам спалучаўся з антабамі.
Маскарон у аздабленні аконнага праёма інтэрната БПА у Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЦІНА (ад братчына — калектыўнае частаванне),
пасудзіна шарападобнай ці пукатай формы, часта з нізкім паддонам і конусападобным вечкам. Выкарыстоўвалася пераважна пры святочных застоллях, на памінках і інш. На Беларусі медныя і драўляныя браціны бытавалі ў 16—18 ст. Залатыя і сярэбраныя браціны з гравіраваным ці чаканеным арнаментам вядомы ў Расіі ў 16—17 ст., медныя і драўляныя — у нар. побыце 16—19 ст. У 19—20 ст. браціна — дэкаратыўны посуд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАВЕРЦІ́Н (італьян. travertino), вапнавы туф,
лёгкая порыстая асадкавая карбанатная горная парода, нацёчныя намнажэнні кальцыту. Колер светлы, жаўтавата-шэры, буравата-шэры. Порыстасць 2—40%.
Часта мае адбіткі раслін, арган. рэшткі. Утвараецца ў выніку асаджэння карбанату кальцыю (кальцыту, араганіту) з гарачых або халодных вуглякіслых крыніц. У месцах выхаду крыніц складае тэрасы і ўзгоркі. Выкарыстоўваецца як флюсавы матэрыял, абліцовачны і дэкаратыўны камень, таксама для вытв-сці цэменту, вапны, карбіду кальцыю. Радовішчы ў Італіі, Арменіі, Азербайджане, Таджыкістане, Расіі, на Украіне і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКА́НТу архітэктуры,
арнаментальна-дэкаратыўны элемент аздаблення фасадаў і інтэр’ераў будынкаў і збудаванняў у выглядзе аканта (расліна, пашыраная ў Міжземнамор’і). Вядомы з антычнасці. Характэрны для зах.-еўрап., у т. л. беларускай, архітэктуры рэнесансу, барока, класіцызму. Арнамент з асобных зубчастых лістоў аканта аздабляў кансолі і дэнтыкулы, з сабраных у пучок у форме чашы — карынфскія і кампазітныя капітэлі; бягучы бесперапынны арнамент з аканта выкарыстоўваўся ў фрызах, спіралепадобны — у круглых разетках і медальёнах.
Матыў аканта ў аздабленні інтэр’ера касцёла ў в. Міхалішкі Астравецкага раёна Гродзенскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАХРАЗІ́Т (ад грэч. rhodon ружа + chrōsis афарбоўка), марганцавы шпат,
мінерал класа карбанатаў, карбанат марганцу, MnCO3. Мае ў сабе аксід марганцу (да 61,7%), прымесі жалеза, магнію, кальцыю і інш. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Утварае зярністыя, ныркападобныя агрэгаты, Зямлістыя масы, ромбаэдрычныя крышталі. Колер ружовы, шаравата-белы, зеленавата-шэры. Паўпразрысты, зрэдку да празрыстага. Бляск шкляны з перламутравым адлівам. Цв. 3,5—4. Шчыльнасць 3,7 г/см³. Крохкі. Паходжанне асадкавае, гідратэрмальнае, кантактава-метасаматычнае. Выкарыстоўваецца як дэкаратыўны і ювелірна-вырабны (празрысты) камень. Уваходзіць у састаў марганцавых руд.