Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭГАЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + газ),
1) Д. атрутных рэчываў — зніжэнне да дапушчальных норм ступені заражанасці стойкімі атрутнымі рэчывамі мясцовасці, вады, тэхнікі і інш. аб’ектаў. Ажыццяўляюць фіз. і хім. спосабамі. Праводзяць з дапамогай спец. тэхн. сродкаў — прылад, дэгазацыйных машын і інш. для прадухілення ўздзеяння атрутных рэчываў на чалавека і жывёл.
Як паняцце Д. ўзнікла ў перыяд 1-й сусв. вайны, калі пачалі выкарыстоўваць газападобныя атрутныя рэчывы. Фіз. спосабы Д. — выдаленне атрутных рэчываў выпарэннем, змываннем арган. растваральнікамі ці воднымі растворамі паверхнева-актыўных рэчываў, адсорбцый, зразаннем заражанага слоя глебы (снегу), а таксама засыпаннем заражанай паверхні інертнымі матэрыяламі (напр., пяском, шлакам). Найб. эфектыўныя хім. спосабы Д., якія заснаваны на абясшкоджванні атрутных рэчываў з дапамогай дэгазавальных рэчываў. Эфектыўная таксама Д. мыццём з выкарыстаннем мыйных сродкаў і карбанату натрыю (кальцыніраванай соды). Пры Д. скурнага покрыва чалавека карыстаюцца універсальнымі дэгазавальнымі растворамі, якія ўваходзяць у камплект індывід. хім. пакета.
2) Д. ў металургіі — выдаленне газаў з вадкага металу. Найб. эфектыўнае вакуумаванне (гл. Вакуумная металургія), таксама Д. адбываецца ў працэсе плаўкі, разліўкі, кіпення, перамешвання, адстойвання металу і інш. 3) Д. ўгорнай справе — выдаленне руднічных газаў з падземных горных вырабатак. Ажыццяўляецца бурэннем свідравін у масіве горных парод, адсмоктваннем газаў з вял. колькасцю метану і інш.
А.П.Чарнякова.
т. 6, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ... (лац. de...), прыстаўка, якая абазначае: 1) аддзяленне, выдаленне, адмену, спыненне чаго-н. або адваротнае дзеянне, напр., дэгазацыя, дэмабілізацыя; 2) рух уніз, паніжэнне, спад, напр., дэградацыя, дэвальвацыя.
т. 6, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНАЯ МЕТАЛУРГІ́Я,
металургія, у якой атрыманне металаў і сплаваў, наданне ім патрэбных уласцівасцяў заснавана на выкарыстанні вакууму. Пры выплаўцы і тэрмічнай апрацоўцы ў вакууме адсутнічае шкоднае ўзаемадзеянне металаў з газамі навакольнага асяроддзя, лепш праходзяць дэгазацыя, раскісленне і рафінаванне металаў, іншыя тэхнал. працэсы. Вакуумная металургія дае магчымасць атрымліваць высакаякасныя металы і сплавы, у т. л. рэакцыйна-актыўныя і тугаплаўкія, выплаўляць спец. сплавы. Метады вакуумнай металургіі выкарыстоўваюцца пры рафінаванні металаў, іх вакуумна-дугавым пераплаве, у працэсах вакуумавання сталі, вакуумнай плаўкі, вакуумнага ліцця, нанясення вакуумных пакрыццяў.
т. 3, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)