Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІМПІ́ЙСКАЯ СІМВО́ЛІКА,
сістэма атрыбутаў, агульных для ўсяго алімпійскага руху. Уключае алімпійскі сімвал, дэвіз (разам складаюць алімпійскую эмблему) і сцяг. Алімпійскі сімвал — 5 пераплеценых кольцаў блакітнага, чорнага, чырвонага, жоўтага і зялёнага колераў — аб’яднанне ў алімпійскім руху пяці кантынентаў. Алімпійскі дэвіз — «Citius, altius, fortius» («Хутчэй, вышэй, мацней»), Існуюць таксама неафіц. дэвізы (сфармуляваны П. дэ Кубертэнам): «Спорт — гэта мір», «Галоўнае не перамагчы, галоўнае — удзельнічаць». Алімпійскі сімвал і дэвіз зацверджаны Міжнародным алімпійскім камітэтам (МАК) у 1913. Ён жа зацвердзіў іх у 1920 як часткі афіц. алімпійскай эмблемы, права выкарыстоўваць яе маюць толькі МАК і нац. алімпійскія к-ты. Алімпійскі сцяг — белае палотнішча з алімпійскім сімвалам у цэнтры; зацверджаны МАК у 1913. Вывешваецца на алімпійскіх спаборніцтвах з 1920. Спалучэнне колераў сцяга і алімпійскіх кольцаў сімвалізуе колеры ўсіх нацый. Да алімпійскай сімволікі адносяцца таксама афіц. эмблемы нац. алімпійскіх к-таў (спалучаюць алімпійскі сімвал з элементамі дзярж. геральдыкі), Алімпійскіх гульняў, сесій, кангрэсаў, т.зв. спадарожныя алімпійскія сімвалы (талісманы гульняў, піктаграмы, тэрміны-надпісы і інш.). Выкарыстанне алімпійскай сімволікі ў рэкламных і камерцыйных мэтах, не звязаных з алімпійскім рухам, забаронена алімпійскай хартыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ КАМІТЭ́Т «ДЗЕ́ЦІ ЧАРНО́БЫЛЯ»,
незалежная няўрадавая гуманіт.арг-цыя. Створана ў 1989 пры аргкамітэце БНФ, з 1990 незалежная арг-цыя. Гал. кірунак дзейнасці — прафілактыка захворванняў дзяцей-чарнобыльцаў. З гэтай мэтай арганізавана іх аздараўленне на спец. базах, дзе спецыялісты кансультацыйна-дыягнастычнай лабараторыі к-та праводзяць паглыбленае абследаванне. К-там створаны таксама лабараторыі радыелагічнай бяспекі (вырошчванне экалагічна чыстай прадукцыі на забруджаных землях) і сац.-псіхал. рэабілітацыі. Праводзіць сімпозіумы, семінары, канферэнцыі, «круглыя сталы», па матэрыялах якіх выдае зборнікі, памяткі для насельніцтва. Удзельнічае ў міжнар. чарнобыльскіх акцыях, быў арганізатарам на Беларусі Міжнар. маршу «За бяз’ядзерны свет — 1995». Мае абласныя арг-цыі, мінскую гар. і некалькі раённых. Дэвізк-та «Здаровыя дзеці — здаровая нацыя».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭ́ЙДЗІ ІСІ́Н,
«Рэстаўрацыя Мэйдзі», буржуазная рэвалюцыя ў Японіі ў 1867—68. З’явілася вынікам сац.-эканам. крызісу ў Японіі ў 1-й пал. 19 ст., пасля прымусовага «адкрыцця» краіны замежнымі дзяржавамі. Ажыццяўлялася ў выглядзе руху за аднаўленне ўлады імператара і скасавання ўлады сёгунаў з дома Такугава. Рух М.і. узначалілі самураіпаўд.-зах. княстваў, якія выступалі за перабудову Японіі на аснове дасягненняў еўрап. культуры і тэхнікі. 3.1.1868 яны абвясцілі пра скасаванне сёгуната і перадачу ўсёй улады імператару Муцухіта (дэвіз яго кіравання «Мэйдзі» — «Асвячонае кіраванне», адсюль назва). У маі 1868 сёгун Кэйкі капітуляваў, а войскі імператара занялі сталіцу Эда (з 1868 Токіо). У 1870—80-я г. ажыццёўлены шэраг сац.-эканам. пераўтварэнняў, якія ліквідавалі феад. сістэму і спрыялі развіццю капіталіст. адносін: ліквідаваны рамесныя цэхі (1868), скасавана саслоўная сістэма (1872), абвешчана свабодная купля-продаж зямлі (1872) і інш.
Літ.:
Лещенко Н.Ф. «Революция Мэйдзи» в работах японских историков-марксистов. М., 1984.