Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭБА́Я ЗАКО́Н,
палажэнне, паводле якога цеплаёмістасць Cvкрышт. рашоткі аднаатамных цвёрдых цел пры нізкіх тэмпературах прапарцыянальная кубу абсалютнай тэмпературы T. Выведзены П.Дэбаем. Д.з. мае выгляд
, дзе R — універсальная газавая пастаянная, θ — т-раДэбая, што вызначае тэмпературную мяжу, ніжэй якой становяцца істотнымі квантавыя эфекты.
Літ.:
Федоров Ф.И. Теория упругих волн в кристаллах. М., 1965. С. 352—366.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭБА́Я—ШЭ́РЭРА МЕ́ТАД,
метад даследаванняў полікрышталічных матэрыялаў з дапамогай дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў. Прапанаваны П.Дэбаем і швейц. фізікам П.Шэрэрам (1916). Выкарыстоўваецца ў рэнтгенаўскім структурным аналізе для вымярэнняў параметраў элементарнай ячэйкі крышталёў, фазавага аналізу полікрышт. матэрыялаў і інш.
У Д.—Ш.м. тонкі пучок монахраматычных рэнтгенаўскіх прамянёў накіроўваецца на ўзор, які рассейвае выпрамяненне ўздоўж утваральных сувосевых конусаў (рассеянне адбываецца на крышталіках, для якіх выконваецца Брэга—Вульфа ўмова). Пры раўнамерным вярчэнні ўзору вакол восі, перпендыкулярнай першаснаму пучку выпрамянення, усе крышталікі ўводзяцца ў адбівальнае становішча. Рассеянае выпрамяненне рэгіструецца на фотаплёнцы ў цыліндрычнай (дэбаеўскай) рэнтгенаўскай камеры або з дапамогай рэнтгенаўскага дыфрактометра.
М.М.Аляхновіч.
Схема здымка рэнтгенаграмы паводле Дэбая—Шэрэра метаду: 1 — рэнтгенаўская трубка; 2 — монахраматычнае рэнтгенаўскае выпрамяненне; 3 — дыяфрагма; 4 — крышталь; 5 — фотаплёнка; 6 — след дыфрагаваных прамянёў; O — след прамянёў, што прайшлі крышталь навылёт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭБА́Й (Debye) Петэр Іозеф Вільгельм (24.3.1884, г. Маастрыхт, Нідэрланды — 2.11.1966),
галандскі фізік і хімік, адзін са стваральнікаў тэорыі цвёрдага цела. Замежны чл.АНСССР (1924) і інш. акадэмій. Скончыў Мюнхенскі ун-т (1910). З 1911 праф. ун-таў Швейцарыі і Германіі, у 1934—39 дырэктар Ін-та фізікі кайзера Вільгельма (Берлін), у 1940—50 праф. Корнелскага ун-та (ЗША). Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела, тэорыі будовы малекул і квантавай тэорыі атама. Пабудаваў мадэль цвёрдага цела (1912), устанавіў залежнасць цеплаёмістасці крышталёў ад т-ры (гл.Дэбая закон). Распрацаваў дыпольную тэорыю дыэлектрыкаў, прапанаваў рэнтгенаўскі метад даследавання дробнакрышт. матэрыялаў (гл.Дэбая—Шэрэра метад). Нобелеўская прэмія 1936.
Літ.:
Гельфер Я.М. История и методология термодинамики и статистической физики. 2 изд. М., 1981. С. 486—491.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНТГЕНАГРА́МА,
зарэгістраваны на спец. фотаплёнцы (фотапласцінцы) відарыс аб’екта, што ўзнікае ў выніку ўзаемадзеяння яго з рэнтгенаўскім выпрамяненнем. Пры такім узаемадзеянні адбываецца паглынанне, адбіццё ці дыфракцыя рэнтгенаўскіх прамянёў. Прасторавае размеркаванне інтэнсіўнасці выпрамянення фіксуецца на фотаматэрыяле і адлюстроўвае будову аб’екта.
Абсарбцыйная Р. рэгіструе «ценявы» відарыс аб’екта, які ўзнікае з-за неаднолькавасці паглынання рэнтгенаўскага выпрамянення рознымі ўчасткамі аб’екта. Выкарыстоўваецца ў медыцыне, біялогіі, дэфектаскапіі і рэнтгенаўскай мікраскапіі. Дыфракцыйныя Р. атрымліваюць у рэнтгенаўскіх камерах і рэгіструюць дыфракцыйнае рассеянне выпрамянення крышт. ўзорамі (гл.Дэбая—Шэрэра метад, Лаўэ метад). Выкарыстоўваюцца для рашэння задач рэнтгенаструктурнага аналізу, рэнтгенаграфіі матэрыялаў, рэнтгенаўскай тапаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНТГЕНАГРА́ФІЯ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ,
сукупнасць метадаў даследаванняў будовы крышталічных і аморфных рэчываў, заснаваных на вывучэнні дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў.
Для мэт Р.м. карыстаюцца ў асн. характарыстычным рэнтгенаўскім выпрамяненнем (гл.Рэнтгенаўская спектраскапія); дыфракцыйныя карціны рэгіструюцца фатагр. метадам (гл.Рэнтгенаграма) або з дапамогай лічыльнікаў іанізавальных выпрамяненняў. Рэнтгенаграфічнымі метадамі даследуюць узоры пры іх награванні і ахаладжэнні, ва ўмовах вакууму і высокага ціску, раўнаважныя і нераўнаважныя станы матэрыялаў, вывучаюць іх структуру, фазавы састаў і яго змены, будуюць фазавыя дыяграмы, даследуюць станы дэфармаваных (ці падвергнутых інш. уздзеянням) матэрыялаў, працэсы ўпарадкавання з’явы бліжэйшага парадку. Гл. таксама Дэбая—Шэрэра метад, Лаўэ метад.
сукупнасць метадаў даследавання атамнай структуры рэчыва з дапамогай дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў. Па дыфракцыйнай карціне вызначаюць размеркаванне электроннай шчыльнасці рэчыва, а па ёй — род атамаў і іх узаемнае размяшчэнне.
Для крышталічных матэрыялаў Р.а. дазваляе ўстанавіць каардынаты атамаў з дакладнасцю 0,01—0,1 нм, вызначыць характарыстыкі іх цеплавых ваганняў. Дыфракцыйная карціна залежыць ад атамнай будовы доследнага аб’екта, характару і даўжыні хвалі рэнтгенаўскага выпрамянення. Найб. распаўсюджаныя метады Р.а. — Лаўэ метад, Дэбая—Шэрэра метад. З дапамогай Р.а. даследуюцца структуры крышталёў, вадкасцей, бялковых малекул, вырашаюцца пытанні фізікі цвёрдага цела: прэцызійнае вызначэнне формы і памераў элементарнай ячэйкі, вывучэнне тэкстуры матэрыялаў, вызначэнне фазавага складу рэчываў па размяшчэнні і інтэнсіўнасцях ліній на рэнтгенаграмах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРАЎНЕ́ННЕ СТА́НУ,
ураўненне, якое звязвае ціск (p) шчыльнасць (ρ) і тэмпературу (T) аднароднага рэчыва ў стане раўнавагі тэрмадынамічнай. Вызначаецца эксперыментальна ці тэарэтычна (метадамі статыстычнай фізікі). З-за складанасці ўліку ўзаемадзеяння паміж часціцамі У.с. вядомы толькі для найпрасцейшых сістэм.
Газы з мізэрна малой шчыльнасцю падпарадкоўваюцца Клапейрона—Мендзялеева ўраўненню. Пры ўліку міжмалекулярнага ўзаемадзеяння атрымліваецца т.зв. вірыяльнае У.с. ў выглядзе раду па ступенях шчыльнасці: p = ρRT (1 + aρ + b2ρ + ...), дзе R — універсальная газавая пастаянная, a і b — вірыяльныя каэфіцыенты. Для газаў павышаных шчыльнасцей выкарыстоўваюць Ван-дэр-Ваальса ўраўненне (дастасоўваецца і для прыбліжанага апісання двухфазных сістэм газ — вадкасць). Тэорыя вадкіх станаў распрацавана слаба. З дапамогай мадэліравання атрымліваюць У.с. цвёрдых цел (найб. пашыраны мадэлі Дэбая і Мі-Грунайзена).
Літ.:
Мейсон Э., Сперлинг Т. Вириальное уравнение состояния: Пер. с англ.М., 1972;
Рид Р., Праусниц Дж., Шервуд Т. Свойства газов и жидкостей: Пер. с англ. 3 изд. Л., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФРА́КЦЫЯ РЭНТГЕ́НАЎСКІХ ПРАМЯНЁЎ,
з’ява, што выяўляецца пры пругкім рассеянні рэнтгенаўскіх прамянёў крышталямі (або малекуламі вадкасцей і газаў), пры якім з першаснага пучка прамянёў узнікаюць другасныя адхіленыя пучкі той жа даўжыні хвалі.
Д.р.п. эксперыментальна выяўлена ням. фізікамі М.Лаўэ, В.Фрыдрыхам і П.Кніпінгам (1912) як доказ хвалевай прыроды рэнтгенаўскіх прамянёў. Крышталь з’яўляецца натуральнай трохмернай дыфракцыйнай рашоткай (адлегласці паміж атамамі аднаго парадку з даўжынёй хвалі λ); напрамак дыфракцыйных максімумаў у агульным выпадку падпарадкоўваецца ўмовам Лаўэ: a(cosα − cosα0) = hλ, b(cosβ − cosβ0) = kλ, c(cosγ − cosγ0) = lλ, дзе a, b, c — памеры крышт. рашоткі, α0, β0, γ0 — вуглы, што ўтварае падаючы прамень, α, β, γ — рассеяны прамень з восямі крышталя, h, k, l — цэлыя лікі (індэксы Мілера). Дыфракцыйную карціну назіраюць на нерухомым крышталі з выкарыстаннем поліхраматычнага выпрамянення (Лаўэ метад), пры вярчэнні або ваганнях крышталя, а таксама на полікрышталях пры асвятленні монахраматычным выпрамяненнем (гл.Дэбая—Шэрэра метад). Д.р.п. выкарыстоўваецца для даследаванняў атамнай структуры рэчыва, рашэння задач матэрыялазнаўства, у рэнтгенаўскай спектраскапіі. Гл. таксама Рэнтгенаўскі структурны аналіз, Рэнтгенаграфія матэрыялаў.
Літ.:
Иверонова В.И., Ревкевич Г.П. Теория рассеяния рентгеновских лучей. 2 изд. М., 1978.