КАСІТЭРЫ́Т (ад грэч. kassiteros волава),

алавяны камень, мінерал класа аксідаў, дыяксід волава SnO2. Мае прымесі жалеза, ніобію, танталу, тытану, вальфраму, селену і інш. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі дыпірамідальныя, слупкаватыя, ігольчастыя. Агрэгаты зярністыя, радыяльна-прамянёвыя. Колер карычневы розных адценняў, чорны, шэры. Бляск алмазны. Цв. 6—7. Шчыльн. каля 7 г/см³. Радовішчы гідратэрмальныя, грэйзенавыя, пегматытавыя, россыпныя. Важнейшая алавяная руда.

У.​Я.​Бардон.

Касітэрыт.

т. 8, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУГЛЯРО́ДУ ДЫАКСІ́Д, вуглякіслы газ, вугальны ангідрыд,

прадукт поўнага акіслення вугляроду, CO2. Бясколерны газ, шчыльн. 1,98 кг/м³, пры моцным ахаладжэнні ператвараецца ў сухі лёд. Раствараецца ў вадзе (гл. Вугальная кіслата), спіртах, ацэтоне, бензоле і інш. арган. растваральніках, не гарыць. Утварае з моцнымі асновамі карбанаты. Уваходзіць у састаў атмасферы Зямлі (0,03 % па аб’ёме), крыніца вугляроду для раслін, якія засвойваюць вугляроду дыяксід пры фотасінтэзе, адзін з асн. біяхім. кампанентаў у працэсах дыхання жывёльных арганізмаў. Атрымліваюць пры абпальванні вапняку, акісленні вуглевадароднага паліва. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці соды, мачавіны, карбонавых кіслот, цукру, газіраваных напіткаў, у вогнетушыцелях, газавых лазерах. У вял. канцэнтрацыях таксічны, выклікае гіпаксію, ГДК 30 мг/м³.

т. 4, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)